Выбрать главу

— А ты так і не прынёс татаву чорную дзіду! — сказала Тафі. — І што гэта вы робіце з маім мілым Незнаёмым?

То два чалавекі, то тры, а то і цэлы дзесятак падбягалі да Незнаёмага і білі яго, так што ў таго ўрэшце вочы на лоб палезлі. Ён не мог і слова вымавіць і моўчкі паказваў на Тафі.

— Дарагі мой, а дзе ж ліхадзеі, што праткнулі цябе вострымі дзідамі? — спытала Цешумай.

— Ніякіх тут не было ліхадзеяў! — адказаў Цегумай. — Адзіны чалавек, каго я сёння бачыў, вунь той няшчасны, якога вы б'яце зараз. Ці не звар'яцела ты, о цегумайскае племя?

— Ён прынёс нам страшную карцінку, — адказаў галоўны правадыр. — На карцінцы ты ўвесь з галавы да пят утыканы дзідамі.

Тут загаварыла Тафі:

— М… м… м… Шчыра кажучы… гэта я дала яму карцінку…

Ёй было дужа няёмка.

— Ты?! — закрычала ўсё цегумайскае племя. — Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна-такая-гарэзніца?! Ты?!

— Тафі, любенькая! Баюся, нам з табою зараз давядзецца даволі крута… — прамовіў Цегумай і абняў яе, і таму яна адразу перастала баяцца ворагаў.

— Гавары! Гавары! Гавары! — сказаў галоўны правадыр цегумайскага племені і заскакаў на адной назе.

— Я хацела, каб Незнаёмы прынёс сюды татаву дзіду, от я і намалявала дзіду, — растлумачыла Тафі. — Яна адна, але я намалявала яе тры разы, каб Незнаёмы не забыўся пра яе. А калі выйшла так, быццам яна пратыкае тату спіну, дык гэта ўсё таму, што кавалачак бяросты вельмі маленькі і на ім не хапае месца. А тыя фігуркі, якія мама называе ліхадзеямі, гэта проста мае бабры. Я намалявала іх таму, што трэба ж было паказаць Незнаёмаму, што ён павінен пайсці па балоце! І я намалявала маму каля ўвахода ў пячору. Яна стаіць і ўсміхаецца Незнаёмаму, бо ён гэтакі мілы і добры. А вы… дурнейшых за вас няма на ўсім свеце! ён жа мілы і добры, навошта ж вы выпэцкалі яму галаву граззю? Памыйце яго зараз жа!

Пасля гэтага ўсе вельмі доўга маўчалі. Ніхто не вымавіў ні слова. Нарэшце галоўны правадыр засмяяўся. Потым засмяяўся Незнаёмы (а ён быў, як ты ведаеш, цяварац); потым засмяяўся Цегумай, ды так моцна смяяўся, што не мог устаяць на нагах; потым засмяялася ўсё цегумайскае племя, яно смяялася доўга і гучна.

Потым галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:

— О, Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое-што-ты-такая-гарэзніца, ты зрабіла вялікае адкрыццё!

— Ніякага адкрыцця я не хацела рабіць, — адказала Тафі. — Я проста хацела, каб сюды прынеслі татаву чорную дзіду.

— Усё адно! Гэта — вялікае адкрыццё, і прыйдзе дзень, калі людзі назавуць яго ўменнем пісаць. Пакуль што замест пісем мы будзем пасылаць адзін аднаму карцінкі, а ў карцінках — вы самі гэта бачылі — не заўсёды можна разабрацца, што да чаго. Іншы раз выходзіць сама дзікая блытаніна. Але прыйдзе час, о дзіця цегумайскага племені, калі мы прыдумаем літары і навучымся з дапамогай літараў чытаць і пісаць — і тады ў нас ужо не будзе памылак. І няхай дагістарычныя дамы змыюць гразь з галавы Незнаёмага.

— От будзе добра! — сказала Тафі. — Бо цяпер вы прынеслі сюды на бераг усе дзіды, якія толькі ёсць у цегумайскага племені, але забыліся прынесці адну-адзіную — чорную дзіду майго таты!

Тады галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:

— Наступны раз, як прыйдзе табе ў галаву напісаць пісьмо ў выглядзе карцінкі, пашлі з гэтым пісьмом чалавека, які ўмее гаварыць па-нашаму, і той чалавек растлумачыць усё, што ты хочаш сказаць у пісьме. А не, дык ты сама бачыш, якія могуць выйсці непрыемнасці для ўсяго цегумайскага племені, ды і Незнаёмаму часам давядзецца нялёгка.

Пасля гэтага цегумайскае племя прыняло ў сваю суполку Незнаёмага (хоць ён быў сапраўдны цяварац). Племя ўсынавіла яго, бо ён аказаўся бездакорным джэнтльменам і не скандаліў, калі дагістарычныя дамы абляпілі ўсю яго галаву граззю. Але з таго дня і да сённяшняга (і, па-мойму, гэта ўсё праз Тафі) не дужа многа знойдзецца на свеце такіх маленькіх дзяўчынак, якія любяць вучыцца чытаць і пісаць. Ім больш падабаецца маляваць карцінкі і ціхенька гуляць дзе-небудзь непадалёку ад таты — гэтак як Тафі.

Кот, які гуляў сам сабою

Слухай, мой мілы хлопчык, слухай, удумвайся, разумей, бо гэта здарылася, бо гэта адбылося, бо гэта было яшчэ ў той далёкі час, калі Ручныя Жывёлы былі Жывёламі Дзікімі.

Сабака быў дзікі, і Конь быў дзікі, і Карова была дзікая, і Авечка была дзікая, і Свіння была дзікая — і ўсе яны былі дзікія-дзікія і дзіка блукалі па Мокрых і Дзікіх Лясах.