— Брыдкі, брыдкі Дарзі! — сказаў Наг і выцягнуўся ўгору колькі мог, каб дастаць да гнязда, што вісела на шыпшынавым кусце. Але Дарзі знарок будуе сваё гняздо так высока, каб змеі не дасталі да яго, і гняздо толькі загойдалася на суку.
Рыкі-Цікі адчуваў, што вочы ў яго робяцца ўсё чырванейшыя і гарачэйшыя, а калі вочы ў мангуста чырванеюць, гэта значыць — ён вельмі злосны. Ён сеў на хвост і на заднія лапы, як маленькі кенгуру, і, паглядзеўшы на ўсе бакі, забалбатаў ад злосці. Але ваяваць не было з кім: Наг і Нагайна шмыгнулі ў траву і зніклі. Калі змяі здарыцца прамахнуцца, яна не гаворыць ніводнага слова і не паказвае, што яна збіраецца рабіць. Рыкі-Цікі нават не спрабаваў даганяць іх, бо ён не быў упэўнены ў тым, што зможа справіцца з абодвума ворагамі адразу. Ён пабег трушком у напрамку да дома, сеў на пясчанай сцежачцы і глыбока задумаўся. Ды і было над чым падумаць.
Калі табе прыйдзецца чытаць старыя кнігі па прыродазнаўству, ты прачытаеш, быццам укушаны змяёй мангуст зараз жа пачынае шукаць нейкую травіну, якая быццам бы вылечвае яго ад укусу. Гэта няпраўда. Перамога мангуста над кобрай — у шпаркасці яго вачэй і лап. У кобры — укус, у мангуста — скачок.
І таму, што ніякае вока не прасочыць руху змяінай галавы, калі яна хоча куснуць, гэты скачок мангуста больш дзіўны, чым усякія чараўнічыя травы.
Рыкі-Цікі добра разумеў, што ён яшчэ малады і ненапрактыкаваны. Таму яму і было так радасна думаць, што ён злаўчыўся ўцячы ад нападу ззаду. Ён адчуў вялікую пашану да сябе, і калі па садовай дарожцы падбег да яго Тэдзі, ён быў не супроць таго, каб дазволіць хлопчыку пагладзіць сябе. Але якраз у той момант, калі Тэдзі нахіліўся над ім, нешта прамільгнула, выкручваючыся ў пыле, і цененькі галасок вымавіў: «Сцеражыся! Я — смерць!»
Гэта была Карайт, пыльна-шэрая змейка. Джала ў яе такое ж атрутнае, як і ў кобры, але таму, што яна маленькая, ніхто і не глядзіць на яе, і такім чынам яна робіць людзям яшчэ больш шкоды.
Вочы ў Рыкі-Цікі зноў зрабіліся чырвоныя, і ён, падскокваючы, падбег да Карайт той асаблівай няроўнай хадою ўразвалку, якая дасталася яму ад ягоных прародзічаў. Хада пацешная, але вельмі зручная, таму што дае вам магчымасць зрабіць скачок пад любым патрэбным вуглом. А калі сутыкаешся са змеямі, гэта сама важнае. Паядынак з Карайт быў яшчэ больш небяспечны для Рыкі, чым бойка з Нагам, бо Карайт, такая маленькая, такая вёрткая і спрытная, што, калі толькі Рыкі не ўвап'ецца ў яе ззаду зубамі крышку ніжэй галавы, Карайт абавязкова ўджаліць яго або ў вока, або ў губу.
Але ж Рыкі гэтага не ведаў. Вочы ў яго зусім пачырванелі, ён ужо ні пра што не думаў — ён ішоў і пагойдваўся то ўзад, то ўперад, шукаючы, куды б яму лепш ушпіліцца зубамі. Карайт наляцела на яго, каб уджаліць. Рыкі адскочыў убок і хацеў ужо быў пусціцца наўцёкі, але праклятая пыльна-шэрая галоўка нагнала яго, і каб скінуць яе са спіны, яму прыйшлося перакуліцца ў паветры. Яна не адставала і імчалася за ім па пятах.
Тэдзі павярнуўся да дома і крыкнуў:
— Ідзіце паглядзіце: наш мангуст забівае змяю!
І Рыкі-Цікі пачуў, як войкнула Тэдзева матка. Бацька хлопчыка выбег з кіем, але якраз у гэты час Карайт зрабіла няўдалы скачок — скочыла далей, чым трэба, — і Рыкі-Цікі ўскочыў на Карайт і ўшпіліўся зубамі крышку ніжэй яе галавы, а потым адкаціўся ад яе. Карайт адразу перастала варушыцца, і Рыкі-Цікі падрыхтаваўся ўжо з'есці яе, пачынаючы ад хваста (такі абедзенны звычай у мангустаў), як раптам успомніў, што мангусты ад сытнай ежы цяжэюць і што, калі ён хоча захаваць свой спрыт і сілу, ён павінен аставацца худы. Ён адышоўся і пачаў купацца ў пыле пад кустом клешчавіны, а Тэдзеў бацька накінуўся з кіем на мёртвую Карайт.
«Навошта гэта? — думаў Рыкі. — Я ж ужо прыкончыў яе».
І тут да Рыкі-Цікі падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу і пачала моцна прыціскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерці, а Тэдзі зрабіў вялікія вочы, і ў ягоных вачах быў спалох. Мітусня спадабалася Рыкі, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякім выпадку, усё гэта было вельмі прыемным.
Калі селі абедаць, Рыкі-Цікі, гуляючы па абрусе сярод шклянак віна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымі прысмакамі, але ён успомніў пра Нага і Нагайну, і хоць яму было вельмі прыемна, што Тэдзева маці ціскае і гладзіць яго і што Тэдзі садзіць яго да сябе на плячо, але вочы ў яго штохвіліны чырванелі, і ён кідаў свой ваяўнічы кліч: