На другі дзень дзеці раненька пайшлі паглядзець на свайго новага госця, які маркотна сядзеў у невялічкай клетцы.
— Як мы яго назавём? — спытала дзяўчынка ў браціка.
— Я ўжо прыдумаў! — адказаў хлопчык. — Мы назавём яго Семнаццаць!
Чаму Семнаццаць? Ніколі не было яшчэ лясной жывёліны з такім дзіўным імем. Але хлопчык вучыўся лічыць, і яго, напэўна, нечым прывабіў гэты лік.
Як бы там ні было, а маленькага кааці назвалі Семнаццаць. Яму прынеслі хлеба, вінаграду, шакаладу, мяса, крэветак і яек — вельмі смачных курыных яек. І яшчэ ім удалося вельмі хутка вылечыць яго — так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялікай і шчырай, што, калі зноў наступіла ноч, кааці ўжо амаль змірыўся са сваім палонам. Ён толькі і думаў пра тыя ласункі, якія еў цэлы дзень, і ўспамінаў пра бялявых дзяцей чалавека, якія былі такія вясёлыя і добрыя.
Дзве ночы запар сабака спаў так блізка да клеткі, што, на вялікі жаль, сям'я палонніка не магла да яго падысці. Калі ж на трэцюю ноч яны зноў падкраліся, спадзеючыся знайсці напільнік і выпусціць на волю маленькага кааці, ён сказаў:
— Мама, я ўжо не хачу сыходзіць адсюль. Мне даюць яйкі, і ўсе са мной вельмі добрыя. Сёння мне сказалі, што, калі я добра буду сябе паводзіць, мяне хутка выпусцяць. Яны такія ж, як мы. Яны таксама маленькія дзеці, і мы разам гуляем.
Дзікія кааці вельмі засмуціліся, але ўрэшце, змірыўшыся, паабяцалі кааціку прыходзіць да яго кожную ноч.
І праўда, кожную ноч, нават калі ліў дождж, мама і брацікі прыходзілі да маленькага кааці і бавілі разам з ім трошкі часу. Каацік прасоўваў ім праз драцяную сетку хлеб, і дзікія кааці сядзелі і елі хлеб перад клеткаю.
Так мінула два тыдні. Кааці хадзіў ужо вольны і нанач сам ішоў у клетку. Калі не лічыць, што часам яго тузалі за вуха, — за тое, што ён надта блізка падыходзіў да куратніка, — усё астатняе ішло добра. І ён, і дзеці вельмі ўпадабалі адно аднаго. Нават дзікія кааці, убачыўшы, якія добрыя ў чалавека дзеці, таксама іх палюбілі.
І вось аднойчы, калі стаяла вельмі цёмная ноч, а ў паветры моцна парыла і грымеў гром, дзікія кааці прыйшлі і гукнулі свайго меншага сыночка і браціка. Але ніхто не азваўся. Занепакоеныя, яны падышлі бліжэй і ледзь не наступілі на аграмадную гадзюку, якая скруцілася каля ўвахода ў клетку! Кааці адразу зразумелі, што маленькі быў пакусаны, калі заходзіў у клетку. Таму ён і не адказваў на іх покліч, а можа, нават быў ужо нежывы. Але яны жорстка адпомсцяць за яго! Вельмі раз'юшыўшыся, яны ўтраіх абступілі змяю, заскакалі вакол і праз секунду, напаўшы, расшкамуталі зубамі ёй усю галаву.
Яны ўбеглі ў клетку і, сапраўды, убачылі, што каацік ляжыць апухлы, ногі ў яго дрыжаць і ён памірае. Марна дзікія кааці варочалі яго, марна чвэрць гадзіны лізалі яму ўсё цела. Урэшце каацік разявіў рот і перастаў дыхаць: ён быў нежывы.
Увогуле кааці мала ўспрымальныя да гадзючай атруты. Атрута ім амаль не шкодзіць. Ёсць і іншыя такія жывёлы — напрыклад, мангуста, якая таксама вельмі добра пераносіць гадзючую атруту. Але каацік, напэўна, быў укушаны ў артэрыю ці ў вену, бо тады кроў атручваецца адразу і жывёліна памірае. Так яно і здарылася з нашым маленькім кааці.
Убачыўшы, што ён памёр, маці і браты доўга плакалі. Потым, больш не маючы што рабіць, яны выйшлі з клеткі і абышлі двор, каб астатні раз паглядзець на месца, дзе каацік быў такі шчаслівы. І ўрэшце рушылі ў лес.
І ўсё ж трое кааці былі вельмі заклапочаныя, і турбавала іх тое, што скажуць дзеці, калі назаўтра раніцаю ўбачаць, што іх улюбёнец ляжыць нежывы? Дзеці паспелі моцна яго палюбіць, і кааці таксама палюбілі бялявых дзяцей. Таму ўсе трое яны думалі пра адно: як зрабіць, каб дзецям не было балюча.
Яны доўга раіліся і ўрэшце пастанавілі так: сярэдні брат, які целам і звычкамі быў рыхтык як меншы, павінен застацца ў клетцы замест памерлага. З расказаў маленькага кааці яны ведалі шмат сакрэтаў гэтага дома, і дзеці не павінны былі ні пра што здагадацца: можа, трошкі падзівяцца чаму-небудзь, дый толькі.
Так і зрабілі. Яны вярнуліся да хаты, сярэдні каацік замяніў меншага, а маці і старэйшы брат пацягнулі цела памерлага, схапіўшы яго зубамі. Яны паволі цягнулі яго ў лес, і галава нябогі звісала і гайдалася, а хвост валачыўся па зямлі.