Глава 5
Куфэрак
Так прайшоў увесь дзень. Разалi страшна хацелася пiць, але яна казала сабе:
- Не, я павiнна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусiла пакутаваць бацьку i прынца. I пакуль мне не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я нiкуды адсюль не пайду.
Пачынала цямнець, калi на дарозе з'явiлася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкi i папрасiла:
- Маё мiлае дзiцятка, цi не зробiце вы мне такую паслугу i цi не даглядзiце за маiм куфэркам? А то ён такi цяжкi, а мне яшчэ трэба зайсцi да адной сваячанiцы тут непадалёку.
Разалi была дзяўчынка спагадлiвая, i таму адказала:
- Калi ласка, бабулька, пакiдайце куфэрак, я за iм дагляджу.
Старая кабета падала ёй куфэрак i сказала:
- Дзякуй, маё мiлае дзiцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка i не глядзiце, што ў iм, бо там такое... такое, чаго вы не бачылi i нiколi не ўбачыце... Трымайце яго вельмi асцярожна i не стукнiце, калi захочаце паставiць на зямлю, бо ён вельмi нетрывалы i можа разламацца... I тады вы ўбачыце, што ў iм ляжыць... А гэтага нiхто не павiнен бачыць!
Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалi акуратна паставiла куфэрак побач з сабой на зямлю i пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусiм сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалi скiнула вокам на куфэрак i са здзiўленнем убачыла, што зямля вакол яго свецiцца.
"Што гэта за святло iдзе з гэтага куфэрка?" - падумала яна.
Яна ўзяла куфэрак у рукi, пакруцiла яго, агледзеўшы з усiх бакоў, але так i не зразумела, ад чаго iдзе такi незвычайны бляск. Тады яна паклала яго зноў на зямлю i сказала:
- Якая рознiца, што ў iм ляжыць? Ён жа не мой, а той бабулькi, якая мне яго даручыла. Не буду болей пра яго думаць, а то мне захочацца яго адчынiць.
I яна сапраўды перастала на яго глядзець i нават пастаралася болей пра яго не думаць. Заплюшчыўшы вочы, яна вырашыла чакаць новага дня.
- Калi настане дзень i мне споўнiцца пятнаццаць гадоў, я зноў убачу Чароўнага прынца i бацьку, i мне болей не трэба будзе баяцца нягоднае варажбiткi.
У тую ж хвiлiну Разалi пачула танюткi Мышыны галасок, якi насмешлiва вiскнуў:
- Разалi! Разалi, я тут! Я болей табе не вораг. Каб давесцi гэта, я нават магу, калi хочаш, паказаць табе, што ў гэтым куфэрку!
Разалi нiчога не адказала.
- Разалi, ты што - не чуеш, што я сказала? - зноў завiшчала Мыш. - Я твой сябар! Калi ласка, павер!
Але дзяўчына маўчала.
Тады Мыш, якой трэба было спяшацца, кiнулася на куфэрак i пачала грызцi ў яго вечка.
- Ах ты нягоднiца! - крыкнула Разалi, выдзiраючы куфэрак у Мышы i прыцiскаючы яго да грудзей. - Калi ты хоць раз яшчэ да яго дакранешся, я зараз жа скручу табе галаву!
Мыш злосна зiрнула на Разалi, але ўгнявiць яе пабаялася. Пакуль яна прыдумляла, як бы распалiць Разалiну цiкаўнасць, гадзiннiк прабiў паўночы. У тое ж iмгненне Мыш страшна завiшчала i крыкнула:
- Усё, Разалi, твой дзень нараджэння настаў! Цяпер табе споўнiлася пятнаццаць, i ты можаш болей мяне не баяцца. З гэтай хвiлiны вы ўжо не залежыце ад маiх чараў, нi ты, нi твой агiдны бацька, нi брыдкi прынц. А я назаўжды застануся гадкаю шэраю мышшу, пакуль не здолею завабiць у свае пасткi якую-небудзь iншую такую ж прыгожую дзяўчыну, як ты. Бывай, Разалi! Можаш цяпер адчынiць свой куфэрак.
