— Усё дзеля таго самага здароўя, баця,— страсянуў Паўлюка ўжо пад абодва локці хлопец.— Тэрэнкурам называецца дарожка гэтая. Каб хадзіць і бегаць па ёй і набірацца здароўя. Гайда з намі на Чырвонае сонейка? Толькі — не адставаць, баця!
Паўлюк, як баючыся, што яны, гэтыя хлопцы і такія ж дрындалястыя дзеўкі, сапраўды падхопяць яго і пацягнуць з сабой на тое Чырвонае сонейка, зрабіў крок назад, пакруціў галавой:
— Дзе ўжо мне... Бяжыце вы...
Кампанія дружна паджгала пад гару, і Паўлюк зноў не пачуў, як той жа хлопец-весялун, што ўсё называў яго бацем, засмяяўся-сказаў:
— Калгаснік! Святая прастата!..
Вярнуўся Паўлюк у санаторый а палове восьмай, вярнуўся радасны, задаволены і прагулкай, і тым, што не заблудзіўся, знайшоў дарогу дадому сам. Палтавец і чарнігавец, па ўсім было відаць, падняліся толькі што, бо не паспелі ні пагаліцца, ні памыцца. Паўлюк, сам таго не хочучы, пахваліўся:
— А я ўжо ў Храме паветра пабыў. Хацеў з дзеўкамі і на Чырвонае сонейка паджгаць, але бабы сваёй пасаромеўся — а раптам уведае?
Яшчэ што-небудзь пра свае ранішнія ўражанні сказаць не паспеў, бо зайшла сястрычка і паклікала яго да ўрача.
Доктарка — маладзенькая, ласкавая і нейкая нясмелая — Паўлюку спадабалася. Яна прызначыла яму нарзанныя ванны, кіслародныя кактэйлі і прагулкі па тэрэнкуры. На гэта ён памяркоўна кіўнуў галавой: маўляў, зразумеў, хоць што такое кіслародныя кактэйлі — паняцця не меў. Пытацца не стаў: пажыве тут, дык і зразумее, што да чаго.
Кактэйль той самы ён пакаштаваў неўзабаве пасля сняданку. У кабінеце, куды яго завяла тая ж сястрычка, яму падалі глыбочанькі сподачак з нечым лёгкім і пульхным, як пена, і сказалі: «Ешце». З пены тырчала лыжачка. Узяў ён у рот той камкаватай, бурбалачнай кашы, хацеў каўтануць, ды папярхнуўся, закашляўся, ажно слёзы з вачэй пасыпаліся. «Каша» падалася нейкай прэснай, нясмачнай. Ён азірнуўся, агледзеўся: паўсюль за столікамі людзі ўпляталі яе з апетытам. Сумеўшыся, Паўлюк таксама пачаў есці. Сяк-так з'еў, але парашыў, што калі можна будзе, дык больш сюды не пойдзе: паветра глытаць можна і без лыжачкі.
А ванну ён прыняў надвячоркам, перад вячэрай. І яна прыйшлася даспадобы. Збянтэжыў толькі нечаканы прыход дзяжурнай сястры. Дзе ж гэта бачана, каб да голага мужчыны ў кабіну заходзіла кабета? Што з таго, што ванна прыкрыта лістом фанеры ці нейкай іншай трасцы? Хіба ж гэта схованка? Адно сорам прыкрыты, а ўсё астатняе... А сястра як і не бачыць, не шманае. Спакойненька гэтак зайшла, узяла яго за руку, пульс палічыла, спыталася, як ён сябе адчувае, і выйшла, бы тая пава. А ён у ванне — ні жывы ні мёртвы. Вядома, ён ёй не раўня, стары ўжо, але ж мужчына ўсё-такі, не баба...
Ляжаць у ванне было прыемна. Чым і як яна лечыць, не даняў. І ці лечыць наогул? Нічога ж ён не адчуў ні тады, як ляжаў у ёй, ні пасля, як вылез.
Гэтымі сваімі сумненнямі падзяліўся Паўлюк з суседзямі па палаце, калі ўсе трое лягалі спаць. Палтавец хмыкнуў штосьці, чаго Паўлюк не зразумеў, а чарнігавец параіў:
— Ты, бацька, рубля ці траяка той кабеціне дай, якая ванну нарзанам напаўняе, от тады і пабачыш, ці лечыць.
— А хіба за гэта трэ было плаціць? Ай-яй-яй, а я, дурань, сораму не маючы, бясплатна паляжаў...
Палтавец з чарнігаўцам пераміргнуліся, і пагляды іх сказалі адно аднаму: «Што з яго ўзяць! Калгаснік! Дзеравеншчына!..»
Назаўтра ранічкою, прачнуўшыся зноў роўненька ў пяць, ён ужо не вагаўся, уставаць ці не ўставаць. Цішком, стараючыся не рыпнуць і не грукнуць, падняўся, апрануўся, выйшаў з палаты. Спусціўшыся ўніз, зноў выявіў, што дзверы зачынены. Ніякавата было ісці і турбаваць сястру, аднак пайшоў.
З пакойчыка, куды ён нясмела пастукаўся, выйшла ці то маладая жанчынка, ці яшчэ незамужняя маладзіца, спытала:
— Што здарылася, хворы?
Паўлюк, пачуўшы гэтае «хворы», азірнуўся, нікога не ўбачыў, перапытаў:
— Чаму — хворы?
Маладзіца перасмыкнула плячамі, ужо зласнавата сказала:
— Я пытаюся, што здарылася?
Ён сумеўся, адказаў:
— А нічога не здарылася. Мне каб выйсці, гэта самае...
— Чаго так прыспічыла? Малады дык на спатканне, можна было б падумаць, прэцца, а то ж...
— Дык жа... Сонца ўзышло, чаго ж ляжаць? Грэх...
Маладзіца не даслухала, сказала:
— Не замкнёна там, зашчэплена,— і адвярнулася ад яго, пайшла ў пакой.
Ідучы да дзвярэй, Паўлюк пачуў, як яна сказала камусьці ў глыбіні пакоя:
— Калгаснік! Прывык успорвацца разам з сонцам...
Ён не зразумеў, пахваліла яна яго ці зганіла. Вось толькі — пры чым калгаснік? Калгаснікам ён быў даўно, а ўжо шмат гадоў як у саўгасе, у саўгасе і на пенсію выйшаў. Пры чым жа тут — калгаснік?