Цэлымi днямi Бландзiна была нечым занятая, i часу нудзiцца ў яе не было. Але зрэдку яна ўсё ж сумавала: пагутарыць яна магла толькi з Добраю Козачкай, а Добрая Козачка бывала з ёй толькi на ўроках ды падчас ежы. Каток-Вуркаток не ўмеў размаўляць i, каб Бландзiна яго разумела, усё паказваў на мiгах. I газэлi, якiя старанна прыслугоўвалi Бландзiне, таксама заўсёды маўчалi.
На шпацыр Бландзiна заўсёды хадзiла з Катком-Вуркатком, якi паказваў ёй найлепшыя прысады i найпрыгажэйшыя кветкi. Добрая Козачка ўзяла з Бландзiны слова, што яна нiколi не будзе выходзiць за агароджу парка i нiколi не захоча пайсцi пагуляць у лес. Бландзiна часта пыталася ў Добрай Козачкi, чаму ёй нельга туды схадзiць.
Але Добрая Козачка, уздыхаючы, заўсёды адказвала:
- Ах, Бландзiна, нават i не думай хадзiць у гэты лес, ён прыносiць толькi няшчасце. I я зычу, каб ты нiколi болей туды не трапiла!
Выправiўшыся на шпацыр, Бландзiна часам заходзiла ў альтанку, што стаяла на ўзгорку каля самае агароджы, за якой пачынаўся лес. Адтуль яна бачыла прыгожыя высокiя дрэвы, чароўныя кветкi, тысячы птушак, якiя спявалi, пералятаючы з галiнкi на галiнку, i нiбыта заклiкалi яе прыйсцi да iх пагуляць. "Ну чаму Добрая Козачка не хоча адпусцiць мяне пагуляць у лесе? думала яна. - Хiба мне можа там што-небудзь пагражаць, калi яна сама мяне абараняе?"
Кожны раз, як яна гэта думала, Каток-Вуркаток, здавалася, прачытваў яе думкi i, ухапiўшы яе за прыпол, адразу пачынаў цягнуць прэч з альтанкi i жаласна мяўкаў.
Тады Бландзiна ўсмiхалася i йшла за Катком-Вуркатком гуляць далей па прыгожым, але бязлюдным парку.
Глава 7
Папугай
З таго дня, як Бландзiна прачнулася ад сямiгадовага сну, прайшло амаль паўгода. Цяпер ёй здавалася, што час iдзе вельмi марудна. Яна часта ўспамiнала бацьку, i гэты ўспамiн напаўняў яе сэрца сумам. Добрая Козачка i Каток-Вуркаток, напэўна, здагадвалiся пра яе думкi. Каток-Вуркаток пачынаў жаласна мяўкаць, а Добрая Козачка глыбока ўздыхала. Бландзiна рэдка гутарыла з iмi пра тое, што яе хвалявала, - яна баялася пакрыўдзiць Добрую Козачку, бо тая i так ужо тры цi чатыры разы казала ёй: "Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку, Бландзiна. Гэта здарыцца, калi табе споўнiцца пятнаццаць гадоў. А пакуль, павер, не трэба думаць пра будучыню. I сама галоўнае - не трэба спрабаваць ад нас уцячы."
Аднойчы ранiцай Бландзiна сядзела самотная, разважаючы пра сваё незвычайнае i аднастайнае жыццё. I тут яе думкi развеялiся, бо нехта цiхутка тройчы пастукаў у шыбу. Яна падняла галаву i ўбачыла прыгожага зялёнага папугая з аранжавымi шыйкаю i грудзiнкай. Здзiвiўшыся нечаканаму незнаёмцу, Бландзiна адчынiла акно i ўпусцiла Папугая ў пакой. I здзiвiлася яшчэ болей, калi птушка загаварыла танюткiм траскучым галаском.
- Дзень добры, Бландзiна. Я ведаю, што ты часта сумуеш, бо табе няма з кiм пагутарыць. Вось я i прыляцеў пагаварыць з табою. Але, калi ласка, не кажы нiкому, што ты мяне бачыла, iначай Добрая Козачка скруцiць мне шыю.
- Ды ну, што ты, мiлы Папугай, - адказала Бландзiна. - Добрая Козачка нiкому не робiць лiха. Яна не любiць толькi злыдняў ды злоснiкаў.
