Але сама дзікім быў Дзікі Кот — ён бадзяўся дзе ўздумаецца і гуляў сам сабою.
Чалавек, зразумела, быў таксама дзікі, страшэнна дзікі, жахліва дзікі. І ніколі б яму не зрабіцца ручным, каб не Жанчына. Гэта яна сказала яму — пры першай сустрэчы, — што ёй не падабаецца яго дзікае жыццё. Яна хутка адшукала яму для жылля ўтульную, сухую Пячору, бо спаць у Пячоры было куды лепш, чым валяцца пад адкрытым небам на кучы сырога лісця. Яна пасыпала падлогу чыстым пясочкам і расклала ў глыбіні Пячоры добрае вогнішча.
Потым яна павесіла каля ўвахода ў Пячору шкуру Дзікага Каня хвастом уніз і сказала Мужчыне:
— Выцірай, любы, ногі, як будзеш уваходзіць: цяпер у нас, бачыш, гаспадарка.
У гэты вечар, мой мілы хлопчык, яны вячэралі дзікай авечкай, засмажанай на распаленых камянях, прыпраўленай дзікім часнаком і дзікім перцам. Потым яны з'елі дзікую качку, начыненую дзікім рысам, дзікай травою і дзікімі яблыкамі; потым храсточкі дзікіх быкоў; потым дзікія вішні і дзікія гранаты. Потым Мужчына, вельмі шчаслівы, пайшоў і заснуў каля агню, а Жанчына села чараваць: яна распусціла валасы, узяла плечавую барановую костку, вельмі плоскую і вельмі гладкую, і пачала пільна ўглядацца ў разводы, якія праходзілі па костцы. Потым яна падкінула дроў у агонь і зацягнула песню. Гэта было Першае ў свеце Чараўніцтва, Першая Чараўнічая Песня.
І сабраліся ў Мокрым і Дзікім Лесе ўсе Дзікія Звяры; збіліся ў адзін статак і глядзелі на святло агню, не ведаючы, што гэта такое.
Але вось тупнуў нагой Дзікі Конь і дзіка сказаў:
— О мае Прыяцелі! О мае Непрыяцелі! Чуе сэрца маё: не на дабро засвяцілі Мужчына і Жанчына ў вялікай Пячоры вялікі агонь. Не, гэта не на дабро!
Дзікі Сабака задраў дзікі нос, панюхаў, як пахне смажаная бараніна, і дзіка сказаў:
— Пайду пагляджу, а потым раскажу. Мне здаецца, што там не так ужо дрэнна. Кот, хадзем са мною!
— Ну не, — адказаў Кот. — Я, Кот, хаджу дзе ўздумаецца і гуляю сам сабою.
— Ну, тады я табе не таварыш, — сказаў Дзікі Сабака і трушком пабег да Пячоры. Але не прабег ён і дзесяці крокаў, а Кот падумаў ужо:
«Я, Кот, хаджу дзе ўздумаецца, гуляю сам сабою. Чаму б мне не пайсці туды і не паглядзець, як і што? Я ж пайду па сваёй ахвоце».
І ён ціхенька пабег за Сабакам, ступаючы мякка і далікатна, і забраўся ў такую мясцінку, адкуль яму было чуваць усё.
Калі Дзікі Сабака падышоў да Пячоры, ён дзікім носам падняў конскую скуру і з асалодай пачаў нюхаць прыемны пах смажанай бараніны, а Жанчына, якая чаравала косткай, пачула шорах і сказала смеючыся:
— Вось першы ўжо і прыйшоў. Ты, з Дзікага лесу Дзікае Стварэнне, што табе трэба тут?
І адказаў Дзікі Сабака:
— Скажы мне, о Вораг мой, Жонка Ворага майго, што гэта пахне так прыемна сярод гэтых Дзікіх Лясоў?
І нагнулася Жанчына, і падняла з падлогі костку, і кінула Дзікаму Сабаку, і сказала:
— Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, пакаштуй, пагрызі гэту костку.
Узяў Дзікі Сабака гэтую костку ў свае дзікія зубы, І яна здалася яму смачнейшай за ўсё, што ён грыз да гэтага часу, і ён сказаў:
— Слухай, о Вораг мой, Жонка майго Ворага, кінь мне хутчэй другую такую ж костку.
І адказала яму Жанчына:
— Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, ідзі памажы майму Мужчыну хадзіць за здабычай, сцеражы гэтую Пячору па начах, і я дам табе столькі касцей, колькі табе будзе патрэбна.
— Ах, — сказаў Кот, слухаючы іх гутарку, — гэта вельмі разумная Жанчына, хоць, вядома, я разумнейшы за яе.
Дзікі Сабака забраўся ў Пячору, паклаў галаву Жанчыне на калені і сказаў:
— О мой Друг, Жонка майго Друга, добра. Я згодзен дапамагаць твайму Мужчыне паляваць, буду сцерагчы па начах вашу Пячору.
— Ах, — сказаў Кот, слухаючы іх размову, — які дурны гэты Сабака!
І ён пайшоў прэч, прабіраючыся па Дзікім Лесе і дзіка махаючы сваім дзікім хвастом. Але пра ўсё, што бачыў, нікому не сказаў ні слова.
Прачнуўшыся, Мужчына запытаў:
— Што тут робіць Дзікі Сабака?
І адказала Жанчына:
— Яго імя ўжо не Дзікі Сабака, а Першы Друг, і ён будзе нам другам на векі вечныя. Як пойдзеш на паляванне, клікні яго з сабою.
На другі вечар Жанчына нарэзала на заліўных лугах вялікі ахапак травы і расклала яе сушыцца каля агню, і, калі пайшоў ад сена такі пах, як ад свежаскошанай травы, яна села каля ўвахода ў Пячору, зрабіла з конскай шкуры вуздэчку і, утаропіўшыся ў плечавую барановую костку — на шырокую вялікую лапатку, — зноў узялася чараваць і запела чараўнічую песню.
І зноў у Дзікім Лесе сабраліся ўсе Дзікія Звяры і, пазіраючы здалёк на агонь, абмяркоўвалі, што б такое магло здарыцца з Дзікім Сабакам. І вось Дзікі Конь дзіка тупнуў дзікай нагой і сказаў: