— А што, калі ты пахваліш мяне тры разы? — спытаў Кот.
— Ну, гэтага не будзе, — сказала Жанчына. — Але, калі гэта здарыцца, прыходзь і атрымлівай малако тры разы ў дзень да сканчэння веку!
Кот выгнуў спіну і сказаў:
— Ты, Заслона каля ўвахода ў Пячору, і ты, Агонь у глыбіні Пячоры, і вы, Малочныя Гладышыкі, што стаіце каля агню, вас я бяру за сведак; запомніце, што сказаў мой Вораг, Жонка майго Ворага!
І, павярнуўшыся, пайшоў у Дзікі Лес, дзіка памахваючы дзікім хвастом.
Калі ў гэты вечар Сабака, Мужчына і Конь вярнуліся з палявання ў Пячору, Жанчына ні слова не сказала ім пра сваю ўмову з Катом, бо баялася, што ім гэта не спадабаецца.
Кот пайшоў далёка-далёка і так доўга хаваўся ў Дзікім Лесе, што Жанчына забыла і думаць пра яго. Толькі Лятучая Мыш, якая вісела дагары нагамі каля ўвахода ў Пячору, ведала, дзе хаваецца Кот, і кожны вечар падлятала да таго месца і паведамляла Кату ўсе навіны.
Неяк увечары прылятае яна да Ката і кажа:
— А ў Пячоры — Дзіцянё! Яно зусім, зусім новенькае. Такое ружовае, тоўстае і маленькае. І яно вельмі падабаецца Жанчыне.
— Вельмі добра, — сказаў Кот. — А што ж падабаецца Дзіцяняці?
— Усё мяккае і гладкае, — адказала Лятучая Мыш. — Як ісці спаць, яно бярэ ў ручкі што-небудзь цёпленькае і засынае. Потым яму падабаецца, каб з ім гулялі. Вось і ўсё, што яму падабаецца.
— Вельмі добра, — сказаў Кот, — калі так, то мой час прыйшоў.
На наступны вечар Кот прабраўся да Пячоры па Дзікім Лесе і праседзеў недалёка да самай раніцы. Раніцою Сабака, Чалавек і Конь пайшлі на паляванне, а Жанчына пачала гатаваць ежу. Дзіцянё плакала і адрывала яе ад работы. Яна вынесла яго з Пячоры і дала яму каменьчыкаў пагуляць, але яно не сунімалася.
Тады Кот працягнуў пухлую лапку і пагладзіў Дзіцянё па шчочцы, і замурлыкаў, і забурчаў, і давай церціся аб яго калені, і хвастом казытаць яму падбародак. Дзіцянё засмяялася, і Жанчына, пачуўшы яго смех, усміхнулася.
Тады ўскрыкнула Лятучая Мыш — маленькая Лятучая Мыш, якая вісела дагары нагамі каля ўвахода ў Пячору:
— О Гаспадыня мая, Жонка майго Гаспадара, Маці Гаспадарскага Сына! З Дзікага Лесу прыйшло Дзікае Стварэнне, і як слаўна яно гуляе з тваім Дзіцём!
— Дзякуй Дзікаму Стварэнню, — сказала Жанчына, разгінаючы спіну. — У мяне так многа работы, а яно зрабіла мне вялікую паслугу.
І вось, мілы хлопчык, не паспела яна сказаць гэта, як у тую самую хвіліну і ў тую самую секунду — бух, бух! — падае конская скура, якая вісела хвастом уніз каля ўвахода ў Пячору (гэта яна ўспомніла, што ў Жанчыны з Катом была ўмова), і не паспела Жанчына падняць яе, а Кот вунь ужо сядзіць у Пячоры, усеўся зручней і сядзіць.
— Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Маці майго Ворага, — сказаў Кот, — паглядзі: я тут. Ты пахваліла мяне — і вось я тут і буду сядзець у Пячоры векі вечныя. Але ўсё ж запомні: я, Кот, хаджу куды ўздумаю, гуляю сам сабою.
Жанчына вельмі раззлавалася, але прыкусіла язык і села за прасніцу прасці.
Але Дзіцянё заплакала зноў, бо Кот пайшоў ад яго; і Жанчына не магла яго суняць: яно білася, тузала ножкамі і ўсё пасінела ад крыку.
— Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Маці майго Ворага, — сказаў Кот, — паслухай, што я скажу табе: вазьмі адарві кавалачак ніткі ад той, якую ты прадзеш, прывяжы да яе сваё верацяно, і я так начарую табе, што Дзіця ў тую ж хвіліну засмяецца і будзе смяяцца мацней, чым плача цяпер.
— Добра, — сказала Жанчына, — я ўжо зусім страціла галаву. Але помні: дзякаваць табе я не буду.
Яна прывязала да ніткі глінянае верацяно і пацягнула яго па падлозе, і Кот пабег за ім, і хапаў яго, і куляўся, і кідаў яго сабе на спіну, і лавіў яго заднімі лапамі, і знарок адпускаў яго, а потым кідаўся наўздагон, — і вось Дзіцянё засмяялася яшчэ мацней, чым плакала; яно поўзала за Катом па ўсёй Пячоры, і забаўлялася, і рагатала, пакуль не стамілася і не задрамала разам з Катом, абняўшы яго ручкай.
— А цяпер, — сказаў Кот, — я спяю яму песню, залюляю яго на гадзінку.
І як пачаў ён мурлыкаць то гучней, то цішэй, то цішэй, то гучней, — Дзіцянё і заснула моцным сном.
Жанчына паглядзела на іх на абодвух і з усмешкай сказала:
— Вось гэта добра! Што б там ні было, а ўсё ж ты, Кот, разумнік.
Не паспела яна дагаварыць — пффф! — дым ад Агню хмарамі пачаў клубіцца ў Пячоры: гэта ён успомніў, што ў Жанчыны з Катом была ўмова. І калі дым разышоўся, — зірк, Кот сядзіць каля агню, усеўся зручней і сядзіць.
— Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Маці майго Ворага, — сказаў Кот, — паглядзі: я тут. Ты зноў пахваліла мяне, і вось я тут, каля цёплага ачага, і адсюль я не пайду на векі вечныя. Але ўсё ж запомні: я, Кот, хаджу куды ўздумаю і гуляю сам сабою.