- Не, Бландзiна, калi ты не паабяцаеш, што нiчога не будзеш расказваць пра мяне Катку-Вуркатку i Добрай Козачцы, то я зараз жа палячу адсюль i нiколi больш не вярнуся.
- Ну добра, мiлы Папугай, калi ты ўжо так гэтага хочаш, я абяцаю. Давай трошкi пагутарым: я ўжо так даўно нi з кiм не гаварыла! Мне здаецца, што ты вельмi вясёлы i вельмi дасцiпны. I я ўпэўненая, што ты чым-небудзь мяне пазабавiш.
I Бландзiна пачала слухаць Папугаевы байкi, а той, як умеў, узяўся расхвальваць Бландзiну за яе прыгажосць, яе таленты i вялiкi розум. Бландзiна была зачараваная. Калi прайшла гадзiна, Папугай паляцеў i паабяцаў вярнуцца назаўтра. Так ён прылятаў яшчэ некалькi дзён запар i кожны раз расхвальваў Бландзiну i цешыў яе рознымi байкамi. I вось аднойчы ранкам ён пастукаўся ў шыбу i сказаў:
- Бландзiна, Бландзiна, адчыняй хутчэй, я прынёс табе вестку ад твайго бацькi. Толькi, калi ласка, не шумi, калi не хочаш, каб мне скруцiлi шыю.
Бландзiна хуценька адчынiла акно i спытала:
- Няўжо ты сапраўды прынёс мне навiны ад майго бацькi? Кажы хутчэй: што з iм i як ён?
- З тваiм бацькам усё добра, Бландзiна, - адказаў Папугай. - Але ён вельмi журыцца, што цябе няма побач. Я паабяцаў яму зрабiць усё, што ў маёй невялiкай сiле, каб вызвалiць цябе з твайго вязення. Але я змагу зрабiць гэта, толькi калi ты мне дапаможаш.
- З майго вязення? - здзiвiлася Бландзiна. - Дык ты проста не ведаеш, што Добрая Козачка i Каток-Вуркаток са мной заўсёды вельмi добрыя i ласкавыя i вельмi клапацяцца пра маё выхаванне! Яны вельмi ўзрадавалiся б, каб у iх была магчымасць вярнуць мяне майму бацьку. Мiлы Папугай, калi ласка, хадзi са мной, i я пазнаёмлю цябе з Добрай Козачкай.
- Ах, Бландзiна, - адказаў Папугай сваiм траскучым галаском, - ты не ведаеш яшчэ Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Яны ненавiдзяць мяне, бо мне ўжо некалькi разоў удавалася ратаваць iхнiх ахвяраў. Нiколi табе не ўбачыць свайго бацькi, Бландзiна, i нiколi не выйсцi з гэтага леса, калi ты сама не здымеш таго талiсмана, якi цябе тут трымае.
- Якога талiсмана? - зноў здзiвiлася Бландзiна. - Я нiякага талiсмана не ведаю. Дый якая карысць Добрай Козачцы i Катку-Вуркатку трымаць мяне тут у палоне?
- А тая карысць, Бландзiна, што iм тут сумна жыць у адзiноце. Што ж да талiсмана, дык гэта звычайная Ружа. Калi ты яе сарвеш, яна вызвалiць цябе з твайго вязення, i ты зноў апынешся ў абдымках у свайго бацькi.
- Але ж у садзе няма нiводнае Ружы... Як жа мне яе сарваць?
- Прыйдзе дзень, i я скажу табе гэта. Але сёння мне болей нельга з табою гутарыць: хутка сюды прыйдзе Добрая Козачка. Але каб ты магла пераканацца ў цудадзейнай якасцi Ружы, спытай пра яе ў Добрае Козачкi, i ты ўбачыш, якi ў яе будзе выгляд. А цяпер - да заўтра, Бландзiна, да заўтра.
I Папугай паляцеў задаволены, што яму ўдалося закiнуць у душу Бландзiне першыя зярняткi няўдзячнасцi i непаслушэнства.
Як толькi Папугай знiк, у пакой увайшла Добрая Козачка. Было вiдаць, што яна вельмi ўсхваляваная.
- З кiм гэта ты тут гутарыла? - спытала яна, насцярожана пазiраючы на расчыненае акно.
- Нi з кiм, панi, - адказала Бландзiна.