Выбрать главу

Увесь гэты дзень ён толькі і рабіў, што шныпарыў па ўсім доме. Ён ледзь не патануў у ванне, ён ткнуўся носам у чарніла і зараз жа пасля гэтага апёк сабе нос аб цыгару, якую паліў Вялікі Чалавек, бо ўзабраўся да Вялікага Чалавека на калені — паглядзець, як пішуць пяром на паперы. Увечары ён прыбег у Тэдзеву спальню, каб паглядзець, як запальваюцца лямпы. А калі Тэдзі ўлёгся ў ложак, Рыкі-Цікі прыкархнуў каля яго, але выявілася, што ён — неспакойны сусед, бо пры кожным шолаху ён усхопліваўся, прыслухоўваўся і бег даведвацца, у чым справа. Бацька з маткай зайшлі перад сном праведаць свайго сына, які ўжо спаў, і ўбачылі, што Рыкі-Цікі не спіць, а сядзіць у яго на падушцы.

— Не падабаецца мне гэта, — сказала Тэдзева маці. — А што, калі ён укусіць хлопчыка?..

— Не бойся, — сказаў бацька. — Гэтая звярына абароніць яго лепш за ўсякага сабаку. Калі, напрыклад, запаўзе сюды змяя…

Але Тэдзева маці не хацела і думаць пра такія жахі.

Снедаць раніцой Рыкі прыехаў на веранду верхам на Тэдзевым плячы. Яму далі банан і кавалачак яйка. Ён перабываў на каленях ва ўсіх, бо добры мангуст ніколі не губляе надзеі зрабіцца мангустам хатнім. Усе яны з маленства мараць пра тое, што яны будуць жыць у чалавечых дамах і бегаць з пакоя ў пакой.

Пасля снедання Рыкі-Цікі выбег у сад — паглядзець, ці няма там чаго надзвычайнага. Сад быў вялікі, толькі напалову расчышчаны. Ружы раслі ў ім вялізныя, і апельсінавыя дрэвы, і лімонныя, і густыя зараснікі высокай травы. Рыкі-Цікі нават аблізнуўся.

— Нядрэннае месца для палявання! — сказаў ён.

І ледзь толькі падумаў пра паляванне, як хвост у яго надзьмуўся, што круглая шчотка. Ён шпарка абабег навакольную мясцовасць, нюхнуў тут, нюхнуў там, і раптам да яго данесліся з цярноўніку нечыя засмучоныя галасы. Гэта былі Дарзі, птушка-кравец, і яго жонка. У іх было прыгожае гняздо: яны сшылі яго з двух вялікіх лістоў тонкімі валакністымі дубчыкамі і напоўнілі мяккім пухам і бавоўнаю. Гняздо гушкалася ва ўсе бакі, а яны сядзелі на беражку яго і ўголас плакалі.

— Што здарылася? — спытаў Рыкі-Цікі.

— Вялікае няшчасце! — адказаў Дарзі. — Адно з нашых птушанятак вывалілася ўчора з гнязда, і Наг праглынуў яго.

— Гм, — сказаў Рыкі-Цікі, — гэта вельмі сумна… Але я тут нядаўна… Я нетутэйшы… Хто такі Наг?

Дарзі і яго жонка шмыгнулі ў гняздо і нічога не адказалі, бо з густой травы, з-пад куста пачулася прыцішанае сіпенне — страшны, халодны гук, які прымусіў Рыкі-Цікі адскочыць назад на цэлых два футы. Потым з травы ўсё вышэй і вышэй, вяршок за вяршком, пачала падымацца галава Нага, вялікай чорнай кобры[3], — і меў гэты Наг пяць футаў у даўжыню — ад галавы да хваста.

Калі трэцяя частка яго тулава паднялася над зямлёй, ён спыніўся і пачаў гойдацца, як адуванчык пад ветрам, і глянуў на Рыкі-Цікі сваімі злоснымі змяінымі вочкамі, якія астаюцца заўсёды аднолькавымі, пра што б ні думаў Наг.

— Ты пытаеш, хто такі Наг? Глядзі на мяне і дрыжы! Бо Наг — гэта я…

І ён раздзімаў свой капюшон яшчэ больш, і Рыкі-Цікі ўбачыў на капюшоне акулярную метку, якраз такую, як стальная пятля ад стальнога кручка.

Рыкі зрабілася страшна — на хвіліну. Але больш як адну хвіліну мангусты наогул нікога не баяцца, і хоць Рыкі-Цікі ніколі не бачыў жывой кобры, бо матка карміла яго мёртвымі, — ён добра разумеў, што мангусты на тое і існуюць на свеце, каб ваяваць са змеямі, перамагаць іх і есці.

Гэта было вядома і Нагу, і таму ў глыбіні яго халоднага сэрца быў страх.

— Ну дык што! — сказаў Рыкі-Цікі, і хвост у яго пачаў надзімацца зноў. — Ты думаеш, калі ў цябе акуляры на капюшоне, дык ты маеш права глытаць птушанят, якія вываляцца з гнязда?

Наг думаў у гэты час пра другое і пільна прыглядаўся, ці не варушыцца трава за спіной у Рыкі. Ён ведаў, што, калі ў садзе з'явіліся мангусты, значыць, і яму і ўсяму змяінаму роду хутка прыйдзе канец. Але цяпер яму патрэбна было адцягнуць увагу ворага. Таму ён крышку нагнуў галаву і, схіліўшы яе набок, сказаў:

— Давай пагаворым. Ты ж птушыныя яйкі ясі, хіба не праўда? Дык чаму ж мне не паласавацца птушкамі?

— Ззаду! Ззаду! Агляніся назад! — спяваў у гэты час Дарзі.

Але Рыкі-Цікі добра разумеў, што вылупліваць вочы ўжо няма калі. Ён падскочыў як мага вышэй і ўбачыў унізе пад сабою сыклівую галаву Нагайны, злоснай жонкі Нага. Яна падкралася ззаду, пакуль Наг размаўляў з ім, і хацела яго прыкончыць. Яна таму і сіпела, што Рыкі ўцёк ад яе. Падскочыўшы, Рыкі бухнуўся прама да яе на спіну, і калі б ён быў крышку старэйшы, ён ведаў бы, што цяпер самая пара пракусіць ёй спіну зубамі: раз куснуў — і гатова! Але ён баяўся яе страшнага джала. Усё ж ён куснуў яе, але не так моцна, як трэба было, і адразу ж адскочыў ад выгінаў яе хваста, пакінуўшы яе разлютаванай і параненай.

вернуться

3

Кобра — атрутная змяя. На шыі ў яе малюнак, падобны да акуляраў. Калі яна злуецца, яна раздзімае шыю так, што атрымліваецца нешта накшталт капюшона.