А хітрая Рыбка паплыла і схавалася ў твані пад самым парогам Экватара. Яна думала, што Кіт раззлаваўся, і баялася паказацца яму на вочы.
Марак узяў з сабою свой паляўнічы нож. Сінія палатняныя штаны былі па-ранейшаму на ім, калі ён крочыў па каменьчыках каля самага мора. Але падцяжак на ім ужо не было. Яны асталіся ў горле ў Кіта. Імі былі звязаны лучынкі, з якіх Марак зрабіў рашотку. Вось і ўсё. Гэтай казцы канец.
Чаму ў вярблюда горб
Вось яшчэ адна казка, і ў ёй я хачу расказаць, чаму на спіне ў Вярблюда такі вялікі горб.
У сама першыя гады, даўно-даўно, уся зямля была новенькая, толькі што зробленая. Жывёлы з першых жа дзён пачалі служыць Чалавеку. Але ў Страшэнна-Панурай Пустыні жыў Страшэнна-Пануры Вярблюд, які і не думаў працаваць. Ён еў сухія калючкі, жорсткія галінкі, тамарыск, цярноўнік і кару, але працаваць нізашто не хацеў, — такі несумленны гультай! І што б ні казалі яму, ён на ўсё адказваў:
— Гррб!
Толькі «Гррб» — і болей нічога.
Вось аднойчы, у панядзелак раніцой, прыйшоў да яго Конь. На спіне ў Каня было сядло. У зубах вуздэчка.
— Вярблюд, а Вярблюд! — сказаў ён. — Ідзі да Чалавека і пачні бегаць трушком, як бегаем мы.
— Гррб! — адказаў Вярблюд, а Конь пайшоў да чалавека і расказаў яму ўсё.
Неўзабаве пасля гэтага да Вярблюда прыйшоў Сабака. У яго ў зубах была палка. Ён прыйшоў і сказаў:
— Вярблюд, а Вярблюд! Ідзі да Чалавека, навучыся хадзіць разам з ім на паляванне, як мы.
— Гррб! — адказаў Вярблюд, а Сабака пайшоў да Чалавека і расказаў яму ўсё.
Неўзабаве пасля гэтага прыйшоў да Вярблюда Бык. У Быка на шыі было ярмо. Ён сказаў:
— Вярблюд, а Вярблюд! Ідзі да Чалавека і ары зямлю, як аром мы.
— Гррб! — адказаў Вярблюд, а Бык пайшоў да Чалавека і расказаў яму ўсё.
Увечары Чалавек паклікаў Каня, Сабаку і Быка і сказаў:
— Конь, Сабака і Бык, мне вельмі вас шкада (свет жа быў зусім яшчэ новы!), але звер, які крычыць «гррб» у Пустыні, не здольны ні да якой работы, а то б ён даўно прыйшоў да мяне. Хай сабе жыве ў сваёй Пустыні, я не крану яго, але вам давядзецца працаваць удвая больш — і за сябе і за яго.
Тады Конь, Сабака і Бык вельмі раззлаваліся (свет жа быў яшчэ вельмі новы!). Яны пайшлі да самага краю Пустыні і пачалі голасна абмяркоўваць, што ім рабіць, і брахалі, і ржалі, і мычалі.
Да іх падышоў Вярблюд — несумленны гультай! — і, ляніва перажоўваючы сухую траву, пачаў насміхацца з іх. Потым ён сказаў «гррб» і пайшоў далей.
Міма іх па дарозе імчаўся ў хмары пылу Джын, Уладар Усіх Пустынь. Ён спыніўся пагутарыць з Канём, Сабакам і Быком.
— Уладар Усіх Пустынь! — сказаў Конь. — Хто мае права гультайнічаць, калі свет такі новы і ў ім яшчэ так многа работы?
— Ніхто, — адказаў Джын.
— А вось, — сказаў Конь, — у тваёй Страшэнна-Панурай Пустыні жыве Страшэнна-Пануры Звер, з доўгай шыяй, з доўгімі нагамі, які ад самай раніцы, ад панядзелка, не падумаў узяцца за работу. Не хоча бегаць трушком — нізашто!
— Ф'ю! — свіснуў Джын. — Ды гэта мой Вярблюд, клянуся золатам Аравійскіх пустынь! Што ж ён кажа?
— Ён кажа адно слова «гррб», — сказаў Сабака. — «Гррб» — і болей нічога. І не хоча памагаць Чалавеку на паляванні.
— А што яшчэ ён кажа? — спытаў Джын.
— Болей нічога, толькі «Грбб», і не хоча араць, — адказаў Бык.
— Вельмі добра! — ускрыкнуў Джын. — Пачакайце хвілінку, я зараз пакажу яму «Грбб»!
Ён захінуўся ў свой плашч з пылу і памчаўся ў Пустыню. Там ён знайшоў Вярблюда. Той стаяў і любаваўся сваім адлюстраваннем у лужыне — несумленны гультай.
— Мой хітры даўганогі дружа, — сказаў Джын. — Я чуў, што ты не хочаш працаваць у нашым новым-навюсенькім свеце. Што гэта такое?