— Добра, я скочу, але ведай: мама твая будзе вельмі незадаволена. Калі ласка, не кажы ёй, што я не казала табе, што яна казала…
— Калі ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!.. — ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як ні ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракі Амазонкі.
Доўга яна плыла пад вадою і выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.
— Мы ледзь не загінулі! — сказаў Вожык. — Не падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?
— Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусіў мяне скочыць у ваду і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што я і сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзіцца сваёй маці. Ты чуеш?
Было чуваць, як сярод хмызняку і дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар і кліча да сябе маці Ягуарыху. І яна прыйшла.
— Ах, сыночак, сыночак! — загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Ты, здаецца, рабіў такое, чаго табе не трэба было рабіць.
— Я сустрэў над ракою аднаго звярка і хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў, — што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!
— Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Па гэтых стрэмках, якія ўпіліся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кінуць яго ў ваду.
— У ваду я кінуў другога звярка. Ён сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявілася, што гэта і сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, і болей я не бачыў яе. І вось я астаўся галодны, і думаю, што нам трэба перасяліцца адсюль у іншыя месцы. Тут, на мутнай рацэ Амазонцы, усе звяры такія разумныя. Мне, небараку, не справіцца з імі.
— Ах, сыночак, сыночак! — сказала яго маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Слухай уважліва і запомні, што я скажу. Вожык згортваецца ў клубок, і яго калючкі тырчаць ва ўсе бакі. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Вожыка.
— Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Што яшчэ яна скажа яму?
— А Чарапаха не можа згортвацца, — гаварыла далей Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. — Чарапаха ўцягвае галаву і ногі пад панцыр. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Чарапаху.
— Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказала Чарапаха Няспешная. — Нават Плямісты Ягуар і той не забудзе такой простай лекцыі. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!
— Хопіць клапаціцца аба мне, — адгукнуўся Злючка-Калючка. — Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, і ў якую бяду мы папалі! Прыслухайся, што кажа Ягуар!
А Плямісты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкі і ціха мармытаў:
— Гэтага ён ніколі не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! — сказаў Вожык. — Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная, — я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбіцца потым.
— З прыемнасцю! — сказала Чарапаха.
І яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.
— З цябе выйдзе вельмі добры плывец! — сказала яна Вожыку. — А цяпер, зрабі ласку, распусці ў мяне на спіне тыя шнуркі, якімі сцягнуты мой панцыр, — я паспрабую згарнуцца ў клубок.
Злючка-Калючка распусціў на спіне ў Чарапахі шнуркі, і Чарапаха пачала так згінацца і курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца, — не зусім, а крышачку.
— Вельмі добра! — сказаў Вожык. — Але хопіць, болей не трэба. У цябе нават твар пасінеў. А цяпер, калі ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмі лёгка.
І Вожык зноў паплыў, — гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з ім.
— Вельмі добра! — сказала яна. — Яшчэ крыху, і ты будзеш плаваць не горш за Кіта. А цяпер, зрабі ласку, распусці шнуркі на маім панцыры яшчэ на дзве дзірачкі, я паспрабую нахіліцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар!
— Вельмі добра! — ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы. — Ты згортваешся так добра — зусім як мае браты і сёстры. Дзве дзірачкі, ты кажаш? Добра, толькі не трэба так моцна сапці, а то пачуе Плямісты Ягуар. Смялей! Калі ты скончыш, я паспрабую нырнуць і даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Але як стуліліся шчыткі ў цябе на панцыры! Раней яны былі побач, а цяпер адзін на другім.