Потым кайманы правялі яго да самай яго пячоры і, доўга-доўга падзякаваўшы, вярнуліся на сваё звычайнае месца. Рыбы таксама вярнуліся, і кайманы жылі і дагэтуль жывуць там вельмі шчаслівыя. Урэшце яны нават прызвычаіліся да таго, што па рацэ часам праплываюць параходы і караблі, якія вязуць апельсіны.
Але пра ваенныя караблі яны нават чуць нічога не хочуць.
Невідушчая лань
Жыла сабе аднойчы лань, і было ў яе двое дзетак-двайнятак, што ў аленяў бывае рэдка. Але неўзабаве адно яе дзіцё задраў дзікі кот, і засталася ў яе толькі адна дачушка. Усе лані ў лесе вельмі яе любілі і заўсёды ёй казыталі бакі.
Штораніцы, як толькі ўзыходзіла сонца, маці прымушала дачку паўтараць аленеву малітву. Гучала яна так:
Раней чым з'есці лісточак, добра яго панюхай, бо лісточкі бываюць атрутныя.
Раней чым падысці да ракі напіцца, ціхенька пастой і добра агледзь месца, каб упэўніцца, што побач няма кайманаў.
Кожныя паўгадзіны высока-высокенька задзірай галаву і нюхай паветра, каб пачуць пах ягуара.
Калі пасвішся, спачатку заўсёды паглядзі на траву — ці няма ў ёй гадзюк.
Гэтая малітва была ў маленькіх аленяў, як «Ойча наш» у людзей. І калі лань добра яе засвоіла, маці дазволіла ёй хадзіць адной.
І вось адным адвячоркам, калі лань бегала па лесе ды ласавалася далікатнымі лісточкамі, яна раптам убачыла проста перад сабою дупло вялікага трухлявага дрэва, з якога звісала шмат нейкіх склееных між сабою шарыкаў. Шарыкі былі цёмныя — такога колеру, як класная дошка.
Што б гэта магло быць? Лані было трошкі боязна. Але яна была добрай гарэзаю, і бадануўшы шарыкі галавой, адразу маланкай адскочыла прэч.
Азірнуўшыся, яна ўбачыла, што шарыкі трэснулі і з іх выцякаюць цягучыя кроплі. Апроч таго аднекуль выпаўзла шмат нейкіх белых мошак з тонкімі таліямі, якія забегалі па шарыках.
Лань падышла бліжэй. Але мошкі яе не кусалі. Тады яна асцярожна-асцярожненька лізнула адну кропельку кончыкам языка і ад задавальнення ажно прыжмурыла вочы: гэта былі кропелькі мёду, і мёд быў вельмі смачны, бо шарыкі цёмнага колеру былі пчалінымі вуллямі. Але пчолы не кусаліся, таму што ў іх не было джалаў. Ёсць такія пчолы.
За пару хвілін маладзенькая лань высмактала ўвесь мёд і, вельмі задаволеная, пайшла расказваць пра гэта маме. Але мама яе паўшчувала.
— Будзь вельмі асцярожная з пчалінымі гнёздамі, дачушка, — сказала яна. — Мёд вельмі смачны, але шукаць яго вельмі небяспечна. Абыходзь пчаліныя гнёзды, калі іх убачыш.
Лань задаволена крыкнула:
— Мама, але ж яны не кусаюцца! Авадні і мухі кусаюцца, а пчолы не.
— Ты памыляешся, дачушка, — сказала маці. — Сёння табе пашанцавала, і толькі. Але ёсць вельмі паганыя пчолы і восы. Сцеражыся іх, дачушка, а то прынясеш мне вялікае гора.
— Вядома, мама! Вядома! — адказала лань.
Але першае, што зрабіла наступнаю раніцай, — дык гэта пайшла па сцяжынках, зробленых у лесе людзьмі, якія шукаюць пчаліныя гнёзды.
Доўга яна хадзіла ці не, але ўрэшце адно гняздо знайшла. Гэтае гняздо належала цёмным пчолам з жоўтаю палоскай на таліі, і яны поўзалі па гняздзе. Вулей таксама выглядаў іначай, але лань падумала, што калі ўжо гэтыя пчолы большыя, дык і мёд у іх павінен быць смачнейшы.
Яна ўспомніла была матчыну перасцярогу, але падумала, што маці, відаць, перабольшвала, як заўсёды перабольшваюць маткі ў ланяў. І яна моцна баданула гняздо галавой.
Лепей бы яна ніколі гэтага не рабіла! Тут жа з гнязда вылецелі сотні, тысячы восаў, якія кінуліся на яе і пачалі кусаць. Яны пакусалі яе ўсю — і галаву, і жывот, і хвост. І што сама горшае, яны кусалі яе ў самыя вочы. Болей за дзесяць восаў уджалілі яе ў вочы!
Ашалеўшы ад болю, лань з лямантам кінулася прэч. Яна бегла і бегла, пакуль раптам не была вымушаная спыніцца. Яна нічога не бачыла! Яна аслепла, зусім аслепла!
Вочы ў яе страшна распухлі, і яна не бачыла зусім нічога. Яна сцішылася і, дрыжучы ад болю і страху, заплакала ў вялікае роспачы.
— Мама!.. Мама!..
А яе мама ўжо шукала яе паўсюль, бо заўважыла, што дачкі доўга няма. Калі ж яна ўрэшце яе знайшла, яна таксама прыйшла ў адчай, зразумеўшы, што яе дачка аслепла. Яна паклала яе галаву сабе на шыю і крок за крокам павяла дадому, а ўсе лясныя жыхары, якія сустракаліся ім па дарозе, падыходзілі і глядзелі, якія ў гаротнай лані распухлыя вочы.