Выбрать главу

— Гэта я з радасцю! — сказаў Слонік.

— Ты яшчэ не ведаеш свайго носа! — сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей. — Гэта проста скарб, а не нос. Усыпле каму хочаш.

— Дзякуй вам, — сказаў Слонік, — я прыму гэта да ведама. А цяпер мне пара дамоў. Я пайду да мілых сваякоў і праверу мой нос.

І пайшоў Слонік па Афрыцы, забаўляючыся і памахваючы хобатам.

Захочацца яму фруктаў — ён зрывае фрукты проста з дрэва, а не стаіць і не чакае, як раней, каб яны зваліліся на зямлю.

Захочацца яму траўкі — ён ірве яе проста з зямлі, а не бухаецца на калені, як бывала.

Мухі назаляюць яму — ён сарве з дрэва галінку і махае ёю, як веерам. Прыпякае сонца — ён апусціць свой хобат у раку, і вось на галаве ў яго халодная, мокрая нашлёпка. Сумна яму аднаму бадзяцца без справы па Афрыцы — ён іграе хобатам песні, і хобат у яго званчэйшы за сотню медных труб.

Ён знарок звярнуў з дарогі, каб адшукаць таўстуху Бегемоціху, добра ўсыпаць ёй і праверыць, ці праўду сказаў Двухкаляровы Пітон, Скалісты Змей, пра яго новы нос. Набіўшы Бегемоціху, ён пайшоў па ранейшай дарозе і падбіраў з зямлі тыя шкарлупіны дыняў, якія раскідваў па дарозе да Лімпапо, — бо ён быў Ахайным Таўстаскурым.

Сцямнела ўжо, калі ў адзін прыгожы вечар ён прыйшоў дамоў да сваіх мілых сваякоў. Ён згарнуў хобат у кальцо і сказаў:

— Добры вечар! Як маецеся?

Яны страшэнна ўзрадаваліся яму і зараз жа ў адзін голас сказалі:

— Хадзі, хадзі сюды, мы дамо табе грымакоў за нясцерпную тваю дапытлівасць.

— Эх вы! — сказаў Слонік. — Многа вы разумееце ў грымаках! Вось я дык сапраўды разумею ў гэтай справе. Хочаце, пакажу?

І ён разгарнуў свой хобат, і зараз жа два яго мілыя брацікі паляцелі ад яго дагары нагамі.

— Клянёмся бананамі! — закрычалі яны. — Дзе гэта ты так навастрыўся і што ў цябе такое з носам?

— Гэты нос у мяне новы, і даў мне яго Кракадзіл на соннай, смуроднай, мутна-зялёнай рацэ Лімпапо, — сказаў Слонік. — Я завёў з ім гутарку пра тое, што ён есць у абед, і ён падарыў мне на памяць новы нос.

— Брыдкі нос! — сказаў валасаты, калматы дзядзька Павіян.

— Можа, і так, — сказаў Слонік, — але карысны!

І ён схапіў валасатага дзядзьку Павіяна за валасатую нагу, разгайдаў і закінуў яго ў асінае гняздо.

І так расхадзіўся гэты сярдзіты Слонік, што набіў усіх сваіх мілых сваякоў. Біў ён іх, біў, так што ім горача зрабілася. Тыя вытрашчылі на яго вочы ад здзіўлення. Ён выскуб у даўгавязай цёткі Страўсіхі ледзь не ўсё пер'е з хваста; ён ухапіў даўганогага дзядзьку Жырафа за заднюю нагу і павалок яго па цярновых кустах; з гіканнем пачаў ён пускаць пузыры прама ў вуха сваёй тоўстай цётцы Бегемоцісе, калі тая драмала ў вадзе пасля абеду, але нікому не дазваляў крыўдзіць птушку Калакола.

Справа дайшла да таго, што ўсе яго сваякі — хто раней, хто пазней — пайшлі да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай дрэвамі, якія наганяюць на людзей трасцу, каб і ім падарыў Кракадзіл па такім самым носе.

Вярнуўшыся, сваякі ўжо болей не біліся, і ад таго часу, мой хлопчык, ва ўсіх сланоў, якіх ты калі-небудзь убачыш, ды і ў тых, якіх ты ніколі не ўбачыш, ва ўсіх такі самы хобат, як у гэтага дапытлівага Слоніка.

Ёсць у мяне шасцёра слуг, Рухавых, баявых, І ўсё, што бачыў я наўкруг, — Я ведаю ад іх.
Яны па знаку па майму З'яўляюцца ў бядзе. Слуг гэтых клічуць: Як, Чаму, Хто, Што, Калі і Дзе.
Я слуг па морах, па лясах Ганяю, крычучы. Пасля заўжды працую сам, А ім даю спачын.
Я раніцой, калі ўстаю, Бяруся працаваць, А ім свабоду я даю, — Няхай крыху паспяць.
Але ў мяне ёсць мілы друг, Асоба вось адна. Ёй служаць сотні тысяч слуг — Спакою ўсім няма.
Яна ганяе, як сабак, Улетку і ўзіму Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як І сто тысяч Чаму!

Адкуль узяліся браняносцы

Мілы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкія і Даўнія Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слімакоў і розную драбязу. І была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу і зялёную салату. Усё ішло добра, ці ж няпраўда, мілы хлопчык?

Але ў тую самую пару, у Далёкія і Даўнія Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямісты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавіць. Не ўдасца злавіць аленя — ён з'есць малпу; не ўдасца злавіць малпу — з'есць лягушку ці казюльку. А ўжо калі няма ні лягушак, ні казюляк — ён ідзе да сваёй маці Ягуарыхі, і тая растлумачвае яму, як трэба лавіць чарапах і вожыкаў.