Выбрать главу

Пасля абеда Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялi Бландзiну ў сад i гулялi там па чароўных прысадах, у якiх раслi раскошныя дрэвы са спелымi сакавiтымi пладамi. Набегаўшыся ды нагуляўшыся, Бландзiна нарэшце стамiлася i пайшла са сваiмi новымi сябрамi назад у палац. Там Добрая Козачка прапанавала ёй пайсцi спаць, i Бландзiна з радасцю пагадзiлася.

У спальнi яе ўжо чакалi дзве газэлi, якiя павiнны былi ёй прыслугоўваць. Яны спрытна дапамаглi ёй распрануцца, паклалi ў ложак i засталiся побач сачыць, каб нiшто не патрывожыла яе сну. У ложку Бландзiна прыгадала пра бацьку i трошкi паплакала, шкадуючы, што яго няма побач. Але неўзабаве яна моцна заснула.

Глава 6

Бландзiна прачынаецца другi раз

Бландзiна доўга спала глыбокiм сном, а калi прачнулася, ёй падалося, што яна зусiм не такая, якая была, калi засынала: яна вельмi вырасла, i думкi ў яе зрабiлiся болей дарослыя. У яе было такое ўражанне, быццам яна вельмi паразумнела. Ёй здавалася, што ў сне яна прачытала шмат розных кнiжак, шмат пiсала, малявала, спявала, грала на арфе i пiянiна.

Але пакой быў той самы, у якi яшчэ ўчора яе прывяла Добрая Козачка i ў якiм яна лягла спаць.

З хваляваннем Бландзiна ўстала з ложка i, падбегшы да люстра, сапраўды ўбачыла, што зрабiлася намнога вышэйшая i, што таксама трэба прызнаць, сто разоў прыгажэйшая, чым раней, калi засынала. Яе прыгожыя бялявыя валасы спадалi да самай падлогi, у яе быў чароўны бялюткi твар, вялiкiя блакiтныя вочы, маленькi роўненькi носiк, пунсовыя губкi, ружовыя шчочкi i вельмi стройны i зграбны стан з тонкаю талiяй. Усё гэта рабiла яе такою прыгожай, што другой такое красунi ёй нiколi яшчэ не даводзiлася бачыць.

Усхваляваная амаль да спалоху тымi зменамi, якiя ў ёй адбылiся, Бландзiна хуценька апранулася i пабегла да Добрае Козачкi, якую знайшла ў тым самым пакоi, дзе ўбачыла першы раз.

- Добрая Козачка! Добрая Козачка! - закрычала яна. - Калi ласка, растлумачце мне, як магла са мной здарыцца такая дзiўная перамена? Учора ўвечары, кладучыся спаць, я была маленькай дзяўчынкаю, а сёння ранiцай прачнулася ўжо амаль дарослай! Можа, мне гэта толькi здаецца? Цi я сапраўды так вырасла за адну ноч?

- Усё сапраўды так i ёсць, дарагая Бландзiна, - адказала ёй Добрая Козачка. - Цяпер табе ўжо чатырнаццаць гадоў, бо ты спала сем год. Мы з Катком-Вуркатком вырашылi аберагчы цябе ад першых i сама цяжкiх крокаў у вучобе (бо калi ты прыйшла да нас, ты нiчога не ўмела, нават чытаць). Таму я ўсыпiла цябе на сем год, i ўвесь гэты час мы з Катком-Вуркатком вучылi цябе i выхоўвалi ў сне. Як вiдаць па тваiх вачах, ты ўжо адчуваеш, што шмат чаго ведаеш. Хадзем жа ў твой кабiнет, i ты сама пераканаешся, што многаму навучылася.

Бландзiна пайшла за Добраю Козачкай у свой кабiнет, падбегла да пiянiна i, як толькi пачала граць, пачула, што з-пад пальцаў у яе лiецца чароўная музыка. Яна ўзяла арфу i таксама ўпэўнiлася, што грае на ёй цудоўна. Заспяваўшы, яна заўважыла ў сябе дзiвосны голас; узяўшы ў рукi алоўкi i пэндзлi, пачала маляваць, ды так добра, што ў яе малюнках адчуваўся сапраўдны талент; яна пiсала зусiм без памылак i вельмi прыгожым почыркам; а зiрнуўшы на назвы кнiг, якiя стаялi на палiцах, прыгадала, што многiя з iх ужо чытала. Здзiўленая i вельмi радая, яна кiнулася на шыю Добрае Козачцы, ласкава пацалавала Катка-Вуркатка i сказала:

- О, мае добрыя, дарагiя, мае сапраўдныя сябры! Як я вам удзячна за тое, што вы пра мяне так паклапацiлiся, шмат чаму навучылi й так добра выхавалi! Я адчуваю, што зрабiлася цяпер нашмат лепшая, i ў гэтым я абавязаная вам.

