Выбрать главу

— Мне здаецца, — сказаў Кракадзіл, і сказаў гэта скрозь зубы, вось так — мне здаецца, што сёння на першую страву ў мяне будзе малады Слонік.

Слоніку, мой мілы хлопчык, гэта страшэнна не спадабалася, і ён сказаў праз нос:

— Пуздзідзе бядзе, бдзе вельмі балідзь! (Пусціце мяне, мне вельмі баліць!)

Тут Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, кінуўся са скалы і сказаў:

— Калі ты, о мой юны дружа, зараз жа не падасіся назад, колькі хопіць у цябе тваёй сілы, то мая думка такая, што не паспееш ты сказаць «раз, два, тры!», як, у выніку тваёй гутаркі з гэтым скураным мяшком (так ён велічаў Кракадзіла), ты трапіш туды, у той празрысты струмень…

Двухкаляровыя Пітоны, Скалістыя Змеі, заўсёды гавораць вось так.

Слонік сеў на заднія ножкі і пачаў цягнуць. Ён цягнуў, і цягнуў, і цягнуў, і нос у яго пачаў выцягвацца. А Кракадзіл адступіў далей у ваду, успеніў яе, нібы ўзбітыя вяршкі, цяжкімі ўдарамі свайго хваста, і таксама цягнуў, і цягнуў, і цягнуў.

І нос у Слоніка выцягваўся, і Слонік растапырыў усе чатыры нагі, такія маленечкія слановыя ножкі, і цягнуў, і цягнуў, і цягнуў, і нос у яго ўсё выцягваўся. І Кракадзіл біў хвастом, нібы вяслом, і таксама цягнуў, і цягнуў, і чым больш ён цягнуў, тым даўжэй выцягваўся ў Слоніка нос, і балюча было гэтаму носу страшэн-н-н-н-на!

І раптам Слонік адчуў, што ножкі яго заслізгалі па зямлі, і ён закрычаў праз нос, які зрабіўся ў яго амаль што пяць футаў даўжынёю:

— Хобідзь! Пакідзьце! Я больш дзе багу!

Пачуў гэта Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, кінуўся ўніз са скалы, абкруціўся двайным вузлом вакол задніх ног Слоніка і сказаў:

— О, нявопытны і легкадумны падарожны! Мы павінны напружыцца колькі можна, бо ўражанне ў мяне такое, што гэты ваенны карабель з жывым вінтом і браніраванай палубай, — так велічаў ён Кракадзіла, — хоча загубіць тваё будучае…

Двухкаляровыя Пітоны, Скалістыя Змеі, заўсёды гавораць так.

І вось цягне Змей, цягне Слонік, але цягне і Кракадзіл. Цягне, цягне, але таму што Слонік і Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, цягнуць мацней, то Кракадзіл урэшце выпусціў носік Слоніка і адляцеў назад з такім плёскатам, што чуваць было па ўсёй Лімпапо.

А Слонік як стаяў, так і сеў і вельмі балюча выцяўся, але ўсё ж паспеў сказаць Двухкаляроваму Пітону, Скалістаму Змею, дзякуй, хоць, праўду сказаць, яму было не да таго: трэба было хутчэй заняцца выцягнутым носам — абгарнуць яго халаднаватымі лістамі бананаў і апусціць у ваду соннай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, каб ён хоць крыху астыў.

— Навошта ты гэта робіш? — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей.

— Выбачайце, калі ласка, — сказаў Слонік, — нос у мяне страціў ранейшы выгляд, і я чакаю, каб ён зноў зрабіўся кароценькі.

— Доўга ж табе прыйдзецца чакаць, — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Проста дзіўна, як некаторыя не разумеюць сваёй выгады!

Слонік прасядзеў над вадою тры дні і ўсё чакаў, ці не зробіцца яго нос карацейшым. Але нос не рабіўся карацейшым, і — мала таго — з-за гэтага носа вочы ў Слоніка зрабіліся крыху касымі.

Таму што, мой мілы хлопчык, ты, спадзяюся, ужо здагадаўся, што Кракадзіл выцягнуў Слоніку нос у сама сапраўдны хобат — якраз такі, якія ёсць у цяперашніх Сланоў.

Пад канец трэцяга дня прыляцела якаясьці муха і ўкусіла Слоніка за плячо, і ён, сам не заўважаючы, што робіць, падняў хобат, стукнуў хобатам муху — і забіў яе насмерць.

— Вось табе і першая выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Ну, памяркуй сам: мог бы ты зрабіць што-небудзь такое сваім ранейшым маленечкім носам? Дарэчы, ці не хочаш есці?

І Слонік, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, пацягнуўся хобатам да зямлі, сарваў добры пучок травы, шлёпнуў ім аб пярэднія ногі, каб сцерушыць з яго пыл, і зараз жа сунуў сабе ў рот.

— Вось табе і другая выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Паспрабаваў бы ты зрабіць гэта сваім ранейшым маленечкім носам! Дарэчы, ці заўважыў ты, што сонца пачало надта прыпякаць?

— Бадай што і так! — сказаў Слонік.

І, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, зачэрпнуў сваім хобатам з соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо ілу і шлёпнуў яго сабе на галаву; іл расплыўся мокрай аладкай, і за вушы Слоніку пацяклі цэлыя ручаі вады.

— Вось табе трэцяя выгада! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Паспрабаваў бы ты зрабіць гэта сваім ранейшым маленечкім носам! І, дарэчы, што ты цяпер думаеш наконт грымакоў?

— Выбачайце, калі ласка, — сказаў Слонік, — але я, сапраўды, не люблю грымакоў.

— А ўсыпаць каму-небудзь іншаму? — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей.