Ён нават не папытаўся ў Тафі дарогі, а рынуўся, як вецер, у кусты з бяростай у руцэ. А Тафі села сабе на беразе, вельмі задаволеная.
— Што гэта ты рабіла, Тафі? — спытаў Цегумай.
Ён адрамантаваў дзіду і цяпер асцярожна памахваў ёю ўправа і ўлева.
— Гэта мой сакрэт, любенькі татачка, — адказала Тафі. — Калі ты не будзеш распытваць мяне, ты хутка даведаешся, у чым справа, і гэта вельмі цябе здзівіць. Ты не можаш сабе ўявіць, які гэта будзе сюрпрыз для цябе! Паабяцай мне, што ты будзеш рады.
— Добра, — сказаў Цегумай і ўзяўся лавіць рыбу.
Незнаёмы (ці ведаеш ты, што ён быў цяварац?) усё бег і бег з карцінкай у руках і прабег некалькі міляў і раптам зусім выпадкова натрапіў на Цешумай Тэвіндра. Яна стаяла каля ўвахода ў пячору і пляткарыла з дагістарычнымі дамамі, якія прыйшлі да яе ў госці на дагістарычнае снеданне.
Тафі была вельмі падобная на Цешумай, асабліва вачамі і верхняй часткай твару, таму Незнаёмы — сама сапраўдны цяварац — пачціва ўсміхнуўся і ўручыў Цешумай бяросту. Ён гэтак хутка бег па балоце, што засопся, а ногі ў яго былі паабдзіраны калючым цярноўнікам, але ён усё яшчэ стараўся быць ветлівым.
Як толькі Цешумай зірнула на карцінку, яна заверашчала і рынулася на Незнаёмага. Астатнія дагістарычныя дамы разам павалілі яго на зямлю і ўсе шасцёра ўселіся на яго ў радок, а Цешумай узялася выскубваць у яго з галавы цэлыя жмуты валасоў.
— Усё зусім зразумела і проста, — сказала яна. — Гэты незнаёмы мужчына праткнуў майго Цегумая дзідай і гэтак напужаў Тафі, што ў яе валасы сталі дыбам. Але гэтага яму было мала, і ён прынёс мне страшную карцінку, каб пахваліцца сваімі злачынствамі. Глядзіце, — і яна паказала карцінку ўсім дагістарычным дамам, што цярпліва сядзелі на Незнаёмым, — вось мой Цегумай, у яго зламаная рука. Вось дзіда, якую ўваткнулі яму ў спіну, а вось чалавек, які збіраецца кінуць у Цегумая дзіду, а вось другі чалавек, які кідае ў яго дзіду з пячоры. А вось тут цэлая шайка ліхадзеяў (Тафі намалявала баброў, але яны былі больш падобныя на людзей) падкрадваецца ззаду да Цегумая… Усё гэта жахліва, жахліва!
— Жахліва! — згадзіліся дагістарычныя дамы і выпэцкалі Незнаёмаму ўсю галаву граззю (што вельмі здзівіла яго) і загрукалі ў баявы барабан.
І на стук барабана прыйшлі ўсе правадыры цегумайскага племені з усімі сваімі гетманамі, даламанамі, негусамі. За імі крочылі прарокі, знахары, жрацы, шаманы, бонзы — і ўсе яны ў адзін голас парашылі: адсячы Незнаёмаму галаву, але хай ён спачатку завядзе іх да ракі і пакажа, куды ён схаваў няшчасную Тафі.
Між тым Незнаёмы (хоць ён і быў цяварац) вельмі моцна ўзлаваўся на дамаў. Яны панабівалі яму ў валасы камякоў гразі, яны правалаклі яго па вострых камянях, шасцёра з іх доўга сядзелі на ім; яны білі і малацілі яго так, што ён ледзьве дыхаў, і хоць іхняя мова была яму незразумелая, няцяжка было здагадацца, што яны лаюць яго сама брыдкай лаянкай. І ўсё-такі ён не сказаў ніводнага слова, а калі сабралася цегумайскае племя, ён павёў гэтых людзей да ракі Вагай, і там яны ўбачылі Тафі. Яна сядзела і пляла вянок са стакротак, а бацька яе Цегумай цэліўся дзідай, якую яму ўжо ўдалося адрамантаваць, у невялікага карпа, што плыў у рацэ.
— Хутка ж ты вярнуўся! — усклікнула Тафі. — Але чаму ты прывёў з сабою гэтулькі народу? Татачка, вось мой сюрпрыз. Праўда, ты здзіўлены?
— Вельмі, — сказаў Цегумай. — Але ўсё маё сённяшняе паляванне прапала. Чаго, чаго, растлумач мне, збеглася сюды ўсё наша слаўнае племя?
І сапраўды, усё племя было тут. Наперадзе крочыла Цешумай Тэвіндра з усімі сваімі суседкамі. Яны моцна трымалі Незнаёмага, валасы якога былі густа запэцканы граззю (хоць ён і быў цява рац). За імі ішоў галоўны правадыр са сваім намеснікам, потым міністры і памочнікі правадыра (узброеныя да самых зубоў), гетманы, сотнікі, негусы, ваяводы са сваімі тылавымі атрадамі (таксама ўзброеныя да зубоў). А за імі бегла ўсё племя з такім страшэнным лямантам, які распудзіў усю рыбу ў рацэ на дваццаць кіламетраў — не менш.
Гэта вельмі раззлавала Цегумая, і ён аблаяў усіх, хто прыбег да ракі, сама непрыстойнымі дагістарычнымі словамі.
Тут Цешумай Тэвіндра падбегла да Тафі і давай цалаваць яе, абдымаць ды песціць. Але галоўны правадыр цегумайскага племені схапіў Цегумая за пёры, што тырчалі ў яго ў валасах, і затрос яго з шалёнай лютасцю.
— Гавары! Гавары! Гавары! — закрычала ўсё цегумайскае племя.
— Што за лухта! — сказаў Цегумай. — Пакіньце мае пёры ў спакоі. І чаму гэта так: варта чалавеку зламаць на паляванні дзіду, як на яго адразу накідваецца ўсё племя і пачынае дубасіць! І хто вам даў права лезці не ў свае справы?