— Гррб! — адказаў Вярблюд.
Джын сеў на пясок і, абапёршыся падбародкам на руку, пачаў чараваць, а Вярблюд стаяў і хоць бы што: любаваўся сваім адлюстраваннем у лужыне.
— Конь, Бык і Сабака працавалі ад самай раніцы, ад панядзелка, і працавалі болей, чым трэба, таму што ты такі несумленны гультай, — сказаў Джын.
І ён зноў абапёрся рукою на падбародак і чараваў далей.
— Гррб! — паўтарыў Вярблюд.
— І як табе не надакучыць гэтае слова? Каторы раз ты яго паўтараеш? Несумленны гультай, я хачу, каб ты працаваў.
— Гррб! — паўтарыў Вярблюд.
І раптам спіна, якой ён так ганарыўся, пачала ў яго пухнуць, і пухла, і пухла, пакуль у яго не вырас вялізны цвёрды горб.
— Палюбуйся! — сказаў Джын. — Гэта той самы «Гррб», пра які ты толькі і гаворыш. Ён вырас у цябе таму, што ты — несумленны гультай. Работа пачалася ад панядзелка, сёння чацвер, а ты да гэтага часу яшчэ не ўзяўся за работу. Але цяпер ты пачнеш працаваць!
— Як жа буду я працаваць, калі ў мяне вялізны Гррб? — запытаў Вярблюд.
— А гэта табе ў пакаранне! — адказаў Джын. — За тое, што ты прагуляў трое сутак. Але цяпер ты можаш працаваць тры дні без усякай яды, бо ты будзеш есці свой уласны Гррб. Жыў жа ты тры дні адным толькі «Грбб». Пасля гэтага, я спадзяюся, ты не будзеш казаць, што я пра цябе не клапачуся. А цяпер выбірайся з Пустыні, ідзі да Каня, Сабакі і Быка і, глядзі, паводзь сябе добра.
І пайшоў Вярблюд са сваім гарбом да Каня, Сабакі і Быка. І да гэтага часу ён цягае на спіне свой горб (мы не кажам ужо «Грбб», мы кажамі «горб», каб не пакрыўдзіць Вярблюда), і да гэтага часу ён не можа нагнаць трох дзён, якія ён прагуляў напачатку, калі зямля была новая, і да гэтага часу не можа навучыцца, як трэба сябе паводзіць.
Адкуль у насарога скура
У нейкім царстве, у нейкім уладарстве, на Чырвоным моры, каля самага берага, стаяла Незаселеная выспа. На выспе жыў парс, а ў парса была шапка, і яна блішчала на сонцы, як сонца.
Толькі і было дабра ў парса, што шапка, ды нож, ды печка, — а вам гэтую печку чапаць рукамі нельга.
І вось аднаго разу ўзяў парс ізюму, і мукі, і вады, і сліў, і цукру, і ўсяго ўсялякага, змяшаў усё ў кучу і зрабіў сабе пірог, надзвычайны чароўны пірог, у два аршыны даўжынёй, тры аршыны шырынёй; і паставіў яго на печку: яму, значыць, можна было падыходзіць да гэтай печкі. І так ён пёк гэты пірог, што той зарумяніўся, і дух ад яго пайшоў дзівосны.
Але толькі парс разявіў рот і хацеў з'есці пірог, глядзіць — ідзе Насарог, а ў Насарога на носе рог, і вочкі ў яго парасячыя, і манеры ў яго дрэнныя.
У тыя часы насарогі насілі скуру ў абцяжку, без адзінай складачкі, і вельмі падобныя былі да цацачных, толькі былі, вядома, буйнейшыя. Усё ж яны і цяпер недалікатныя, раней былі недалікатныя і заўсёды будуць недалікатныя.
Насарог сказаў:
— Угу.
І пакінуў парс пірог, і кінуўся да пальмы і, у чым быў, палез на верхавіну, а быў ён у адной шапцы, а шапка блішчала на сонцы, як сонца.
І ткнуў Насарог у яго печку носам, і печка перакулілася дагары нагамі, і пакаціўся пірог па пяску, і падхапіў Насарог пірог на рог, і пачаў яго есці, а з'еўшы, пайшоў у бязлюдную, незаселеную пустыню, недалёка ад астравоў па суседству Мазандэрана, Сакотра і мысаў Вялікага Раўнадзенства.
Тады парс злез з дрэва, паставіў печку на ножкі і прагаварыў такое заклінанне: