Выбрать главу

— Гэта таму, што я згортвалася, — сказала Чарапаха. — Але і ты змяніўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабіўся нібы яловая шышка. Усе калючкі склеіліся і зрабіліся лускою.

— Няўжо? — ускрыкнуў Вожык. — Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар!

Так да самай раніцы яны памагалі адно аднаму, а калі сонца паднялося высока над зямлёй, яны селі адпачыць і абсушыцца. І, пазіраючы адно на аднаго, заўважылі, што зрабіліся зусім на сябе не падобныя.

Потым яны паснедалі, і Чарапаха сказала:

— Мілы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.

— Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! — ускрыкнуў Вожык. — Па-мойму, луска лепш за ўсякія калючкі, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Пойдзем і знойдзем яго.

Хутка яны знайшлі Ягуара. Ён усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калі яны з'явіліся перад ім, ён так здзівіўся, што падаўся назад і тры разы перакуліўся цераз свой хвост.

— Добрай раніцы! — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Як здароўечка вашай дарагой матулі?

— Дзякуй вам, яна вельмі добра сябе адчувае, — адказаў Ягуар, — але прабачце, калі ласка, я дрэнна памятаю вашы імёны.

— Ах, які вы няветлівы! — сказаў Вожык. — Яшчэ толькі ўчора вы прабавалі выдрапаць мяне з панцыра…

— Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у іголках. Каму ж гэта і ведаць, як не мне? Паглядзі вось на маю лапу!

— Толькі ўчора, — сказала Чарапаха, — вы загадалі мне кінуцца ў ваду і ўтапіцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння і ведаць не хочаце мяне. Вось які вы недалікатны і забыўчывы!

— Няўжо вы забыліся, што сказала вам ваша маці? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Яна ж ясна сказала вам:

— Хто згорнецца клубком, Чарапахай завецца. Хто ў вадзе паплыве, Той завецца Вожыкам.

Тут яны абодва згарнуліся ў клубок і як пайшлі качацца вакол Ягуара — качаліся, качаліся, качаліся… У таго нават вочы закруціліся, нібы колы ў павозцы.

Ён пабег і паклікаў сваю маці.

— Мама, — сказаў ён, — там, у лесе, нейкія дзіўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. І, здаецца, яны падзяліліся адзеннем. Раней адзін быў гладзенькі, а другі калючы, а цяпер абодва яны пакрыты луской. Апрача таго, яны круцяцца, круцяцца, круцяцца, ажно ў мяне галава закружылася.

— Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Вожык — гэта Вожык, і чым жа яму быць, як не Вожыкам? Чарапаха — гэта Чарапаха, і астанецца заўсёды Чарапахай!

— Але гэта зусім не Вожык! І зусім не Чарапаха! Гэта трошкі Вожык і трошкі Чарапаха, а як яно завецца — я не ведаю.

— Глупства! — сказала маці Ягуарыха. — У кожнага павінна быць сваё імя. Я гэтага звера буду зваць Браняносец, пакуль для яго не знойдзецца сапраўднае імя. І на тваім месцы я яго не чапала б.

Ягуар зрабіў так, як яму было загадана; асабліва старанна выканаў ён навучанне маці — не чапаць гэтага звера. Але дзіўней за ўсё тое, мілы хлопчык, што на мутнай рацэ Амазонцы ад таго самага дня да гэтага часу Злючку-Калючку Вожыка і Чарапаху Няспешную ўсе так і называюць Браняносцам. Вядома, у іншых мясцінах ёсць, як і раней, і Вожыкі і Чарапахі (ёсць яны і ў мяне ў садзе), але лепшыя, разумнейшыя з іх — старажытныя Вожыкі і Чарапахі, пакрытыя лускою, як яловыя шышкі, тыя самыя, што ў Далёкія Дні жылі на мутных берагах Амазонкі, — тыя заўсёды завуцца Браняносцамі, бо яны такія разумныя.

Чаго ж табе яшчэ, мілы хлопчык? Усё зрабілася вельмі добра, ці ж няпраўда?

На далёкай Амазонцы Я ніколі не бываў, Толькі карабель магутны Там заўсёды гасцяваў, — Толькі карабель праз моры Амазонкі дасягаў. Ад Ліверпульскай гавані Заўжды па чацвяргах Адыходзяць судны ў плаванне Ў далёкі морскі шлях. Плывуць яны ў Бразілію, Бразілію, Бразілію. І я хачу ў Бразілію — Ў далёкі морскі шлях.
Вы не знойдзеце ніколі У паўночных у лясах Даўгахвостых ягуараў, Браняносных чарапах. А ў Бразіліі сонечнай Багата так звяроў. У нас такіх на поўначы Нідзе я не знайшоў. Ці ўбачу я Бразілію, Бразілію, Бразілію? Ці ўбачу я Бразілію Да старасці ізноў?