Выбрать главу

— Гэта не панчохі! — закрычалі гадзюкі. — Мы ведаем, што гэта! Нас падманулі! Фламінгі пазабівалі нашых сясцёр і замест панчох надзелі іх скуры! Іхнія панчохі — гэта каралавыя гадзюкі!

Пачуўшы, што іх выкрылі, фламінгі перапалохаліся. Яны хацелі паляцець і ўцячы, але так натаміліся, што не маглі падняць ні крыла, ні нагі. А каралавыя гадзюкі накінуліся на іх, абвілі за ногі і зубамі падралі панчохі. У шаленстве яны падралі панчохі на шматкі і кусалі фламінгаў за ногі, каб тыя памерлі.

Звар'яцеўшы ад болю, фламінгі скакалі з месца на месца, але каралавыя гадзюкі не адпускалі іх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо ні кавалачка, стомленыя гадзюкі адпусцілі фламінгаў і пачалі папраўляць свае бальныя гарнітуры.

Гадзюкі былі ўпэўненыя, што фламінгі памруць, таму што прынамсі палова каралавых гадзюк, якія кусалі, былі ядавітыя.

Але фламінгі не памерлі. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглі і кінуліся ў ваду. Яны крычалі ад болю, і іхнія ногі, якія раней былі белыя, зрабіліся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Міналі дні за днямі, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламінгаў не сунімаўся.

Было гэта вельмі-вельмі даўно. Але й дагэтуль фламінгі стаяць цэлымі днямі ў вадзе, стараючыся сцішыць агонь, што пячэ ім ногі.

Часам яны выходзяць на бераг і ступаюць колькі крокаў па зямлі, каб пабачыць — як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, і яны бягуць назад у ваду. Часам ім пячэ так моцна, што яны падбіраюць нагу і стаяць гэтак цэлымі гадзінамі, не могучы яе выпрастаць.

Вось так у фламінгаў былі раней белыя ногі, а цяпер сталі чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гісторыю і смяюцца з неразумных птушак. Але фламінгі, студзячы ў вадзе свае ногі, не выпускаюць выпадку, каб адпомсціць насмешніцам, і глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блізка, каб з іх пасмяяцца.

Абскубены папугай

Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвітку яны ляталі на поле паласавацца маладымі кіяхамі кукурузы, а надвячоркам дзяўблі апельсіны. Сваімі крыкамі яны ўтваралі страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокім дрэве ў іх сядзеў папугай-вартаўнік, які пільнаваў, ці не крадзецца хто-небудзь.

Папугаі — такія самыя шкоднікі, што й саранча, бо калі яны дзяўбуць кіяхі, яны раздзіраюць іх, а потым, у дождж, кіяхі гніюць. А таму што смажаныя папугаі вельмі смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацінскай Амерыцы) палююць на іх.

І вось аднойчы адзін чалавек стрэліў ды збіў вартавога папугая, які, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзеці вылечылі яго, бо ў папугая было перабітае толькі адно крыло. Вельмі хутка папугай ачуняў і зрабіўся зусім свойскі. Назвалі яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, і яму вельмі падабалася сядзець у людзей на плячы і дзюбаю казытаць ім за вухам.

Жыў ён вольна і амаль цэлы дзень бавіў на апельсінавых дрэвах ды эўкаліптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калі ж надвячоркам, а чацвёртай ці пятай гадзіне, дома пілі чай, папугай таксама заходзіў у сталовую і, дапамагаючы сабе дзюбай і лапамі, узлазіў па абрусе на стол паесці размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любіў чай з малаком.

Пэдрыту вельмі падабаліся дзеці, і яны расказвалі яму столькі рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: «Добры дзень, папугайчык!», «Смачная каша!..», «Каша для Пэдрыты!». Казаў ён і яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаі, як і дзеці, вельмі лёгка запамінаюць паганыя словы.

Калі пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры і ціхенька нешта сам сабе баяў. Калі ж ладзілася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.

Як бачым, гэта быў зусім шчаслівы папугай. І апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкі, ён, як заможныя людзі, таксама а пятай гадзіне піў чай.

І вось, пры ўсім гэтым шчасці, здарылася так, што адным дажджлівым надвячоркам пасля пяці дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца і Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапаніў:

— Які цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!

І паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унізе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў і ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.

І раптам ён убачыў праз галінкі, што на зямлі блішчаць два зялёныя агеньчыкі, быццам два вялізныя светлякі.