Выбрать главу

Гарасьо Кірога

Казкі трапічнага лесу

Гіганцкая чарапаха

Жыў у Буэнас-Айрэсе адзін чалавек, і быў ён шчаслівы, бо меў здароўе і быў працавіты. Але аднойчы ён захварэў, і лекары сказалі яму, што, толькі з'ехаўшы з горада, ён зможа паправіцца. Ехаць яму не хацелася, бо ў яго былі маленькія браты, якіх ён карміў, а хвароба дзень пры дні ўсё мацнела.

І вось аднойчы ягоны сябар, дырэктар Заапарку, сказаў яму:

— Вы мой сябар, вы добры працавіты чалавек. Таму я хачу, каб вы паехалі, пажылі ў лесе і, пажыўшы на свежым паветры, паправіліся. А паколькі вы ўмееце трапна страляць, дык папалюйце на лясных звяроў і прывязіце мне шкуры, а я вам заплачу наперад грошы, каб вашыя брацікі не галадавалі.

Хворы пагадзіўся і паехаў далёка ў лес, куды далей за Місьёнэс. Было там вельмі спякотна, і гэта прынесла яму карысць.

Жыў ён у лесе адзін і сам сабе варыў страву. Еў птушак і звяроў, на якіх паляваў са стрэльбай. А яшчэ еў фрукты. Спаў ён пад дрэвамі, а калі прыходзіла непагадзь, рабіў за пяць хвілін будан з пальмавага лісця ды сядзеў там задаволены, сярод лесу, які аж шалеў ад дажджу і ветру.

Са шкур ён зрабіў сабе клунак і насіў яго, перакінуўшы цераз плячо. А яшчэ ён налавіў шмат ядавітых змей, якіх захоўваў у вялікім арэху, бо ёсць там такія вялікія арэхі — як бляшанка пад газу.

Да чалавека зноў вярнуўся здаровы колер твару, добры апетыт, і быў ён дужы. І вось аднаго разу, калі яму вельмі хацелася есці, бо ўжо два дні ён не мог нічога ўпаляваць, убачыў ён на беразе вялікай затокі магутнага ягуара, які збіраўся з'есці чарапаху і, перавярнуўшы яе бокам, спрабаваў засунуць пад панцыр лапу і кіпцюрамі выцягнуць мяса. Заўважыўшы чалавека, ягуар страшна зароў і хацеў быў на яго скочыць. Але трапны паляўнічы пацэліў яму якраз між вачэй і прабіў галаву. Потым ён злупіў з ягуара шкуру — такую вялізную, што яна адна магла б паслужыць дываном на цэлы пакой.

«А цяпер, — падумаў чалавек, — пачастуюся я чарапахай. У яе такое смачнае мяса!»

Але, падышоўшы да чарапахі, ён убачыў, што яна параненая, і галава ў яе амаль адарваная ад шыі і вісіць усяго на двух-трох пасмачках.

Забыўшыся на голад, чалавек пашкадаваў няшчасную чарапаху. Ён зацягнуў яе вяроўкаю да свайго будана і перавязаў ёй анучкамі галаву. А каб зрабіць анучкі, яму давялося разадраць сваю кашулю, бо была ў яго толькі адна кашуля і ніякіх іншых ануч. Чарапаха была аграмадная, велічынёю з крэсла і важыла як дарослы мужчына. Таму, пакуль чалавек прыцягнуў яе, ён вельмі стаміўся.

Чарапаха зашылася ў куточак і нерухома ляжала там цэлымі днямі. А чалавек штодзень лячыў яе і пяшчотна пляскаў па спіне.

І вось нарэшце чарапаха паправілася. Але тут захварэў чалавек. У яго была гарачка, і яму ламала ўсё цела.

А потым ён зусім ужо не мог устаць. Гарачка ўвесь час мацнела, а горла аж гарэла ад смагі. Чалавек зразумеў, што цяжка захварэў, і, хоць быў адзін, прамовіў уголас, бо пачынаў ужо трызніць:

— Я памру, — сказаў чалавек. — Я адзін і ўжо не магу ўстаць, і няма нікога, хто падаў бы мне вады. Я памру ад смагі і голаду.

Неўзабаве гарачка яшчэ болей памацнела, і ён страціў прытомнасць. Але чарапаха чула яго і зразумела, што сказаў паляўнічы. Тады яна падумала:

«Тым разам чалавек пашкадаваў мяне і не з'еў, хоць быў галодны. Ён вылечыў мяне, а цяпер я яго буду лячыць».

Яна пайшла да затокі, знайшла панцыр маленькай чарапашкі, добра пашаравала яго пяском і попелам, набрала ў яго вады і напаіла чалавека, які ляжаў на коўдры і паміраў ад смагі. Потым яна назбірала смачных карэньчыкаў, сакавітых зёлак і прынесла іх чалавеку, каб той паеў. І чалавек еў, не ведаючы, хто яго корміць. Ён увесь час трызніў з гарачкі і нікога не пазнаваў.

Штораніцы чарапаха абыходзіла лес, шукаючы пажыўных карэньчыкаў, і карміла імі чалавека. Яна вельмі шкадавала, што не можа залезці на дрэвы і прынесці яму пладоў.

А паляўнічы еў і не ведаў, хто дае яму ежу. Але аднойчы ён апрытомнеў. Ён пачаў азірацца і ўбачыў, што зусім адзін, бо нікога ў лесе, апроч яго ды чарапахі, не было. Тады ён ізноў прамовіў уголас:

— Я адзін-адзінюткі ў лесе! Ліхаманка вернецца зноў, і я памру, бо толькі ў Буэнас-Айрэсе ёсць лекі, якія дазволяць мне ачуняць. Але я не змагу дайсці да Буэнас-Айрэса і сканаю тут у самоце.

Як ён і казаў, ліхаманка пад вечар вярнулася, ды яшчэ мацнейшая, чым раней. І ён зноў страціў прытомнасць.

Але чарапаха пачула яго і гэты раз і зноў падумала:

«Калі ён застанецца ў лесе, дык памрэ, бо тут няма лекаў. Я павінна занесці яго ў Буэнас-Айрэс».

Сказаўшы гэтак, яна зрэзала тонкія і моцныя, як вяроўкі, ліяны, асцярожненька ўсклала чалавека сабе на спіну і, каб не ўпаў, моцна прывязала яго ліянамі. Ёй давялося праявіць добрую кемнасць, каб прыладзіць стрэльбу, шкуры і арэх са змеямі ды не патрывожыць пры гэтым паляўнічага. Але ўрэшце ўсё атрымалася, як яна хацела, і яна рушыла ў дарогу.