Выбрать главу

Не, сын у яго — пашукаць! Дока! Не адзін раз быў Паўлюк у яго ў Мінску. Быў не толькі на кватэры, але і на рабоце. І бачыў, што любяць там сына, паважаюць, толькі па бацьку ўсе завуць. Дык і яму, наслухаўшыся таго, хочацца сына Алесем Паўлавічам зваць. Скажа пра гэта старой, а яна смяецца. Ты, кажа, зусім здзяцініўся, Паўлюк, бо мне Алеська як быў дзіцем, так і ёсць, так бы і паляцела да яго, каб прытуліць, пашкадаваць.

Што і казаць — сын маладзец. Ну, а сам ён, Паўлюк Лапатка? Хто ён такі? Аніхто. Прышый кабыле хвост. Адстаўной казы барабаншчык. Перад сынам Паўлюк сябе толькі так і называе. Бо і праўда — хто ён такі? Саўгасны пенсіянер. Пенсіянер-піянер, заўсёды гатоў! Без такіх піянераў што б рабіла іхняя брыгадзірка? Сапраўдных піянераў, спраўных яшчэ баб ды мужчын, хлопцаў ды дзевак — пальцаў на руцэ зашмат, каб пералічыць.

Калісьці, вядома, ён не быў казіным барабаншчыкам. У маладосці хлопцам дужым быў. У сорак чацвёртым, як на фронт трапіў, адзін мінамётную пліту на спіне валачыў. А ў партызанах? Адзін, узяўшыся за канец дышля, выцягваў з багны задок калёсаў з параненымі, як у блакаду апынуліся ў непралазным балоце за рэчкай Гайнай. Пасля вайны з коньмі ў калгасе рабіў. Зноў жа — хто за яго больш за дзень узорваў? Аніхто! Нават сам Вінцук Сяліцкі, хоць у яго і коні былі нераўня ягоным, Паўлюковым, а не дапінаўся да яго. І выкошваў за дзень па гектару. Была ў плячах сіла, хоць і душыла бясхлебіца ды нішчымніца... Пасля конюхам быў — і ў калгасе, і ў саўгасе па першым часе, пакуль тых коней на нет не пазводзілі. Ну, а перад самай пенсіяй падвозчыкам на ферме рабіў. І нідзе — усе людзі пацвердзяць — не ленаваўся, рабіў не за пострах, а за сумленне. З маладых гадоў прывык рабіць на поўніцу: калі браць, дык аберуч, а калі падстаўляць, дык увесь карак, а не плячо. Нават і ў сталым веку, як сын неўспадзеўкі ў пісьменнікі выйшаў, ён, Паўлюк, бы другое дыханне набыў і высільваўся, як і ў маладосці. Убілася яму ў галаву, што не можа ён падводзіць свайго пісьменніка: сыну не павінна быць сорамна за бацьку. Жонка часам і набурчыць: «Ці табе ўжо болей за іншых трэба? Чаго ты, як запрэжаны, штодня ў саўгас? Ты ж пенсіянер! Пуню лепш бы перакрыў, каторы год латаеш...» Ён не зважаў, ішоў на саўгасную работу. Бо ці дакажаш бабе, што чалавека можна пусціць на пенсію, а зямлю — не, не пусціш? А калі чалавек жыве на зямлі, дык і яго — як пусціш?! Наадпускаліся, дзякаваць богу! Чатыры дзесяткі гадкоў, лічы, усё адпускаем і адпускаем — маладых у горад, старых на пенсію, а хлеб і мяса ўсім трэба...

Зірнуў Паўлюк на гадзіннік — палова на шостую. Не, дудкі, палтавец з чарнігаўцам як сабе хочуць, а ён устае. Колькі ж можна ляжаць? Грэшна, прачнуўшыся, ляжаць, бы пан, у мяккай пасцелі. Яно, праўда, невядома, што рабіць будзе, падняўшыся, але ж і ляжаць лежнем, калі сонца высока, не выпадае, сам сабе збрыдзеш.

Падняўся ён, ціхенька апрануўся і выйшаў на калідор. Знайшоўшы ўстанову, куды і цар пешкі хадзіў, нясмела зайшоў туды. Пасля спаласнуў рукі і твар у мыцельніку і спусціўся са свайго трэцяга паверха на першы. Тыцнуўся ў дзверы, каб выйсці на двор, ды яны не паддаліся — аказаліся замкнёныя. Затаптаўся Паўлюк, не ведаючы, дзе шукаць рады, ажно на крокі яго выйшла заспаная медсястра, пазяхнула:

— Куды так раненька?

Ён збянтэжыўся, што не даў ёй даспаць, перабіў салодкі, пэўна ж, ранішні сон, сказануў няўцямна:

— Дык яно... Раніца ўжо. Мне, старому, не спіцца...

Дзяўчына адчыніла дзверы і моўчкі пасунулася ў свой пакойчык — няйначай дасыпаць. А Паўлюк, стараючыся не бразгнуць вялікімі шклянымі дзвярамі, выпхнуўся ў двор, а там і на вуліцу.

Гэтай вуліцай ён учора надвячоркам ехаў аўтобусам з вакзала. Але што ён мог бачыць з акна таго аўтобуса? Адно запомніў, што ўсё ўгару ды ўгару ехалі. А мо тое здалося? Цяпер, зірнуўшы ў адзін і ў другі канец вуліцы, зразумеў, што не здалося. Левы канец быў кароткі, зусім недалёка вуліца абрывалася ці, наадварот, упіралася ў стромую сцяну гары, а ўправа яна бегла ўніз і там далёка, было відаць, крута забірала ўлева. Значыць, адтуль, знізу ехаў ён учора ад вакзала, здагадаўся Паўлюк. Парашыў прайсціся вуліцаю сюд-туд, агледзецца, дзе давядзецца яму пражыць ажно дваццаць чатыры дні.