І, ах, — гэта было нездарма!
Таму што прайшло пяць тыдняў, і ў Чырвоным моры зрабілася горача, і ўсе пачалі скідаць з сябе адзенне. Парс скінуў з сябе шапку, а Насарог скуру, перакінуў яе цераз плячо і пайшоў купацца. Тады яшчэ скура ў Насарога зашпільвалася на жываце на тры гузікі і была падобна на ватэрпруф[1].
Сустрэўшы парса, ён нават не ўспомніў пра пірог, бо, паўтараю, ён быў вельмі недалікатны, — раней, цяпер і заўсёды. Валюхаючыся, ён проста палез у ваду і пачаў пускаць праз нос бурбалкі, а скуру пакінуў на беразе.
Ідзе міма парс і бачыць: скура. Усміхнуўся парс хітрай усмешкай — і раз, і другі. Потым тройчы пратанцаваў ён вакол скуры, кожны раз паціраючы рукі.
Потым ён кінуўся дадому і набраў поўную шапку крошак, якія засталіся ад пірага. Парс толькі і еў што пірагі, а крошак ніколі не вымятаў. І ён узяў гэту скуру, і памяў гэту скуру, і пацёр гэту скуру, і распасцёр гэту скуру, і набіў яе знізу даверху засохлымі, жорсткімі, чорствымі, калючымі крошкамі і гарэлымі ізюмінкамі. Потым узлез на пальму і пачаў чакаць, каб Насарог выйшаў з вады і нацягнуў на сябе сваю скуру.
Насарог так і зрабіў. Ён зашпіліўся на тры гузікі, і адразу ж яго пачало драпаць, як драпаюць крошкі ў пасцелі. Яму захацелася пачухацца, але ад гэтага зрабілася яшчэ горш. Грымнуўся ён тады аб зямлю і пачаў качацца па зямлі, і качаўся, і качаўся, і качаўся, і чым больш качаўся, тым больш даймалі яго крошкі — і ўсё горш, і горш, і горш. Кінуўся Насарог да пальмы і пачаў аб яе церціся, і цёрся, і цёрся, і цёрся. І так доўга ён цёрся, і так моцна ён цёрся, што нацёр сабе на скуры вялікую складку — якраз над плячамі, і другую складку на жываце, дзе раней былі гузікі (але ён адцёр гэтыя гузікі прэч), і яшчэ нацёр складак у сябе на нагах. І гэта вельмі сапсавала яго характар, але не пазбавіла яго ад крошак. Крошкі засталіся ў яго за скурай і драпалі як ні ў чым не было. І ён пайшоў дадому ўвесь падрапаны і вельмі сярдзіты. І з таго часу да гэтага дня ў кожнага насарога вельмі тоўстыя складкі на скуры і вельмі дрэнны характар, і ўсё таму, што за скурай у яго крошкі.
А парс злез з пальмы, насунуў на вочы шапку, якая блішчала на сонцы, як сонца, і пайшоў з таго месца прэч у кірунку да Оратава, Амігдала, Верхніх Далін Анантарывы і Балот Санапута.
Слонік
Гэта толькі цяпер, мілы мой хлопчык, у Слана ёсць хобат. А раней, даўным-даўно, ніякага хобата не было ў Слана. Быў толькі нос, падобны на аладку, чорненькі, велічынёю з чаравік. Гэты нос матляўся ва ўсе бакі, але ўсё ж быў нікуды не варты: хіба можна такім носам падняць што-небудзь з зямлі?
Але вось у той самы час, даўным-даўно, жыў адзін такі Слон, або, лепш сказаць, Слонік, які быў страшэнна дапытлівы, і каго, бывала, ні ўбачыць, да ўсіх прыстае з роспытамі. Жыў ён у Афрыцы, і да ўсёй Афрыкі прыставаў ён з роспытамі.
Ён прыставаў да Страўсіхі, сваёй даўгавязай цёткі, і пытаўся, чаму ў яе на хвасце пёры растуць так, а не гэтак, і даўгавязая цётка Страўсіха давала яму за гэта грымака сваёй цвёрдай, як камень, нагой.
Ён прыставаў да свайго даўганогага дзядзькі Жырафа і пытаўся, чаму ў яго на скуры плямы, і высачэзны дзядзька Жыраф даваў яму за гэта грымака сваім цвёрдым, як камень, капытом.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці.
І ён пытаўся ў сваёй тоўстай цёткі Бегемоціхі, чаму ў яе такія чырвоныя вочы, і тоўстая цётка Бегемоціха давала яму за гэта грымака сваім тоўстым капытом.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. Ён пытаўся ў свайго валасатага дзядзькі Павіяна, чаму ўсе дыні такія салодкія, і валасаты дзядзька Павіян даваў яму за гэта грымака сваёй махнатай, валасатай лапай.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. Што б ён ні ўбачыў, што б ён ні пачуў, што б ні панюхаў, да чаго б ні дакрануўся — ён зараз жа пытаўся пра ўсё і зараз жа атрымліваў грымака ад усіх сваіх дзядзькоў і цётак.
Але і гэта не стрымлівала яго дапытлівасці. І здарылася так, што ў адну прыгожую раніцу, незадоўга да раўнадзенства, гэты самы Слонік — назола і прыставака — запытаў пра адну такую рэч, пра якую яшчэ ніхто ніколі не пытаўся. Ён запытаў:
— Што есць у абед Кракадзіл?
Усе спалохана і моцна закрычалі:
— Т-с-с-с-с!
І зараз жа, без лішніх слоў, пачалі сыпаць яму грымакі.
Білі яго доўга, без перадышкі, але калі скончылі біць, ён зараз жа падбег да цярноўніку і сказаў птушцы Калакола, якая там сядзела:
— Мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, і ўсе мае цёткі білі мяне, і ўсе мае дзядзькі білі мяне за празмерную маю дапытлівасць, і ўсё ж мне страшэнна хацелася б ведаць, што есць у абед Кракадзіл?