Выбрать главу

Разалi ела так, што было адразу вiдаць, што напярэдаднi яна была галодная цэлы дзень. Пасля снедання прынц павёў яе ў сад i паказаў свае цудоўныя шклярнiцы. У адной шклярнiцы, у самае глыбiнi была маленькая альтанка, абвiтая прыгожымi кветкамi, а пасярод альтанкi стаяў вялiкi вазон, у якiм расло, напэўна, нейкае дрэўца, але яго было не вiдаць, бо з усiх бакоў яго закрывала шчыльная тканiна. Скрозь покрыва можна было ўбачыць толькi, як нешта ўсярэдзiне незвычайна блiшчыць.

Глава 4

Дрэўца з альтанкi

Разалi доўга любавалася на розныя кветкi i думала, што зараз прынц здыме покрыва i пакажа ёй таямнiчае дрэўца, але ён пайшоў са шклярнiцы, нават не загаварыўшы пра яго з Разалi.

- Скажыце, прынц, - спыталася тады сама дзяўчына. - А што гэта за дрэўца там пад покрывам?

- Гэта вясельны падарунак, якi я падрыхтаваў для вас, - вясёла адказаў прынц. - Але пакуль вам не споўнiцца пятнаццаць гадоў, вы не павiнны яго бачыць.

- А што там такое блiшчыць пад тканiнай? - зноў спытала Разалi.

- Вы даведаецеся пра гэта праз некалькi дзён. I я спадзяюся, што гэты мой падарунак акажацца для вас нечаканым i зусiм не звычайным.

- А цi не магу я ўбачыць яго раней?

- Не, Разалi. Каралева феяў забаранiла мне паказваць яго вам, iначай здарыцца вялiкае няшчасце. Але я спадзяюся, што вы досыць мяне кахаеце, каб на некалькi дзён утрымаць сваю цiкаўнасць.

Апошнiя словы прымусiлi Разалi ўздрыгануцца. Яна зноў успомнiла пра шэрую Мыш i няшчасцi, якiя пагражалi ёй i яе бацьку, калi яна зноў саступiць спакусам Мярзотнае варажбiткi. Яна болей не згадвала пра таямнiчае дрэва i пайшла з прынцам далей.

Увесь дзень прайшоў вельмi вясёла. Прынц пазнаёмiў Разалi з прыдворнымi панямi i сказаў iм, каб яны паважалi Разалi, як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалi была з усiмi вельмi прыязная, i прыдворныя радавалiся, што хутка ў iх будзе такая добрая каралева. Назаўтра i ў наступныя днi былi наладжаны шумныя балi, паляваннi ды вясёлыя прагулкi, i прынц з Разалi шчаслiва чакалi ўжо блiзкага Разалiнага дня нараджэння, якi адначасова павiнен быў стаць днём iх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмi кахаў Разалi, а Разалi - таму, што вельмi кахала прынца, i таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ i таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакiдала яе нi на хвiлiну, i нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калi ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялiкага намагання стрымлiваць сябе, каб не пайсцi ў шклярнiцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.

Нарэшце апошнi дзень чакання настаў: назаўтра Разалi павiнна было споўнiцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмi заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасiў усiх чараўнiц з акругi i саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалi засталася адна. Яна пайшла пагуляць i так, iдучы па дарожцы i думаючы пра свой шчаслiвы заўтрашнi дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усмiхаючыся, у задуменнi яна ўвайшла ў шклярнiцу - i раптам заўважыла, што стаiць якраз перад вялiкiм вазонам, у якiм пад покрывам хаваецца скарб.

- Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое, - сказала яна сабе. - Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта i сёння... бо ў гэтым покрыве такiя дзiркi, што я магу спакойна прасунуць у iх некалькi пальцаў... а калi потым крыху пацягнуць... Нiхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкi пагляджу i папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зiрнуць ужо сёння?..

Яна паглядзела вакол, але нiкога не ўбачыла. I тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: i пра добрага прынца, i пра небяспеку, якая яе чакала, - адчуваючы толькi пякучае жаданне задаволiць сваю цiкаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзiрку i цiхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, i здзiўленая Разалi ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лiсце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамi, i кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага каменя: дыяменту, рубiну, перлу, сапфiру, апалу, тапазу... - i ўсе яны пералiвалiся рознымi колерамi. Такi бляск асляпiў Разалi. Але толькi яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалi ачнулася ад свайго захаплення i адчула, як нейкая неадольная сiла падняла яе над зямлёй i панесла ў поле. Адтуль Разалi ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, i з-пад абломкаў пачулiся страшныя стогны. Праз iмгненне з руiн выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зiрнуўшы на Разалi, ён сказаў:

- Ах, Разалi, няўдзячная Разалi! Бачыш, што ты зрабiла са мной i з маiм палацам. Цяпер, калi ты гэта ўтварыла, я не сумняваюся, што i трэцi раз ты саступiш сваёй цiкаўнасцi i асудзiш на вялiкае гора i мяне, i сябе, i свайго бацьку. Бывай, Разалi, i няхай пакаянне акупiць тваю няўдзячнасць да няшчаснага прынца, якi цябе так кахаў i хацеў табе толькi дабра!

З гэтымi словамi ён пайшоў прэч. А Разалi кiнулася на каленi i, залiваючыся слязьмi, пачала клiкаць, прасiць, але прынц знiк з вачэй, так нi разу i не азiрнуўшыся, каб убачыць Разалiну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страцiць прытомнасць, калi раптам зусiм побач пачула прарэзлiвы смех шэрае Мышы.

- Падзякуй мне, Разалi, - сказала Мыш. - Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца i прагрызла дзiркi ў покрыве, каб пад яго можна было зазiрнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хiтрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страцiла б i цябе, i твайго бацьку, i Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькi раз, i вы ўсе назаўжды зробiцеся маiмi рабамi.

Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалi, але яе здзеклiвыя словы зусiм не раззлавалi дзяўчынку.

"Гэта я ва ўсiм вiнаватая, - падумала Разалi. - Каб не мая злачынная цiкаўнасць, Мышы нiколi не ўдалося б прымусiць мяне зрабiць такi дрэнны ўчынак. Я павiнна выправiць яго сваiмi пакутамi, сваiм цярпеннем i нязломнаю волей. Я павiнна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно нi было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькi гадзiн. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё i бацькава шчасце".

Падумаўшы гэтак, Разалi вырашыла стаяць на месцы i больш нiкуды адсюль не iсцi. I колькi Мыш нi старалася, яна так i засталася каля разбуранага палаца.