Выбрать главу

Матылёк і сам спужаўся не менш за сваю жонку, а Сулейман-ібн-Дауд гэтак рагатаў, што не мог нават адразу шапнуць Матыльку:

— Тупні зноў, о браце мой, вярні мне мой палац, о вялікі чарадзей!

— Ага, вярні яму палац! — усклікнула Матыліха, якая лятала ў цемры, нібы начніца. — Вярні яму палац і не займайся болей такім жахлівым чараўніцтвам!

— Добра, дарагая, хай будзе так! — сказаў Матылёк, стараючыся як мага паддаць сабе храбрасці. — От бачыш, што выйшла з таго, што ты прыдзіралася да мяне. Само сабой зразумела, што сам я ніколечкі не турбуюся пра тое, вернецца палац ці не, такія рэчы для мяне не ўпершыню, але з павагі да цябе і да Сулеймана-ібн-Дауда я не пярэчу супроць таго, каб усё вярнулася на сваё месца.

І ён тупнуў яшчэ раз, і ў той жа момант Джыны без ніводнага штуршка паставілі і сады і палац на ранейшае месца.

І ўсё было па-ранейшаму. Цёмна-зялёнае лісце апельсінавых дрэў ярка зіхацела на сонцы, фантаны пераліваліся сярод пунсовых эгіпецкіх лілеяў, птушкі спявалі, быццам нічога і не было, а Матыліха ляжала на баку пад камфорным дрэвам. Крыльцы ў яе трымцелі, і, задыхаючыся, яна паўтарала:

— Даруй мне! Я болей не буду!

Сулейман-ібн-Дауд гэтак смяяўся, што ледзьве мог слова вымавіць. На яго напала ікаўка. Знемагаючы ад смеху, ён выставіў Матыльку палец і сказаў:

— О вялікі чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калі ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магілу?

Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглі ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц і пачалі прарэзліва крычаць, і верашчаць, і клікаць сваіх малых дзяцей. Яны беглі па мармуровай лесвіцы, што вяла ўніз ад фантанаў, — сто жанчын на кожнай прыступцы.

Наймудрэйшая Балкіда велічна выйшла наперад, сустрэла іх і сказала:

— Чаго гэта вы так перапужаліся, царыцы?

А яны стаялі на мармуровай лесвіцы — сто жанчын на кожнай прыступцы — і крычалі:

— Чаго мы перапужаліся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылі сабе пажывалі ў сваім залатым палацы, і раптам наш палац знікае немаведама куды, і мы трапляем у апраметную цемру, і над намі ляскае пярун, і Джыны і Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужаліся, о царыца царыц, і мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта сама страшэнны перапуд з усіх перапудаў, якія давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.

Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая царыца, сама любімая з усіх жонак Сулеймана-ібн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-ібн-Дауд, сказала:

— Нічога асаблівага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзіўся на сваю жонку, якая сварылася з ім, а Сулейману-ібн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе і пакорлівасці, ветлівасці і сціпласці, бо гэта лічыцца добрымі якасцямі сярод жонак матылькоў.

І тады эгіпецкая царыца, дачка фараона, сказала:

— Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбуліну, для якой-небудзь нікчэмнай казяўкі. Не! Сулейман-ібн-Дауд, мусібыць, ужо сканаў, і зямля скаланулася ад гора, і ляснуў пярун, і на зямлю апусцілася цемра.

Тады Балкіда, не ўзнімаючы вачэй, павабіла да сябе пальцам гэтую непачцівую царыцу і сказала ёй ды і ўсім астатнім:

— Вы можаце пайсці і паглядзець.

Яны спусціліся па мармуровай лесвіцы шырокімі шэрагамі — у кожным шэрагу была сотня царыц — і пад камфорным дрэвам убачылі прамудрага цара Сулеймана-ібн-Дауда, які ўсё яшчэ знемагаў ад смеху. Цар сядзеў і ківаўся ўзад-уперад, і на адной руцэ ў яго была Матыліха, а на другой Матылёк. І царыцы пачулі, як ён кажа:

— О жонка майго брата, які лятае па паветры, запомні з гэтага часу і навекі, што ты павінна дагаджаць свайму мужу ва ўсім, інакш ён раззлуецца і тупне нагою зноў, бо ён вялікі чарадзей і вядзьмар і можа, калі яму прыйдзе ў галаву, выкрасці палац у самога Сулеймана-ібн-Дауда… Дык жывіце ў згодзе вы абое.

Ён пацалаваў у іх крыльцы, і яны паляцелі прэч.

Тады ўсе царыцы, якія дагэтуль усё яшчэ стаялі і ўсміхаліся, усе, апроч Прыгожай і Цудоўнай Балкіды, паваліліся ніцма, бо яны сказалі самі сабе: «Калі творыцца такое з-за таго, што Матылёк незадаволены сваёю жонкаю, дык што ж будзе з намі, калі мы дакучаем свайму валадару крыкамі і шалёнымі сваркамі?»

І яны накінулі на галаву празрыстыя тканіны і, затуліўшы сабе далонямі рот, ціха, як мышы, вярнуліся да сябе ў палац.

Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая і Цудоўная, выйшла з зарасніку пунсовых лілеяў пад засень камфорнага дрэва, паклала руку на плячо Сулейману-ібн-Дауду і сказала:

— О пане мой, скарб душы маёй, радуйся, бо мы далі ўсім гэтым царыцам Эгіпта, Эфіопіі, Персіі, Індыі, Кітая добрую навуку, якую яны запомняць назаўсёды.