Маці не ведала што рабіць. Якія прыкладаць лекі? Яна добра памятала, што ў паселішчы за лесам жыве чалавек, у якога лекі ёсць. Але той чалавек быў паляўнічы, і часам ён паляваў на аленяў. Праўда, казалі, што чалавек ён добры.
І хоць маці баялася весці дачку да чалавека, які палюе на аленяў, ды выйсця ў яе не было. І тады яна вырашыла спачатку схадзіць да мурашкаеда і папрасіць у яго рэкамендацыйны ліст, бо мурашкаед быў таму чалавеку блізкім сябрам.
І вось яна добра схавала сваю маленькую дачку і трушком пабегла праз лес. Па дарозе яна ледзь не патрапіла ў кіпцюры ягуару і, калі дабралася да логава свайго сябра, дык да таго стамілася, што не магла ўжо ступіць ні кроку.
Як мы ўжо казалі, гэты яе сябар быў мурашкаед. Але ён быў з дробнай пароды: гэтыя жывёлы — жоўтага колеру, а на жоўтую шкурку ў іх нібыта надзета нешта накшталт чорнай майкі на дзвюх шлейках, перакінутых паверх плеч. І яшчэ ў іх хвост як зачапка, бо яны заўсёды жывуць на дрэвах і вісяць на хвасце.
Адкуль жа ўзялася такая шчырая дружба паміж мурашкаедам і паляўнічым? У лесе пра гэта ніхто не ведаў, але мы калі-небудзь даведаемся пра прычыну.
І вось няшчасная маці дабралася нарэшце да мурашкаедава логвішча.
«Стук-стук!» — пастукалася яна, цяжка дыхаючы.
— Хто там? — спытаўся мурашкаед.
— Гэта я, лань!
— Ага! Ну і што ж лань хоча?
— Я прыйшла папрасіць у цябе рэкамендацыйны ліст, каб схадзіць да паляўнічага. Мая маленькая лань, мая дачка, аслепла.
— Як! Твая маленькая лань?! — ускрыкнуў мурашкаед. — Яна добрая жывёліна. І калі ўжо з ёй здарылася такое, дык я дам ёй усё, што яна хоча. Але ніякіх лістоў не трэба. Пакажыце паляўнічаму вось гэта, і ён дапаможа.
І мурашкаед кончыкам хваста падаў ёй сухую, зусім ссушаную галаву гадзюкі, з якой яшчэ тырчалі атрутныя зубы.
— Пакажыце яму гэта, — паўтарыў паядальнік мурашак, — і болей нічога не трэба.
— Дзякую табе, мурашкаед! — сказала задаволеная лань. — Ты таксама добрая жывёліна.
І яна хутчэй пабегла назад, бо было ўжо позна і пачынала брацца на дзень. Дабегшы да сховішча, яна забрала дачку, і яны разам пайшлі ў пасёлак. Маленькая лань увесь час жалілася ад болю. Але ўрэшце яны дайшлі. У пасёлку ім давялося ісці вельмі ціхенька і прыціскацца да сцен, каб іх не пачулі сабакі. І вось яны апынуліся ля дзвярэй паляўнічага.
«Стук-стук!» — пастукаліся яны.
— Хто там? — пачуўся з хаты голас чалавека.
— Гэта мы, лані!.. Мы прынеслі галаву гадзюкі!
Маці паспяшалася сказаць гэта, каб чалавек ведаў, што яны мурашкаедавы сяброўкі.
— Вунь як! — сказаў чалавек, адчыняючы дзверы. — А што здарылася?
— Мы прыйшлі папрасіць, каб вы палячылі маю дачку — вось гэтую маленькую лань, бо яна аслепла.
І яна расказала паляўнічаму ўсю гісторыю з пчоламі.
— Гм!.. — сказаў паляўнічы. — Давайце пабачым, што з гэтай паненкаю.
Ён вярнуўся ў хату, вынес адтуль высокае крэсла і пасадзіў у яго маленькую лань, каб, не згінаючыся, добра паглядзець яе вочы. Ён аглядаў вочы, блізенька падносячы вялікае круглае шкло, а мама свяціла ліхтарыкам, які вісеў у яе на шыі.
— Нічога страшнага, — урэшце сказаў паляўнічы, дапамагаючы лані злезці. — Але трэба будзе пацярпець. Кожную ноч прыкладайце на вочы вось гэтую мазь і трымайце вашую дачку дваццаць дзён у цемры. А потым адзеньце ёй гэтыя жоўтыя акуляры, і яна вылечыцца.
— Шчыра дзякуем вам, паляўнічы! — вельмі задаволена адказала маці. — Колькі я вам вінаватая?
— Ніколькі, — усміхаючыся адказаў паляўнічы. — Але, ідучы назад, сцеражыцеся сабак, бо ў суседнім квартале жыве чалавек, у якога сабакі, навучаныя браць след аленяў.
Лані вельмі былі напалоханыя. Яны ішлі назад, ледзь дакранаючыся да зямлі, і кожную хвіліну спыняліся. Але сабакі ўсё роўна іх вынюхалі і пагналіся за імі. Лані кінуліся ўцякаць па шырокай лясной сцяжынцы, і маленькая лань, якая бегла паперадзе, увесь час жаласна бляяла ад страху. Але нарэшце, прагнаўшы іх па лесе амаль паўмілі, сабакі адсталі.
Маці лячыла дачушку так, як патлумачыў ёй паляўнічы. Толькі яна адна ведала, якіх намаганняў ёй каштавала дваццаць бясконцых дзён трымаць дачку ў дупле вялікага дрэва. Усярэдзіне там было так цёмна, што зусім нічога было не відаць. Але аднойчы раніцай маці нарэшце адсунула галавою вецце, якое затуляла дупло і не давала ў яго трапіць святлу. Маленькая лань выбегла і закрычала:
— Бачу, мама! Я ўсё бачу!
А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галіну і заплакала ад радасці.