Выбрать главу

Уладзімір Шыцік

Кіб загаварыў апоўначы

Апавяданне

Таў Кіта адсюль, з адлегласці ў мільярд кіламетраў, выглядаў нават меншым, чым Сонца з Зямлі. Але ўдзень ён палаў надзвычай ярка, і яго святло мякка клалася на горы, што высокай сцяной акружалі невялікае плато, выбранае Антонам Галаем для свайго лагера. Тады і ў скафандры, які меў тэрмаізаляцыю, было горача. А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах рушацца скалы, скаланаючы ваколіцы магутнымі абваламі.

Адзнак жыцця на гэтай знешняй планеце сістэмы Таў Кіта Галай не знайшоў. Ён абляцеў яе некалькі разоў, пакуль выбраў месца для пасадкі, і ўсюды былі толькі шэры пясок ды такія ж шэрыя, попельнага адцення горы.

Таму планета і атрымала сваю назву — Попельная.

Апынуўся Галай на Попельнай невыпадкова. У апошні час многія касманаўты, вылятаючы за межы Сонечнай сістэмы, пачалі прымаць невядомыя радыёсігналы. Найбольш верагодная крыніца іх таілася ў раёне зоркі Таў Кіта, якая мела некалькі планет. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Гэта было падобна на праўду, бо на дзвюх-трох планетах сістэмы маглі існаваць умовы для жыцця. I калі на Зямлі былі створаны касмічныя караблі, здольныя пераадольваць прастору ў адзінаццаць светлавых гадоў, было вырашана паслаць экспедыцыю да Таў Кіта. Базу для яе на адной з незаселеных планет і меўся стварыць Антон Галай.

Рухомыя робаты, паводле загадзя дадзенай праграмы, хутка сабралі жытло і дапаможныя памяшканні. К канцу першага дня на плато ўжо ўзвышаўся домік, у якім Галай мог адчуваць сябе нібы на Зямлі, а нястомныя робаты з кібернетычнай праграмай, або проста кібы, як іх ласкава называлі касманаўты, занялі пазіцыю на пастах вакол лагера. Галай не чакаў небяспечных наведвальнікаў, не чакаў і якой-небудзь пагрозы, але такое было правіла для кожнага касмічнага дэсанта.

Першая ноч прайшла спакойна, і з раніцы Галай на ўсюдыходзе аб’ехаў бліжэйшыя ваколіцы. Горы цягнуліся далёка-далёка, як хапала вока. Голыя, скалістыя, пахмурыя, і ніякіх адзнак чаго-небудзь, што магло б парадаваць позірк разнастайнасцю, уласцівай многім іншым планетам, на якіх пабываў ён раней, хоць яны таксама былі пазбаўлены жыцця.

— Ты, стары, апынуўся тут не дзеля таго, каб цешыцца прыгожымі краявідамі, — уголас прамовіў сам сабе Галай.

Кіб, які суправаджаў яго, сур’ёзна зазначыў:

— Мы прыехалі працаваць.

Галай засмяяўся і павярнуў да базы. Перад сном ён яшчэ раз уважліва праверыў паказанні аўтаматычных установак і лабараторый і паслаў справаздачу начальніку экспедыцыі. Шэсць разоў павернецца Попельная вакол сваёй восі, пакуль паведамленне дасягне раёна, дзе чакае яго сігналу падрыхтаваная для скачка экспедыцыя. Пасля міне яшчэ дзесяць мясцовых сутак, і яго адзіноцтва скончыцца. Атрымаўшы вестку, зоркалёт перамесціцца да Попельнай. Галай чакаў гэтага моманту не таму, што адзінота прыгнятала яго: да яе ён прывык за многія гады вандравання ў пустых і бязмежных касмічных прасторах. Але ён не выносіў бяздзеяння, такога, як тут, дзе ўсё за яго рабілі аўтаматы, а ён быў нібы наглядчыкам пры іх. З прыкрай думкай, што мусіць яшчэ чакаць і чакаць таварышаў, Антон і заснуў.

Кіб загаварыў апоўначы, парушыўшы абавязковую ў час сну чалавека цішыню. Гэта было так неспадзявана, што Галай аж сеў на ложку. А голас прыемнага тэмбру з нейкім, як яму здалося, хваляваннем паўтараў:

— Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі. Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі…

На тэлеэкране ўзніклі вяршыні бліжэйшых гор. Раз-пораз на іх успыхвалі чырванаватыя іскаркі, і хутка па схілах яны пачалі ўжо спускацца ўніз.

Іскарак было няшмат. Галай налічыў іх каля дзесятка. Але адкуль яны ўзяліся і што гэта за з’ява наогул? Кіб, які трымаў сувязь з ахоўнымі пастамі, паведаміў:

— Агеньчыкі рухомыя, да лагера не набліжаюцца.

Гэта было нешта новае на Попельнай, і Галай, не марудзячы, вывеў усюдыход. Пагоня за агеньчыкамі была доўгай і марнай. Яны неўзабаве зніклі, не пакінуўшы аб сабе ніякага следу.

Стомлены, Галай вярнуўся на базу. К таму часу ўжо развіднела. Ранішняе сонца Попельнай свяціла ласкава і спакойна, і здавалася, што не было ні халоднай ночы, ні таямнічых агеньчыкаў-прывідаў. Каб не разумныя кібы, Антон палічыў бы, што ў яго была галюцынацыя.

«Магчыма, гэта былі выпраменьванні нейкай энергіі», — запісаў ён у вахценным дзённіку. Аднак гэта няпэўнасць вываду выклікала толькі пачуццё незадаволенасці сабой. Ён павінен быў дазнацца, што гэта такое бачылася яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Устрывожаны, Галай амаль увесь дзень прабыў побач з вартавымі кібамі, пільна ўглядаючыся ў горныя расколіны.