«Што гэта? — падумаў папугай. — «Смачная каша!», «Што гэта будзе?», «Дзень добры, Пэдрыта!..»
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаі, — бязладна блытаючы словы, і часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмі цікаўны і, пераскокваючы з галінкі на галінку, пачаў падсоўвацца ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам убачыў, што тыя два агеньчыкі — гэта вочы вялікага ягуара, які ўвесь напружыўся і пільна глядзіць на яго.
Але Пэдрыта быў такі задаволены пагодным днём, што зусім не спалохаўся.
— Дзень добры, ягуар! — сказаў ён. — «Лапу, Пэдрыта!»
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
— Дзе-нь-доб-ры!
— Дзень добры, ягуар! — паўтарыў папугай. — «Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..»
Ён паўтарыў столькі разоў «смачная каша», таму што было ўжо чатыры гадзіны і яму вельмі хацелася папіць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, і таму запрасіў пачаставацца і ягуара.
— Смачны чай з малаком! — сказаў ён. — «Дзень добры, Пэдрыта!» Ці не хочаш папіць са мной чаю, сябра ягуар?
Але ягуар раз'юшыўся — яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны і захацеў з'есці гаваркую птушку. Ягуар адказаў:
— Доб-ра! Па-ды-дзі тро-хі, я не чу-ю!
Ягуар быў не глухі, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў бліжэй і яго можна было схапіць адным махам. А папугай думаў толькі пра тое, як будзе прыемна прыйсці дадому і піць чай з малаком з такім цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галінку, бліжэй да зямлі.
— Дома смачная каша! — зноў крыкнуў ён на ўсё горла.
— Блі-жэй! Не чу-ю! — прахрыпеў у адказ ягуар.
Папугай зляцеў яшчэ трошкі ніжэй і сказаў:
— Смачны чай з малаком!
— Яш-чэ блі-жэй! — паўтарыў ягуар.
Няшчасны папугай падсунуўся зусім блізка, і ў гэтую хвіліну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапіў Пэдрыту кончыкамі кіпцюроў, і хоць забіць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спіне і ўвесь хвост. На хвасце ў небаракі не засталося ніводнага пёрка.
— Вось табе! — рыкнуў ягуар. — Ідзі цяпер, пі сам свой чай з малаком.
Папугай закрычаў ад болю і жаху і паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, які ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, і ўсе птушкі, якія сустракаліся яму па дарозе, спалохана кідаліся ўпрочкі, убачыўшы такую дзіўную істоту.
Урэшце ён усё ж дабраўся дадому і адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзіўная й сама брыдкая птушка на свеце — увесь абскубены, бясхвосты, сіні ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такім выглядзе? І тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялікага эўкаліпта. Дупло было велічынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго і лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.
Тым часам усе ўжо сабраліся ў сталовай і вельмі дзівіліся, што папугая няма.
— Дзе ж гэта Пэдрыта? — казалі яны і клікалі. — Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!
Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў ціха, моўчкі і нічога не адказваў. Яго шукалі паўсюль і нідзе не маглі знайсці. І тады ўсе падумалі, што Пэдрыта загінуў. І дзеці заплакалі.
Кожны дзень, надвячоркам, калі наставаў час піць чай, яны ўспаміналі папугая і прыгадвалі, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаі з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо ніколі яго не ўбачаць, бо ён нежывы.
Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нікому не паказваючыся, бо яму было вельмі сорамна, што яго абскублі як нейкае мышанё. Ён вылазіў толькі ўначы, каб пад'есці, і тут жа вяртаўся назад. А на досвітку асцярожна вылазіў зноў і ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, і гэта кожны раз вельмі яго засмучала.
І вось нарэшце настаў дзень ці вечар, калі ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, піла чай, і раптам усе ўбачылі Пэдрыту. Нібыта нічога і не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагі на нагу, увайшоў у пакой.
— Пэдрыта, папугайчык! — закрычалі яму. — Што з табою здарылася, Пэдрыта?! І якія бліскучыя ў цябе пёры!
Ніхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты — новыя. А Пэдрыта напусціў на сябе вельмі сур'ёзны выгляд і не адказваў ні слова. Ён еў намочаны ў чаі з малаком хлеб і ўвесь час маўчаў.
Тым большае было здзіўленне ў гаспадара дома, калі ранкам наступнага дня папугай падляцеў і, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвіліны ён расказаў гаспадару ўсё, што з ім адбылося: і як ён лятаў у Парагвай, і як сустрэўся з ягуарам, і ўсё астатняе. І ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы: