Выбрать главу

Як было напісана першае пісьмо

Даўным-даўно, яшчэ ў каменным веку, жыў ды быў адзін чалавек. Быў ён чалавек першабытны, жыў у пячоры і насіў вельмі мала апратак. Ні чытаць, ні пісаць ён не ўмеў — ды і не хацелася яму ні чытаць, ні пісаць, — і, пакуль ён быў сыты, ён быў шчаслівы. Звалі яго Цегумай Бопсулай, а гэта азначае: Чалавек-ногі-якога-ніколі-не-спяшаюцца, але мы, любенькі хлопчык, будзем называць яго проста Цегумай, каб было карацей. У яго была жонка, і звалі яе Цешумай Тэвіндра, а гэта азначае: Жанчына-якая-задае-занадта-многа-пытанняў, але мы, любенькі хлопчык, будзем называць яе проста Цешумай, каб было карацей. І была ў яго маленькая дачка, якую звалі Тафамай Металумай, а гэта азначае: Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзніца, але буду называць яе проста Тафі. Цегумай Бопсулай вельмі любіў яе, і мама вельмі любіла яе, і яны давалі ёй плескачоў куды больш рэдка, чым трэба, і ўсе трое былі задаволеныя і шчаслівыя.

Як толькі Тафі навучылася хадзіць, яна пачала бегаць усюды за сваім бацькам Цегумаем, і, бывала, яны абое датуль не прыходзяць у пячору, пакуль ім не захочацца есці. І тады Цешумай Тэвіндра казала:

— Дзе гэта вы прападалі і гэтак страшэнна выпэцкаліся? Сапраўды, мой Цегумай, ты ані не лепшы за маю Тафі.

А цяпер, любенькі хлопчык, слухай мяне, і слухай уважліва!

Неяк раз Цегумай пайшоў па балоце, на якім вадзіліся бабры, і выйшаў да ракі Вагай, каб сваёй вострай дзідай набіць на абед карпаў. Тафі пайшла разам з ім. Дзіда ў яго была драўляная, з наканечнікам з зубоў акулы. І толькі ён узяўся паляваць, як дзіда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракі, калі цаляў у рыбіну. Што рабіць? Ісці дадому — далёка (снеданне яны, вядома, узялі з сабою ў торбачцы), а запасной дзіды ў Цегумая не было. Запасную дзіду ён забыўся ўзяць.

— Рыбы ажно кішыць, — сказаў ён, — а каб адрамантаваць дзіду, мне спатрэбіцца цэлы дзень.

— У цябе ж ёсць другая дзіда! — сказала Тафі. — Такая вялікая і чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору і папрашу яе ў мамы?

— Дзе табе бегчы ў такую далеч! — сказаў Цегумай. — Гэта не пад сілу тваім пухленькім ножкам. Ды і дарога небяспечная: чаго добрага, утопішся ў Бабровым балоце. Паспрабуем як-небудзь справіцца з нашай бядою на месцы.

Ён сеў на зямлю, узяў скураную, спецыяльна для рамонту, торбачку, дзе ў яго былі складзены аленевыя жылы, доўгія палоскі скуры, кавалачак смалы, камячок мяккага пчалінага воску, і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду. Тафі таксама села непадалёку ад яго, звесіла ногі ў ваду, падперла ручкай падбародак і думала-думала на ўсю моц. Потым яна сказала бацьку:

— Мне здаецца, гэта па-зверску крыўдна, што мы з табою не ўмеем пісаць. Напісалі б запіску дадому, каб нам прыслалі другую дзіду!

— Тафі, — сказаў Цегумай, — колькі разоў напамінаў я табе, каб ты не гаварыла грубых слоў! «Па-зверску» — гэта брыдкае слова. Але было б і праўда някепска, калі ўжо ты нагадала пра гэта, каб мы маглі напісаць тваёй маме запіску.

А ў гэты час па беразе ракі ішоў незнаёмы чалавек. Ён не зразумеў ні слова з таго, што сказаў Цегумай, таму што быў з далёкага племені Цявара. Ён стаяў на беразе, пазіраў на Тафі і ўсміхаўся, бо ў яго ў самога дома была маленькая дачушка. Цегумай дастаў з торбачкі маток аленевых жыл і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду.

— Хадзі сюды, — сказала Тафі Незнаёмаму. — Ці ведаеш ты, дзе жыве мая мама?

Незнаёмы адказаў: «Гм», бо ён быў, як ты ведаеш, цяварац.

— Дурань дурны! — сказала Тафі і тупнула ножкай, бо ўбачыла, што па рацэ плыве цэлая чарада вялікіх карпаў, якраз тады, калі бацька не можа запусціць у іх дзідай.

— Не лезь да старэйшых, — сказаў Цегумай не азіраючыся; ён быў так заняты рамонтам дзіды, што нават не глянуў на Незнаёмага.

— Я не лезу, — адказала Тафі. — Я толькі хачу, каб ён зрабіў тое, што мне хочацца. А ён не разумее.

— Тады не дакучай мне, — сказаў Цегумай, і ўзяўшы ў рот канцы аленевых жыл, пачаў выцягваць іх з усяе сілы.

А Незнаёмы (ён быў сама сапраўдны цяварац) сеў на траву, і Тафі пачала паказваць яму, што робіць бацька.

Незнаёмы падумаў: «Гэта вельмі дзіўная дзяўчынка. Яна тупае на мяне нагой і строіць мне грымасы. Яна, мусіць, дачка гэтага знакамітага правадыра, які гэтакі важны, што нават не звяртае на мяне ніякай увагі».