Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, маці навучала яго:
— Калі, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кінь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калі знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.
І ўсё ішло добра, мой мілы хлопчык.
Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямісты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык і Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглі, і вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо інакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногі і галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.
Усё ішло як трэба, мілы мой хлопчык, ці ж няпраўда?
— Слухайце мяне ўважліва! — сказаў Плямісты Ягуар. — Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялікае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калі я ўбачу Вожыка, я павінен кінуць яго ў ваду, і тады ён сам сабою выпрастаецца, а калі я ўбачу Чарапаху, я павінен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, — клянуся маімі плямамі, не ведаю!
— Ці добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Ці не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калі ты выпрастаеш Чарапаху, ты павінен выдрапаць яе з вады, а калі ты зловіш Вожыка, ты павінен кінуць яго на панцыр?
— Ці добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? — спытала Чарапаха Няспешная. — Ці не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калі ты змочыш вадою Вожыка, ты павінен падрапаць яго лапай, а калі сустрэнеш Чарапаху, ты павінен падкінуць яе, каб яна выпрасталася?
— Наўрад ці гэта так! — сказаў Плямісты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся. — Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалі зараз. І калі можна, ясней.
— Калі ты падрапаеш ваду кіпцюрамі, налі яе і выпрастай Вожыкам, — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Запомні гэта добра, бо гэта вельмі важна.
— Але, — сказала Чарапаха Няспешная, — калі ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павінен паліць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты і гэтага не ведаеш?
— У мяне ад вашай блытаніны плямы на спіне забалелі! — сказаў Плямісты Ягуар. — Я не прашу ў вас парад, я толькі пытаюся, хто з вас Вожык і хто Чарапаха.
— Не скажу, — адказаў Вожык. — Але, калі хочаш — будзь ласкаў, — паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.
— Ага! — сказаў Плямісты Ягуар. — Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.
І стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, і ў лапу Ягуара ўпіліся вострыя калючкі Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нічога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкінуў Вожыка далёка-далёка ў лес і не мог знайсці яго ў кустах, бо было вельмі цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага іголкі пачалі калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калі загаварыў, сказаў:
— Цяпер я ўжо бачу, — то была зусім не Чарапаха. Але як мне даведацца, ці Чарапаха гэта?
І ён пачухаў патыліцу той лапай, якая не была паколата аб калючкі Вожыка.
— Я і ёсць Чарапаха, — прызналася Няспешная. — Твая матуля вучыла цябе правільна. Яна сказала табе, што ты павінен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!
— Толькі што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! — сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкі з лапы.
— Ты кажаш, што я кажу, што яна казала другое, — сказала Чарапаха. — Што ж з гэтага? Бо, калі, як ты казаў, я казала, што яна казала тое, што я казала, то і выходзіць, што я казала тое, што яна казала. А калі ты думаеш, што яна казала, нібыта ты павінен выпрастаць мяне лапай, а не кідаць мяне ў ваду разам з маім панцырам, — не я вінавата, ці ж няпраўда?
— Але ж толькі што ты сама казала, што я павінен выдрапаць цябе лапай з твайго панцыра, — сказаў Плямісты Ягуар.
— Падумай добра, і ты зразумееш, што я гэтага ніколі не казала. Я толькі казала, што твая мама казала, што ты павінен садраць з мяне кіпцюрамі мой панцыр, — сказала Няспешная.
— А што будзе, калі я здзяру з цябе панцыр? — асцярожна спытаўся Ягуар і пацягнуў носам паветра.
— Не ведаю, бо да гэтага часу ніхто яшчэ не здзіраў з мяне панцыра, але кажу табе праўду: калі ты хочаш паглядзець, як я паплыву ад цябе, — кінь мяне, калі ласка, у ваду.
— Я табе не веру! — сказаў Плямісты Ягуар. — Мама мая казала адно, а ты казала, што яна казала другое, і цяпер усё ў мяне так пераблыталася, што я не ведаю, дзе ў мяне хвост, дзе галава. А цяпер ты сказала простыя словы, якія я разумею, і гэта блытае мяне болей за ўсё. Мама вучыла мяне, каб я кінуў аднаго з вас у ваду, і таму што ты кажаш, што табе хочацца ў ваду, ясна, што табе не хочацца ў ваду. Дык скачы ж у мутную ваду ракі Амазонкі. Жыва!