Выбрать главу

І сказала птушка Калакола, сумна і горка ўсхліпваючы:

— Ідзі да берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, дзе растуць атрутныя дрэвы, якія наганяюць трасцу. Там ты даведаешся пра ўсё.

На другі ж дзень, калі ад раўнадзенства нічога не засталося, гэты дапытлівы Слонік набраў бананаў — цэлых сто фунтаў! — і цукровага трысця — таксама сто фунтаў! — і семнаццаць зялёных хрусткіх дыняў, узваліў усё гэта на плечы і, далікатна развітаўшыся са сваімі мілымі сваякамі, выправіўся ў дарогу.

— Бывайце! — сказаў ён ім. — Я іду да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо; там растуць дрэвы, яны наганяюць трасцу, і я даведаюся ўсё-такі, што есць у абед Кракадзіл.

І сваякі яшчэ раз добра ўсыпалі яму на развітанне, хоць ён вельмі далікатна прасіў іх не турбавацца.

І ён пайшоў ад іх, крыху пабіты, але не вельмі здзіўлены. Еў па дарозе дыні, а шкарлупіну кідаў на зямлю, бо падбіраць гэтыя шкарлупіны яму не было чым.

З горада Грэма ён пайшоў у Кімберлей, з Кімберлея ў Хамаву зямлю, з Хамавай зямлі на ўсход і на поўнач і ўсю дарогу частаваўся дынямі, пакуль, нарэшце, не прыйшоў да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай якраз такімі дрэвамі, як казала птушка Калакола.

А трэба табе ведаць, мой мілы хлопчык, што да таго самага тыдня, да таго самага дня, да той самай гадзіны, да той самай хвіліны наш дапытлівы Слонік ніколі не бачыў Кракадзіла і нават не ведаў, што гэта такое. Уяві ж сабе яго цікаўнасць!

Першае, што кінулася яму ў вочы, — быў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, які абкруціўся вакол нейкай скалы.

— Прабачце, калі ласка! — сказаў Слонік вельмі далікатна. — Ці не сустракаўся вам дзе-небудзь недалёка адгэтуль Кракадзіл? Тут так лёгка заблудзіцца.

— Ці не сустракаўся мне Кракадзіл? — злосна перапытаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Знайшоў пра што пытацца!

— Прабачце, калі ласка! — казаў далей Слонік. — Ці не можаце вы сказаць мне, што есць Кракадзіл у абед?

Тут Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, не мог ужо больш стрымацца, хуценька раскруціўся і велізарным хвастом даў Слоніку грымака. А хвост у яго быў як цэп і ўвесь пакрыты лускою.

— Вось дык дзіва! — сказаў Слонік. — Мала таго, што мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, і мой дзядзька біў мяне, і мая цётка біла мяне, і другі мой дзядзька, Павіян, біў мяне, і другая цётка, Бегемоціха, біла мяне, і ўсе як ёсць білі мяне за страшэнную маю дапытлівасць, — тут, як бачу я, пачынаецца тая ж самая гісторыя.

І ён вельмі ветліва развітаўся з Двухкаляровым Пітонам, Скалістым Змеем, дапамог яму зноў абкруціцца вакол скалы і пайшоў сабе далей; хоць яму нямала ўсыпалі, ён не вельмі дзівіўся гэтаму, а зноў узяўся за дыні і зноў кідаў шкарлупіну на зямлю, — бо, паўтараю, чым бы ён яе падымаў? — і хутка напаткаў нейкае бервяно, якое валялася каля самага берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай дрэвамі, што наганяюць трасцу.

Але на самай справе, мой мілы хлопчык, гэта было не бервяно, гэта быў Кракадзіл. І падміргнуў Кракадзіл адным вокам — вось так!

— Прабачце, калі ласка! — звярнуўся да яго Слонік вельмі ветліва. — Ці не здаралася вам сустрэць дзе-небудзь блізка ў гэтых мясцінах Кракадзіла?

Кракадзіл падміргнуў другім вокам і высунуў напалавіну свой хвост з вады. Слонік (зноў-такі вельмі ветліва!) адступіўся назад, бо новыя грымакі не цікавілі яго.

— Падыдзі бліжэй, мая крошка! — сказаў Кракадзіл. — Табе, уласна кажучы, навошта гэта патрэбна?

— Прабачце, калі ласка! — сказаў Слонік вельмі ветліва. — Мой бацька біў мяне, і мая маці біла мяне, мая даўганогая цётка Страўсіха біла мяне, і мой даўганогі дзядзька Жыраф біў мяне, мая другая цётка, тоўстая Бегемоціха, біла мяне, і другі мой дзядзька, калматы Павіян, біў мяне, і Пітон Двухкаляровы, Скалісты Змей, вось толькі што біў мяне балюча-балюча і цяпер — не ў крыўду хай вам будзе сказана — я не хацеў бы, каб мяне білі зноў.

— Падыдзі сюды, мая крошка, — сказаў Кракадзіл, — бо я і ёсць Кракадзіл.

І ён заплакаў кракадзілавымі слязамі, каб паказаць, што ён і сапраўды Кракадзіл.

Слонік страшэнна ўзрадаваўся. У яго захапіла дух, ён упаў на калені і крыкнуў:

— Вось вы мне і трэба! Я гэтулькі дзён шукаю вас! Скажыце мне, калі ласка, хутчэй, што вы ясце ў абед?

— Падыдзі бліжэй, мой маленькі, я шапну табе на вушка.

Слонік нагнуў галаву блізка-блізка да зубастай, ікластай кракадзілавай пашчы, і Кракадзіл схапіў яго за маленькі носік, які да гэтага самага тыдня, да гэтага самага дня, да гэтай самай гадзіны, да гэтай самай хвіліны быў ніколькі не большы за чаравік.