— Гэта наш збаўца! — сказала яна мужу. — Падумай толькі: ён выратаваў і Тэдзі, і цябе, і мяне.
Рыкі-Цікі адразу ж прачнуўся і нават падскочыў, бо сон у мангустаў вельмі чуткі.
— А, гэта вы! — сказаў ён. — Чаго ж вам яшчэ непакоіцца: ніводнай жывой кобры не асталося, а каб і асталося — дык я ж тут.
Рыкі-Цікі меў права ганарыцца сабою. Але ўсё ж ён вельмі не задаваўся і, як сапраўдны мангуст, ахоўваў гэты сад і зубам, і кіпцем, і скачком, і наскокам, так, што ніводная кобра не смела паткнуцца сюды цераз агароджу.
(Тут песня перарываецца, бо Рыкі-Цікі-Таві перашкодзіў спеваку далей спяваць яе.)
Казка пра старога кенгуру
Не заўсёды Кенгуру быў гэтакі, як цяпер, а быў ён Інакшы — Маленькі і на чатырох нагах. Ён быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы. Ён скакаў па камяністых пагорках у самай сярэдзіне Аўстраліі і аднойчы з'явіўся перад Малодшым Богам па імені Нка.
З'явіўся ён да Нка ў шэсць перад снеданнем і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Усхапіўся Нка са свайго пясочнага трона і закрычаў:
— Ідзі прэч!
А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на скалістым выступе ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Сярэдняга Бога Нкінга.
З'явіўся ён да Нкінга ў восем пасля снедання і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывёлін і каб мяне ведалі ўсюды, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Выскачыў Нкінга са сваёй нары ў гушчары і закрычаў:
— Ідзі прэч!
А Кенгуру быў шэры і калматы і страшэнна фанабэрлівы: ён паскакаў на пясчанай водмелі ў самай сярэдзіне Аўстраліі і падаўся да Старшага Бога Нконга.
З'явіўся ён да Нконга ў дзесяць яшчэ да абеду і кажа:
— Зрабі мяне непадобным на ўсіх астатніх жывелін і каб мяне ведалі ўсюды і ўвесь час за мною ганяліся, ды не пазней як да пяці гадзін дня.
Выскачыў Нконг са сваёй ванны ў саляным азярцы і закрычаў:
— Хай будзе па-твойму!
Паклікаў Нконг Дынга — Жоўтага Сабаку Дынга, вечна галоднага і вельмі запыленага, што было прыкметна на сонцы, — і паказаў яму на Кенгуру. І Нконг сказаў:
— Дынга! Прачніся, Дынга! Ты бачыш гэтага скакуна каля кручы? Ён хоча, каб яго ведалі ўсюды і ўвесь час за ім ганяліся. Выканай яго жаданне, Дынга!
Усхапіўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга — і спытаў:
— Вось гэтага — не то ката, не то труса?
І рвануўся Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўлянай чорнай зяпай, падобнай на вядзерца для вугалю, — і рынуўся на Кенгуру.
А фанабэрлівы Кенгуру кінуўся наўцекі на ўсіх сваіх чатырох лапах, быццам якое-небудзь трусяня.
На тым, мой любенькі, і канчаецца першая частка гісторыі!
Кенгуру бег па пустыні; ён бег цераз горы; бег цераз высахлыя саляныя азёры; бег праз чараты; бег праз зараснікі эўкаліптаў; бег праз калючыя хмызнякі; бег, пакуль у яго не забалелі пярэднія лапы.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Дынга — Жоўты Сабака Дынга, вечна галодны, з разяўленай вастразубай, падобнай на пастку, зяпай; ён не набліжаўся і не адставаў, а ўсё імчаўся за Кенгуру.
Нічога не зробіш — давялося!
Бег і бег Кенгуру — Стары Кенгуру. Ён бег праз зараснікі дрэў; бег праз зараснікі кустоў; бег па высокай траве; бег па нізкай траве; бег цераз тропікі Рака і Казярога; бег, пакуль у яго не забалелі заднія лапы.