Выбрать главу

На самай справе Сулейману-ібн-Дауду зусім не патрэбны былі дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, але ў тыя часы кожны меў па некалькі жонак, так што цар, вядома, мусіў браць сабе яшчэ больш, каб паказаць, што ён цар.

Адны з іх былі красуні, другія проста ўродзіны. Непрыгожыя вечна варагавалі з красунямі, і тыя ад гэтага таксама рабіліся пачварамі, і ўсе яны сварыліся з Сулейманам-ібн-Даудам, што прычыняла яму вялікія пакуты. Адна толькі цудоўная Балкіда ніколі не сварылася з Сулейманам-ібн-Даудам, бо дужа яна кахала яго. Яна альбо сядзела ў сябе ў залатым палацы, альбо гуляла па садзе, і ёй было вельмі шкада Сулеймана-ібн-Дауда.

Вядома, каб ён захацеў пакруціць у сябе на пальцы пярсцёнак і паклікаць Джынаў і Афрытаў, яны ператварылі б усіх яго дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак у белых асліц, або ў хартоў, або ў зярняткі граната. Але Сулейман-ібн-Дауд баяўся зноў аказацца выхвалякам.

Таму, калі яго крыклівыя жонкі сварыліся ўжо занадта моцна, ён толькі сыходзіў у зацішны куточак свайго саду пры палацы і праклінаў тую часіну, калі ён нарадзіўся на свет.

Аднойчы здарылася так, што яны сварыліся ўжо тры тыдні запар — усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-ібн-Дауд сышоў ад іх, як звычайна, у ціхі закутак саду. І сярод апельсінавых дрэў ён сустрэў Балкіду Найпрыгажэйшую. І яна сказала:

— О пане мой, святло вачэй маіх, пакруці ў сябе на пальцы пярсцёнак і пакажы гэтым эгіпецкім, месапатамскім, кітайскім, персідскім царыцам, які ты вялікі і грозны валадар.

Але Сулейман-ібн-Дауд захітаў галавою і адказаў:

— О пані мая, радасць жыцця майго, успомні Звяругу, што выплыў з марской глыбіні і асарамаціў мяне перад усімі звярамі, якія толькі ёсць на зямлі, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калі я пачну выхваляцца перад гэтымі персідскімі, абісінскімі, кітайскімі, эгіпецкімі царыцамі толькі таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамаціцца.

І Балкіда Найпрыгажэйшая сказала ў адказ:

— О пане мой, скарб душы маёй, што ж ты будзеш рабіць?

І Сулейман-ібн-Дауд адказаў:

— О пані мая, уцеха сэрца майго, давядзецца аддаць свой лёс у рукі тых дзевяцісот дзевяноста дзевяці царыц, якія выводзяць мяне з цярпення сваімі няспыннымі сваркамі.

І ён пайшоў міма лілеяў і японскіх лакатаў, міма ружаў, каннаў і духмянага імбіру, што раслі ў садзе, і прыйшоў да вялізнага камфорнага дрэва, якое празвалі Камфорнае Дрэва Сулеймана-ібн-Дауда.

А Балкіда схавалася між высокіх касачоў, плямістага бамбуку і чырвоных лілеяў, каб быць бліжэй да свайго каханага Сулеймана-ібн-Дауда.

У гэты час пад дрэвам праляталі два матылькі. Яны сварыліся.

Сулейман-ібн-Дауд пачуў, што адзін з іх сказаў другому:

— Як ты смееш гаварыць са мною гэтак непачціва і груба? Хіба ты не ведаеш, што варта мне тупнуць нагою — і ўзачнецца навальніца, і ўвесь палац Сулеймана-ібн-Дауда, і ўвесь гэты сад праваляцца ў тартарары!

Тады Сулейман-ібн-Дауд забыўся на ўсіх сваіх дзевяцьсот дзевяноста дзевяць сварлівых жонак і засмяяўся. Ён смяяўся з самахвальства Матылька, і смяяўся гэтак доўга, што затрэслася нават камфорнае дрэва. І ён выставіў палец і сказаў:

— Ану, хадзі ты сюды, чалавечак!

Матылёк страшэнна спалохаўся, але нічога не зробіш, давялося яму падляцець да Сулеймана-ібн-Дауда і сесці, трапечучы крыльцамі, на яго выстаўлены палец. Сулейман-ібн-Дауд нахіліў галаву і ціхенька прашаптаў:

— Ах, чалавечак, ты ж цудоўна ведаеш, што, колькі б ты ні тупаў нагою, ад гэтага не зварухнецца нават травінка! Чаму ж ты гэтак бессаромна лжэш сваёй жонцы? Гэта ж праўда, што яна твая жонка?

Матылёк паглядзеў на Сулеймана-ібн-Дауда і ўбачыў наймудрэйшыя вочы цара, што зіхацелі, як зоркі ў марозную ноч. І ён склаў крыльцы, і схіліў галаву, і сабраў усю сваю мужнасць, і сказаў:

— Сапраўды, гэта мая жонка, а ты сам добра ведаеш, што яны такое, нашы жонкі.

Сулейман-ібн-Дауд ухмыльнуўся ў бараду і адказаў:

— Так, браце мой, гэта я вельмі добра ведаю.

— Трэба ж трымаць іх у паслухмянасці, — сказаў Матылёк. — А мая жонка лае мяне ўжо ўсю раніцу, я і настрашыў яе, каб яна перастала бушаваць і сварыцца.

І Сулейман-ібн-Дауд сказаў:

— Што ж, можа, гэта і сапраўды ўціхамірыць яе. Ідзі да свае жонкі, о браце мой, а я паслухаю, што ты ёй скажаш.

Паляцеў Матылёк назад да сваёй жонкі, якая сядзела пад лісцікам і дрыжала ад страху.

І яна ўсклікнула:

— Ён чуў твае словы! Сулейман-ібн-Дауд чуў, што ты сказаў!

— Чуў, — адказаў Матылёк. — Я і хацеў, каб ён чуў.

— І што ж ён сказаў? О, што ж ён сказаў?