Выбрать главу

Але на яе вялікае здзіўленне, змяя не паспяшалася яе праглынуць і сказала:

— Ну што, як жывеш, пчолка? Відаць, ты не надта руплівая, што апынулася тут у такі позні час.

— Гэта праўда, — прамармытала пчолка. — Я не працую і таму вінаватая.

— Калі гэта так, — здзекліва прашыпела змяя, — дык я зараз звяду са свету такую паганую істоту, як ты. Я цябе зараз з'ем.

Пчала ўся задрыжала і крыкнула:

— Але гэта несправядліва, несправядліва! Несправядліва есці мяне толькі таму, што вы дужэйшая за мяне. Толькі людзі ведаюць, што такое справядлівасць!

— Га! — усміхнулася змяя і борздзенька зноў скруцілася ў клубок. — Дык ты добра ведаеш людзей? І ты думаеш, што людзі, забіраючы ў вас мёд, болей справядлівыя, апошняя ты дурніца?

— Не, яны не таму забіраюць у нас мёд, — адказала пчолка.

— А чаму ж тады?

— Таму што яны разумнейшыя.

Пчолка гэта сказала, а змяя зарагатала:

— Ну, справядліва гэта ці не, але я цябе з'ем. Рыхтуйся!

І яна адхілілася назад, каб скочыць на пчолку. Але пчолка паспела крыкнуць:

— Вы робіце гэта таму, што вы меней разумная за мяне!

— Я меней разумная за цябе, смаркачка? — засмяялася змяя.

— Так, — пацвердзіла пчала.

— Добра, — прамовіла змяя, — зараз пабачым. Давай прыдумаем два выпрабаванні. Выйграе тая, хто здолее зрабіць што-небудзь больш незвычайнае. Калі выйграю я, дык я цябе з'ем.

— А калі выйграю я? — спыталася пчолка.

— Калі выйграеш ты, — адказала непрыяцелька, — тады ў цябе будзе права правесці тут усю ноч, пакуль не развіднее. Згодная?

— Дамовіліся, — адказала пчала.

А змяя зноў засмяялася, таму што ёй прыйшло ў галаву такое, чаго пчала ніяк не магла б зрабіць. Вось што яна прыдумала.

Яна на імгненне — так хутка, што пчала не паспела нават вокам міргнуць, — выскачыла з дупла і вярнулася з капсулкаю эўкаліптавага насення — з таго самага эўкаліпта, што рос каля вулля, кідаючы на яго цень.

Хлапчукі звычайна круцяць гэтыя капсулкі, як ваўчкі, і называюць іх эўкаліптавымі ваўчкамі.

— Глядзі, што я зраблю, — сказала змяя. — Сачы ўважліва!

Яна адным махам як шпагат навіла вакол ваўчка свой хвост і раскруціла яго з такою хуткасцю, што ваўчок завярцеўся і страшна загуў.

Змяя засмяялася і нездарма, бо ніякая пчала ніколі не запускала і не здолела б так запусціць ваўчок. Але калі ваўчок, які, здавалася, ніколі не скончыць гусці і круціцца, нарэшце ўсё-такі паваліўся, пчала сказала:

— Гэта вельмі прыгожае выпрабаванне, і я ніколі не змагу так зрабіць...

— Значыць, я цябе з'ем! — крыкнула змяя.

— Пачакай хвілінку! Я не магу зрабіць гэтага, але я зраблю нешта такое, чаго не зробіць ніхто.

— І што ж гэта такое?

— Я знікну.

— Як? — крыкнула змяя і аж падскочыла ад здзіўлення. — Ты знікнеш, не выходзячы адсюль?

— Не выходзячы адсюль.

— І не хаваючыся ў зямлі?

— Не хаваючыся ў зямлі.

— Добра, паспрабуй! — сказала змяя. — Але калі ты гэтага не зможаш, я цябе адразу з'ем!

А ўсё ў тым, што пакуль ваўчок круціўся, у пчолкі быў час уважліва агледзець пячору, і яна ўбачыла, што там расце адна маленечкая раслінка. Гэта быў невялічкі кусцік, амаль траўка, з шырокім, як манетка ў два сэнтава, лісцем.

Пчолка падышла зусім блізенька да раслінкі і, стараючыся не датыкацца да яе, сказала:

— Зараз мая чарга, сеньёра Змяя. Павярніцеся, калі ласка, і палічыце да трох. А калі скажаце «тры» — шукайце мяне дзе хочаце, мяне нідзе не будзе!

Так яно і здарылася сапраўды. Змяя хутка палічыла:

«Адзін... два... тры...», — але, павярнуўшыся, ад здзіўлення аж разявіла свой вялізны рот: у пячоры нікога не было! Яна агледзела ўсё і ўверсе, і ўнізе, і вакол, аблазіла ўсе куточкі, уважліва вывучыла раслінку і памацала ўсё языком. Але марна — пчолка знікла!

Тады змяя зразумела, што калі выпрабаванне з ваўчком было добрае, дык пчолчына выпрабаванне — проста выдатнае. Ува што яна магла ператварыцца? Дзе яна?

Яе нідзе немагчыма было знайсці!

— Ну, добра! — нарэшце сказала змяя. — Здаюся. Ты дзе?

І тады пасярод пячоры пачуўся ледзь чутны голас. Гэта адказвала пчолка.

— А ты мне нічога не зробіш? — спыталася яна. — Ці магу я давяраць тваёй клятве?

— Можаш, — адказала змяя. — Клянуся. Дзе ты?

— Я тут, — прамовіла пчолка і нечакана вылезла са скручанага лісточка той самай маленькай раслінкі.

Але што ж адбылося? А адбылося ўсё вельмі проста: раслінка, якая расла ў дупле, была сарамлівай мімозаю — іх шмат расце ў Буэнас-Айрэсе. І лісце ў такой мімозы скручваецца пры сама нязначным дотыку. А таму, што гэтая гісторыя адбывалася ў Місьёнэс, дзе расліннасць вельмі багатая і буйная, дык і ў мімоз там лісточкі даволі шырокія. І калі пчолка дакранулася да аднаго такога лісточка, ён хутка згарнуўся і цалкам яе схаваў.