Выбрать главу

Тут ён пачаў падскокваць і прыціскацца галавою да падлогі.

— Наг размахваў мной ва ўсе бакі, але не мог скінуць мяне з сябе! Ён ужо быў нежывы, калі Вялікі Чалавек рассек яго кіем на дзве часткі. Забіў яго я, Рыкі-Цікі-чк-чк! Выходзь жа, Нагайна. Выходзь і біся са мной. Табе нядоўга асталося быць удавой!

Нагайна ўбачыла, што Тэдзі ёй ужо не забіць, а яйка ляжыць у Рыкі-Цікі паміж лапамі.

— Аддай мне яйка, Рыкі-Цікі… Аддай мне маё апошняе яйка, я пайду і не вярнуся ніколі, — сказала яна, апускаючы свой капюшон.

— Так, ты пойдзеш і ніколі не вернешся, Нагайна, бо табе хутка ляжаць побач з тваім Нагам на сметніку. Хутчэй жа змагайся са мною. Вялікі Чалавек пайшоў па стрэльбу ўжо. Змагайся ж са мною, Нагайна!

Рыкі-Цікі бегаў кругом Нагайны на такой адлегласці, каб яна не магла яго зачапіць, і яго маленькія вочкі былі, як гарачае вуголле.

Нагайна скруцілася ў клубок і з усёй сілы наляцела на яго. А ён адскочыў угору — і назад. Зноў, і зноў, і зноў паўтараліся яе напады, і кожны раз яе галава стукалася з размаху аб цыноўку, і яна зноў скручвалася, як пружына ў гадзінніку. Рыкі-Цікі танцаваў па крузе, жадаючы абысці яе ззаду, але Нагайна кожны раз паварочвалася, каб сустрэць яго тварам у твар, — і ад гэтага яе хвост шалясцеў па цыноўцы, як сухое лісце пад ветрам.

Ён і забыўся пра яйка. Яно ўсё яшчэ ляжала на верандзе, і Нагайна падкрадвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. І нарэшце, калі Рыкі-Цікі прыпыніўся, каб аддыхнуць крыху, яна падхапіла яйка і, слізгануўшы па сходках веранды, панеслася як страла па дарожцы. Рыкі-Цікі — за ёй. Калі кобра ўцякае ад смерці, яна выгінаецца так, як дубец, якім хвошчуць конскую шыю.

Рыкі-Цікі ведаў, што ён павінен дагнаць яе, інакш усе трывогі пачнуцца спачатку. Яна неслася да цярноўніку, каб шмыгнуць у густую траву, і Рыкі-Цікі, прабягаючы, пачуў, што Дарзі ўсё яшчэ распявае сваю недарэчную пераможную песню. Але жонка Дарзі была разумнейшая за яго. Яна вылецела з гнязда і залапатала крыламі над галавой Нагайны. Калі б Дарзі прыляцеў ёй на дапамогу, яны, можа, прымусілі б кобру звярнуць з дарогі. Цяпер жа Нагайна толькі крышку апусціла свой капюшон і паўзла далей нацянькі. Але гэта лёгкая затрымка наблізіла да яе Рыкі-Цікі, і, калі яна шмыгнула ў нару, дзе жылі яна і Наг, белыя зубы Рыкі ўчапіліся ёй у хвост, і Рыкі праціснуўся туды следам за ёю, а, дапраўды, не ўсякі мангуст, нават сама разумны і стары, адважыцца пайсці за кобрай у нару. У нары было цёмна, і Рыкі-Цікі не мог адгадаць, дзе яна пашыраецца настолькі, што Нагайна павернецца і ўджаліць яго. Таму ён люта ўчапіўся ў яе хвост і, карыстаючыся лапамі, як тармазамі, з усёй моцы ўпіраўся ў мокрую цёплую зямлю.

Хутка трава перастала хістацца каля ўвахода ў нару, і Дарзі сказаў:

— Загінуў Рыкі-Цікі! Мы павінны праспяваць яму пахавальную песню. Бясстрашны Рыкі-Цікі загінуў. Нагайна заб'е яго ў сваім падзямеллі. У гэтым няма ніякага сумнення.

І ён заспяваў вельмі сумную песню, якую склаў у той жа момант, але толькі ён дайшоў да сама сумнага месца, як трава над нарой заварушылася зноў, і адтуль, увесь заквэцаны ў гразь, выбраўся, аблізваючы вусы, Рыкі-Цікі. Дарзі ўскрыкнуў не вельмі голасна і спыніў сваю песню.

Рыкі-Цікі абтрос з сябе пыл і чхнуў.

— Усё скончана, — сказаў ён. — Удава ніколі ўжо не выйдзе адтуль.

І чырвоныя мурашкі, што жывуць паміж сцяблоў травы, пачалі спускацца ў нару, каб даведацца, ці праўду ён гаворыць.

Рыкі-Цікі скруціўся ў клубок і тут жа, у траве, не сыходзячы з месца, заснуў — і спаў, і спаў, і спаў да самага вечара, бо нялёгкая была яго работа ў той дзень.

А калі прачнуўся, ён сказаў:

— Цяпер я пайду дадому. Ты, Дарзі, паведамі кавалю, а ён паведаміць усяму саду, што Нагайна памерла ўжо.

Каваль — гэта птушка. Гукі, якія выходзяць з яе горла, зусім як удары малаточка па медным тазе. Гэта таму, што яна служыць за вяшчальніка ў кожным індускім садзе і паведамляе навіны кожнаму, хто хоча слухаць яе.

Ідучы па садовай дарожцы, Рыкі-Цікі пачуў яе першую трэль — як удары ў маленькі абедзенны гонг. Гэта азначала: «Маўчыце і слухайце!» А потым звонка і цвёрда:

— Дзінг-донг-ток! Наг памёр! Донг! Нагайна памерла! Дзінг-донг-ток!

І адразу ўсе птушкі ў садзе заспявалі і ўсе жабы заквакалі, бо Наг і Нагайна жэрлі і птушак і жаб.

Калі Рыкі-Цікі падышоў пад дом, Тэдзі, і Тэдзева матка (яна ўсё яшчэ была вельмі белая), і Тэдзеў бацька кінуліся яму насустрач і ледзь не заплакалі. У гэты вечар яму надавалі столькі ўсякай ежы, што ён і еў бы больш, ды не мог, а калі прыйшоў час спаць, ён усеўся Тэдзі на плячо і выправіўся ў ложак разам з ім. Там убачыла яго Тэдзева маці, якая прыйшла праведаць сына ўвечары.