Выбрать главу

У змяі ніяк не хапіла розуму заўважыць гэтую з'яву, а пчолка скарысталася ёю і выратавала сабе жыццё.

Змяя нічога не сказала, але яна была вельмі раздражнёная, што прайграла. І таму пчолцы ўсю ноч давялося нагадваць сваёй непрыяцельцы, што тая абяцала яе не чапаць.

Ноч доўжылася бясконца. Пачалася навальніца, вада раўчуком лілася ў дупло, і змяі з пчолкай прыйшлося зашыцца ў глыбіню пячоры і сядзець там, тулячыся да яе сама высокай сцяны.

Апроч таго было холадна і цёмна, хоць вока выкалі. Час ад часу ў змяі ўзнікала неадольнае жаданне кінуцца на пчалу, і тады пчолцы здавалася, што надыходзіць яе канец.

Пчолка ніколі і нізашто не паверыла б, што ноч можа быць такая халодная, такая доўгая і такая жахлівая. Яна ўспамінала сваё ранейшае жыццё, прыгадвала, як кожную ноч спала ў цёплым вуллі, і моўчкі плакала.

А калі развіднела і на небе заззяла сонца, бо новы дзень меўся быць пагодны, пчолка вылецела з дупла і, падляцеўшы да вулля, збудаванага намаганнямі ўсёй сям'і, зноў нягучна заплакала перад яго ўваходам. Вартаўнічыя пчолы прапусцілі яе, не сказаўшы ні слова. Яны разумелі, што цяпер, вярнуўшыся, пчолка была ўжо не бяздумнай гультайкаю, а сапраўднай пчалою, бо за гэтую ноч яна спазнала суровую школу жыцця.

Так усё і было. З гэтага часу ніхто больш за яе не збіраў пылку і не рабіў столькі мёду. А калі прыйшла восень, і разам з ёю — канец пчолчыным дням, у яе быў яшчэ час, каб перад тым як памерці, даць апошнюю параду маладым пчолам, якія сабраліся вакол яе.

— Не наш розум, а нашая праца робіць нас дужымі, — сказала ім пчолка. — Толькі адзін раз мне даводзілася выкарыстоўваць свой розум, дый тое, каб выратаваць сваё жыццё. Але гэтага мне не спатрэбілася б, каб я працавала, як усе. А я толькі лётала сюды-туды і стамлялася, быццам сапраўды працавала. Мне не хапала пачуцця абавязку, якое прыйшло ў тую ноч. Працуйце ж, сястрыцы, і ведайце, што мэта, да якой скіраваныя ўсе нашыя намаганні, — гэта агульнае шчасце, а яно вышэй за стомленасць кожнай. Людзі называюць такое ідэалам, і нездарма. Бо няма іншай мудрасці ні ў чалавека, ні ў пчалы.