Сказаўшы гэта, шэрая Мыш знiкла. Але Разалi не дала веры варажбiткiным словам i не зрабiла, як тая раiла. Яна вырашыла не адчыняць куфэрка, пакуль не настане дзень. I толькi яна прыняла гэтае рашэнне, як Пугач, што пралятаў над Разалi, выпусцiў з лапаў камень i трапiў iм якраз у самы куфэрак. Куфэрак разляцеўся на тысячы кавалкаў! Разалi крыкнула ад жаху i раптам убачыла перад сабой каралеву феяў, якая сказала:
- Не бойцеся, Разалi. Вы нарэшце перамаглi свайго жорсткага ворага, i цяпер я вярну вас да вашага бацькi. Але раней паешце ды папiце.
I чараўнiца падала ёй плод, аднаго кавалачка якога Разалi хапiла, каб наталiць i смагу, i голад. У тое ж iмгненне перад чараўнiцай узнiкла каляснiца, запрэжаная парай прыгожых, белых у шэрыя яблыкi, коней, яна села ў яе i запрасiла з сабой дзяўчыну.
Апамятаўшыся ад здзiўлення, Разалi шчыра падзякавала чараўнiцы за яе апеку i спытала, цi хутка можна будзе ўбачыцца з бацькам i Чароўным прынцам.
- Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, - адказала каралева феяў.
- Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены i стаў жабраком.
- Усё гэта было не па-сапраўднаму i было зроблена толькi дзеля таго, каб вы мацней спалохалiся сваёй цiкаўнасцi i не саступiлi ёй трэцi раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такiм, якi ён i быў, пакуль вы не падралi покрыва, пад якiм хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.
Пакуль чараўнiца прамаўляла гэтыя словы, каляснiца пад'ехала да палаца. На ганку Разалi ўжо чакалi бацька i прынц разам з усёю дворняй. Разалi кiнулася да iх, i яны шчаслiва абнялiся. Прынц, здавалася, зусiм забыў пра дрэнны ўчынак, якi Разалi ўтварыла напярэдаднi. Усё было ўжо гатовае да вяселля, i яго тут жа адсвяткавалi. На банкеце, якi доўжыўся некалькi дзён, былi чараўнiцы з усяе акругi. Разалiн бацька застаўся жыць разам са сваiмi дзецьмi. Разалi назаўжды пазбавiлася сваёй цiкаўнасцi i пражыла з Чароўным прынцам у каханнi ды шчасцi ўсё жыццё. У iх нарадзiлiся прыгожыя дзецi, i за хроснiц iм былi абраныя добрыя чараўнiцы, якiя заўжды абаранялi iх ад злых варажбiтак i чарадзеяў.
ДОБРЫ АНРЫ
Глава 1
Бедная хворая мацi
Жыла сабе аднойчы бедная жанчына. Муж у яе памёр, i засталася яна адна з маленькiм сыночкам, якога звалi Анры. Сына яна вельмi любiла, дый было за што: Анры быў прыгожы хлопчык, i хоць яму не было i сямi гадоў, ён ва ўсiм дапамагаў сваёй мацi. Пакуль яна краiла ды шыла цi хадзiла на базар гандляваць, Анры падмятаў, мыў падлогу ў хаце, гатаваў ежу цi працаваў у гародзе i маленькiм садочку, а потым браўся цыраваць адзенне, рамантаваць матчыны чаравiкi цi рабiў лавы, столiкi i ўсё, на што толькi быў здольны. Хатка, у якой яны жылi, стаяла за вёскай, i з яе вокнаў было вiдаць высокую гару, такую высокую, што нiхто i нiколi не мог дабрацца да яе вяршынi. Гару агiнала вiрная рака, а за ракой узвышалiся стромыя скалы i чарнелi бяздонныя прорвы.
Сын i мацi жылi ў ладзе ды згодзе, але аднойчы бедная кабета моцна захварэла. Знаёмых лекараў у iх не было, дый нават каб i былi, iм усё роўна не было б чым заплацiць. А сам Анры не ведаў, чым дапамагчы сваёй мацi. Калi ёй хацелася пiць, ён мог даць ёй толькi вады: нiчога iншага ў хаце не было. Дзень i ноч ён не адыходзiў ад матчынага ложка. А калi мацi засынала, глядзеў на яе i плакаў. Дзень пры днi хвароба мацнела, i ўрэшце бедная кабета зусiм сабралася памiраць - яна не магла нi гаварыць, нi есцi i нават не пазнавала Анры, якi, стоячы на каленях каля яе ложка, залiваўся гаручымi слязьмi. I тады хлопчык крыкнуў у роспачы: