Матылёк, які тупнуў нагою
Вось табе, мой любенькі хлопчык, новая цудоўная казка — зусім адметная, не падобная на ўсе астатнія, — казка пра наймудрэйшага цара Сулеймана-ібн-Дауда. На свеце ёсць трыста пяцьдзесят казак пра Сулеймана-ібн-Дауда; але гэтая казка не з іх. Гэтая казка — пра Матылька, які тупнуў нагою.
Дык слухай жа, слухай уважліва.
Сулейман-ібн-Дауд быў мудрэц. Ён разумеў, што гавораць звяры, што гавораць птушкі, што гавораць рыбы, што гавораць насякомыя. Ён разумеў, што гавораць камяні глыбока пад зямлёю, калі яны душаць адзін аднаго і стогнуць. І ён разумеў, што гавораць дрэвы, калі яны шамацяць лісцем на досвітку. Ён разумеў усіх — і асу, і лісу, і ясень у лесе. І прыгожая царыца Балкіда, яго Першая і Галоўная царыца, была амаль гэтакая ж мудрая.
Сулейман-ібн-Дауд быў магутны. На сярэднім пальцы правай рукі ён насіў залаты пярсцёнак. Варта было яму пакруціць гэты пярсцёнак, як з-пад зямлі выляталі Афрыты і Джыны і рабілі ўсё, што ён пажадае ім загадаць. А варта было яму пакруціць пярсцёнак два разы, з неба спускаліся Феі і рабілі таксама ўсё, што ён загадае. Калі ж ён пакручваў свой пярсцёнак тры разы, перад ім з'яўляўся з мячом сам вялікі анёл Азраіл у адзенні звычайнага ваданоса і паведамляў яму пра ўсё, што адбываецца на зямлі, на небе і пад зямлёю.
І ўсё-такі Сулейман-ібн-Дауд быў чалавек вельмі сціплы. Ён амаль ніколі не выхваляўся, а калі яму і здаралася пахваліцца, ён пасля шкадаваў аб гэтым і каяўся.
Аднойчы ён абвясціў, што хоча накарміць за адзін дзень усіх звяроў, якія толькі існуюць на свеце, але, калі ён прыгатаваў яду, з глыбіні мора выплыў нейкі вялікі Звяруга і зжор усё за тры глыткі. Сулейман-ібн-Дауд быў вельмі здзіўлены і сказаў:
— О Звяруга, хто ты такі?
І Звяруга адказаў:
— О валадар! Будзь здаровы на векі вякоў! Я сама маленькі з трыццаці тысяч братоў, і мы жывём на дне мора. Мы дачуліся, што ты хочаш накарміць усіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце, і мае браты паслалі мяне даведацца ў цябе, ці хутка будзе абед.
Сулейман-ібн-Дауд быў страшэнна здзіўлены і сказаў:
— О Звяруга, ты зжор увесь абед, што прыгатаваў я для ўсіх звяроў, якія толькі ёсць на свеце.
І сказаў яму Звяруга:
— О Валадар, будзь здаровы на векі вякоў! Але няўжо ты і сапраўды называеш гэта абедам? Там, адкуль я прыйшоў, кожнаму з нас трэба ў два разы больш яды, каб перакусіць паміж абедам і вячэрай.
Тады Сулейман-ібн-Дауд паваліўся ніцма перад ім і ўсклікнуў:
— О Звяруга, я прыгатаваў гэты абед, каб паказаць усім, які я вялікі і багаты цар, а зусім не таму, што я і папраўдзе люблю звяроў. Цяпер я пасаромлены, і хай будзе мне гэта добрай навукай.
Сулейман-ібн-Дауд быў і напраўду мудрэц, мой любенькі хлопчык. Пасля гэтага выпадку ён ужо ніколі не забываўся, што выхваляцца неразумна. І вось цяпер якраз і пачынаецца сапраўдная казка.
У Сулеймана-ібн-Дауда было много жонак. У яго было дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, калі не лічыць найпрыгажэйшай Балкіды. Усе яны жылі ў вялікім залатым палацы пасярод цудоўнага саду з фантанамі.