Выбрать главу

Прыляцеўшы на сметнік, яна пачала варушыцца за два крокі ад Нагайны і пры гэтым на ўвесь голас крычала:

— Вой, у мяне перабіта крыло! Хлопец, што жыве ў доме, кінуў у мяне камень і перабіў мне крыло!

І яна з яшчэ большым адчаем залопала крыламі.

Нагайна падняла галаву і засіпела:

— Гэта ты папярэдзіла Рыкі-Цікі, што я хачу ўкусіць яго? Дрэннае ж ты выбрала месца кульгаць!

І яна пасунулася па пыльнай зямлі да жонкі Дарзі.

— Хлопец перабіў яго каменем! — крычала жонка Дарзі.

— Добра, можа, табе будзе прыемна даведацца, што, калі ты памрэш, я разлічуся з гэтым хлопцам па-свойму. Сёння з самага ранку мой муж ляжыць на гэтым сметніку, але яшчэ да захаду хлопчык, што жыве ў доме, таксама будзе ляжаць вельмі ціха… Але куды ж ты? Ці не думаеш ты ўцячы? Усё роўна ад мяне нідзе не дзенешся! Дурная, паглядзі на мяне!

Але жонка Дарзі добра разумела, што якраз гэтага ёй і не трэба рабіць, бо варта толькі якой-небудзь птушцы глянуць змяі ў вочы, як на птушку са страху находзіць слупняк, і яна ўжо не можа паварушыцца.

Жонка Дарзі рванулася прэч, жаласна папіскваючы і бездапаможна лапочучы крыламі. Над зямлёй яна не ўзляцела ні разу, а Нагайна імчалася за ёй усе шпарчэй.

Рыкі-Цікі пачуў, што яны бягуць ад стайні па садовай дарожцы, і кінуўся да грады з дынямі, па той бок яе, што каля самага плота. Там у разапрэлай зямлі, якая пакрывала дыні, ён знайшоў дваццаць пяць змяіных яек, вельмі добра схаваных, — кожнае такой велічыні, як яйка бантамкі[4], — толькі замест шкарлупіны яны былі пакрыты белаватай скуркай.

— Яшчэ дзень, і было б позна! — сказаў Рыкі-Цікі, бо ён убачыў, што ўсярэдзіне ляжаць, скруціўшыся, маленькія кобры. Ён ведаў, што з той самай хвіліны, як яны вылупяцца з яек, кожная можа забіць чалавека або мангуста. Ён пачаў хутка-хутка надкусваць вяршкі яек, стараючыся зачапіць і галоўкі змеянят, і ў той жа час ён не забываўся капануць граду то там, то тут, каб не пакінуць якога-небудзь яйка незаўважаным.

Асталося ўсяго тры яйкі, і Рыкі-Цікі пачаў ужо хіхікаць ад радасці, калі жонка Дарзі крыкнула яму:

— Рыкі-Цікі! Я завяла Нагайну пад дом, і Нагайна папаўзла на веранду. О, хутчэй! Хутчэй! Яна надумала забойства!

Рыкі-Цікі надкусіў яшчэ два яйкі, а трэцяе ўзяў у зубы і памчаўся пад веранду. Тэдзі, яго маці і бацька сядзелі на верандзе за снеданнем. Але Рыкі-Цікі заўважыў, што яны нічога не елі. Яны сядзелі нерухома, як каменныя, і твары ў іх былі белыя. А па цыноўцы, каля самага крэсла Тэдзі, выгіналася кольцамі Нагайна. Яна падпаўзла так блізка, што магла ў любы момант уджаліць голую нагу Тэдзі. Пагойдваючыся ў розныя бакі, яна спявала пераможную песню.

— Сын Вялікага Чалавека, які забіў Нага, — сыкала яна, — пачакай крыху, сядзі і не зварухніся. Я яшчэ не гатова. І вы ўсе трое сядзіце цішэй. Калі вы паварушыцеся, я ўджалю яго. Калі вы не паварушыцеся, я таксама ўджалю. О, неразумныя людзі, забойцы Нага!

Тэдзі, не адрываючыся, упіўся вачамі ў бацьку, а бацька толькі і мог шаптаць:

— Сядзі і не варушыся, Тэдзі. Сядзі і не варушыся!

Тут падбег Рыкі-Цікі і крыкнуў:

— Павярніся да мяне, Нагайна, павярніся і давай змагацца!

— Усё ў свой час! — адказала яна, не гледзячы на Рыкі-Цікі. — З табою я разлічуся потым. А пакуль што паглядзі на сваіх любых сяброў: як яны прыціхлі і якія ў іх белыя твары. Яны спалохаліся, яны не смеюць паварушыцца. І калі ты зробіш хоць адзін крок, я ўджалю.

— Паглядзі на сваіх змеянят, — сказаў Рыкі-Цікі, — там, каля плота, на градзе з дынямі. Ідзі і паглядзі, што з імі стала.

Змяя зірнула ўбок і ўбачыла на верандзе яйка.

— О! Дай яго мне! — закрычала яна.

Рыкі-Цікі паклаў яйка паміж пярэднімі лапамі, і вочы ў яго зрабіліся чырвоныя, як кроў.

— А які выкуп за змяінае яйка? За маленькую кобру? За кобру-царэўну? За сама, сама апошнюю ў родзе? Астатніх на градзе з дынямі ўжо жаруць мурашкі.

Нагайна павярнулася да Рыкі-Цікі. Яйка прымусіла яе забыцца на ўсё, і Рыкі-Цікі бачыў, як бацька Тэдзі працягнуў вялікую руку, ухапіў Тэдзі за плячо, правалок яго па стале, застаўленым кубкамі і шклянкамі, у такое месца, дзе змяя не дастане яго.

— Ашукаў! Ашукаў! Ашукаў! Рык-чк-чк! — дражніў яе Рыкі-Цікі. — Хлопчык застаўся цэлы, а я, я, я сёння ўночы злавіў твайго Нага за каршэнь… там, у ванным пакоі… ага!

вернуться

4

Бантамка — курыца дробнай пароды.