Добрая Козачка прытулiла да сабе Бландзiну, а Каток-Вуркаток ласкава лiзнуў ёй руку. Калi першая радасць прайшла, Бландзiна апусцiла вочы i сцiпла спытала:

- Мiлыя мае, добрыя сябры, вы не палiчыце мяне няўдзячнаю, калi я папрашу вас зрабiць мне яшчэ адну паслугу? Скажыце, што з маiм бацькам? Цi ён дагэтуль смуткуе без мяне? Цi быў ён хоць трошкi шчаслiвы з таго дня, калi я згубiлася ў лесе?

- Твая просьба вельмi зразумелая, дарагая Бландзiна, i мы выканаем яе, адказала Добрая Козачка. - Зiрнi ў гэтае люстра, i ў iм ты адразу ўбачыш усё, што адбылося з тваiм бацькам пасля твайго знiкнення i што з iм цяпер.

Бландзiна падняла вочы i ўбачыла ў люстры бацькаў пакой. Кароль хадзiў па iм вельмi ўсхваляваны. Здавалася, ён некага чакае. Потым да яго зайшла каралева Фур'ета i пачала расказваць, што Бландзiна, нягледзячы на ўсе ўгаворы Гурмандзiнэ, захацела сама пакiраваць страўсамi, але тыя не падпарадкавалiся ёй i пабеглi да Бэзавага лесу; там брычка перакулiлася, i Бландзiна, пераляцеўшы цераз агароджу, апынулася ў лесе; ад адчаю i жаху, Гурмандзiнэ ледзь не страцiў розум, i таму каралева адправiла яго да сваiх бацькоў. Пачуўшы гэтую навiну, кароль быў у роспачы, ён кiнуўся да Бэзавага лесу шукаць Бландзiну, i яго толькi сiлай удалося ад гэтага ўтрымаць. Яго прывялi назад у палац, i ён яшчэ доўга пакутаваў ад скрухi, увесь час клiчучы сваю мiлую дачурку. Але нарэшце ён заснуў i ў сне ўбачыў Бландзiну ў палацы ў Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Добрая Козачка супакоiла яго i сказала, што Бландзiна ў яе жыве добра i шчаслiва i аднойчы настане дзень, калi яна вернецца да свайго бацькi.

Потым люстра пацьмянела, i ўсё знiкла. А калi засвяцiлася зноў, Бландзiна зноў убачыла бацьку. Ён пастарэў, валасы ў яго пасiвелi. Ён сумна сядзеў, трымаючы ў руцэ Бландзiнiн партрэт, цалаваў яго i цiха плакаў. Ён быў адзiн, нi каралевы, нi Брунеты Бландзiна не ўбачыла. Бедная Бландзiна горка заплакала.

- Чаму мой бацька адзiн? - спытала яна. - Чаму з iм нiкога няма? Дзе каралева з маёй сястрою Брунетай?

- Каралева зусiм мала смуткавала з-за тваёй смерцi (а ўсе лiчаць, што ты памерла), i ўрэшце кароль узненавiдзеў яе за гэта i паслаў назад да ейнага бацькi, караля Баламута, якi загадаў пасадзiць яе ў вежу, дзе яна неўзабаве памерла ад нуды i шаленства. А твая сястра Брунета зрабiлася такая злая i невыносная, што летась кароль хуценька аддаў яе замуж за прынца Жарсткена, якi ўзяўся выправiць яе злы i зайздрослiвы нораў. Прынц абыходзiцца з Брунетаю вельмi жорстка, i яна пачынае ўжо разумець, што злосць не прыносiць нiякага шчасця. Таму яна патроху пачала выпраўляцца. Ты з ёю яшчэ пабачышся i сваiм узорам канчаткова выправiш яе.

Бландзiна ласкава падзякавала Добрай Козачцы за навiны i хацела спытаць, калi ж нарэшце зможа ўбачыцца са сваiм бацькам? Але падумала, што лепей для гэтага пытання пачакаць iншага выпадку. Бо цяпер Добрай Козачцы можа здацца, што яна спяшаецца пакiнуць яе, а гэта будзе няветлiва.