— Другой такой атакі нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якія ёсць у Явэвіры!
І дарады зноў разбегліся ўверх і ўніз па рацэ, і плылі яны ўсе так шпарка, што пасля іх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставаліся барозны.
А скаты тым часам паплылі да чалавека.
— Мы болей не вытрываем! — сказалі са смуткам скаты. І сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.
— Ідзіце, скаты! — сказаў паранены чалавек. — Пакіньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмі шмат для мяне зрабілі. Хай ягуары пройдуць!
— Ні, ніколі! — у адзін голас крыкнулі скаты. — Пакуль у нашай рацэ Явэвіры ёсць хоць адзін жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, які некалі абараніў нас!
Тады паранены задаволена прамовіў:
— Скаты! Я амаль паміраю, і мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калі толькі мне прынясуць вінчэстэр, мы добра пажартуем, і гэта я вам абяцаю.
— Так, мы ведаем! — падбадзёрыўшыся, адказалі скаты.
Але скончыць гамонку яны не змаглі, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылі на ногі і, выгнуўшы спіны, як для скачка, рыкнулі:
— Апошні раз і раз назаўжды патрабуем: дарогу!
— Ні, ніколі! — адказалі скаты і зноў сабраліся ля берага.
Але і ягуары ўжо скочылі ў ваду, і страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвіры ад берага да берага была чырвоная ад крыві. Кроў пенілася хвалямі на пяску. Ляцелі ў паветра разарваныя скаты, раўлі ад болю ягуары, але ніхто не адступаў ні на крок.
І ягуары ўжо не толькі не адступалі, але пачалі прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх і ўніз па рацэ, склікаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагаліся перад востравам, і палова іх ужо загінула. А тыя, што заставаліся, былі ўсе параненыя і знямоглыя. І тады яны зразумелі, што не здолеюць пратрымацца больш ні хвіліны і што ягуары пройдуць. І няшчасныя скаты, якія лічылі, што лепей памеріц, чым аддаць свайго сябра, з астатнімі сіламі кінуліся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылі ўжо да вострава і былі недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулі:
— Да вострава! Усе на той бераг!
Ды было ўжо позна — яшчэ два ягуары кінуліся плыць, а праз хвіліну ўсе яны ўжо былі пасярод ракі, і з вады высоўваліся толькі іх галовы.
Але ў гэтае самае імгненне адзін звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькі ставала сілы плыў праз Явэвіры: гэта быў капібара, які дабіраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вінчэстэр з набоямі.
Чалавек закрычаў ад радасці, яму яшчэ заставаўся час, каб заступіцца за скатаў. Ён папрасіў капібару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, і лёгшы, ён маланкава зарадзіў вінчэстэр. І якраз у той момант, калі распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылі, што прайгралі бітву і што ягуары зараз разарвуць іх няшчаснага параненага сябра на шматкі — якраз у гэты момант яны пачулі аглушальны стрэл! І ўбачылі, што пярэдні ягуар, які ступіў ужо на пясок, раптам падскочыў і паваліўся мёртвы з прабітаю галавой.
— Брава! Брава! — закрычалі вельмі задаволеныя скаты. — У чалавека вінчэстэр! Мы выратаваныя!
І так моцна ўзрадаваліся, што закаламуцілі ўсю ваду. А чалавек спакойна раз за разам страляў, і кожны стрэл прыносіў смерць новаму ягуару. На рык кожнага ягуара, які падаў мёртвы, скаты адказвалі, б'ючы хвастамі па вадзе.
Адзін за адным ягуары гінулі пад кулямі, быццам галовы ім працінала маланка. Усё гэта доўжылася ўсяго дзве хвіліны. Адзін за адным ягуары патаналі, ідучы на дно, і там іх з'ядалі прагныя рыбы. А некаторых зносіла рака, і дарады плылі разам з імі аж да самай Параны і елі іх, ад задавальнення выскокваючы з вады.
Прайшоў час, і скатаў у рацэ зноў развялося столькі ж, колькі было раней, бо ў іх народжваецца шмат дзяцей. Чалавек таксама ачуняў. І ён быў такі ўдзячны скатам, якія выратавалі яму жыццё, што перасяліўся на востраў. Летнімі вечарамі ён любіць ляжаць там на пляжы і курыць пры месяцавым святле. А скаты тым часам нягучна гутараць і паказваюць на яго рыбам, якія яго не ведаюць, і расказваюць ім пра вялікую бітву, якую яны некалі вялі поплеч з гэтым чалавекам супраць ягуараў.
Пчала-гультайка
Жыла сабе ў адным вуллі пчала, якая не любіла працаваць. Яна лётала з дрэва на дрэва, ад кветкі да кветкі, але замест таго, каб збіраць нектар ды рабіць мёд, сама ўвесь нектар выпівала.
Была яна пчолка-гультайка. Кожную раніцу, як толькі сонейка сагравала паветра, яна вылазіла з вулля і глядзела, ці добрае надвор'е, потым прычэсвалася лапкамі, як гэта робяць мухі, і ляцела гуляць, радуючыся пагоднаму дню. Лётаючы з кветкі на кветку, яна гула ад задавальнення, потым вярталася ў вулей, потым — зноў вылятала з яго, і так бавіла цэлы дзень. А тым часам астатнія пчолы шчыравалі, стараючыся напоўніць усе соты мёдам, бо мёд найлепшае харчаванне маленькім пчолкам, якія толькі што нарадзіліся.