У двары санаторыя махаў дзеркачом дворнік. Паўлюк пастаяў, паглядзеў на яго, не стрываў, падышоў і папрасіў:
— Мо і мне якая работа знойдзецца?
Дворнік быў прыблізна такога ж веку, як і Паўлюк. Ён перастаў падымаць пыл, сказаў:
— Па Чырвонае сонейка ідзі, там твая работа.
Паўлюк крутнуў галавой:
— Ат, дзіцячыя забаўкі, тыя храмы паветра і сонейкі! Ці ж у нашым веку шукаць гэтак здароўя? Высалапяць язык і бягуць пад гару!
— Дык дзеля гэтага ж і едуць сюды! — усміхнуўся дворнік.— І сам жа во...
— А не кажы, чалавеча!— пагадзіўся Паўлюк.— І сам прыпёрся...
— І здалёку?
— З-пад Мінска ажно.
— Здалёку, праўда. Не быў там. І як у вас?
— А нішто. Не горш, чым тут. Нават, братка, ці не лепш. Гор такіх нямашака, гэта праўда, але затое зеляніны, травы і лесу, болей, і вады ўсякай — рэчак, азёр, балот...
— А кілбаса, мяса ёсць?
— Ну, а як жа! Вядома, ёсцека! Як жа без гэтага?
— Тады ў вас лепш,— заключыў дворнік.
— Там добра, дзе нас няма,— удакладніў Паўлюк і папытаў: — Мо ў цябе каса ёсць? Я каля кветак во абкасіў бы, і там, ля кустоў.
— Кажу ж — на Сонейка ідзі, да Сініх скал!
Паўлюк замаркоціўся. Не разумее яго чалавек, хоць такі ж пенсіянер, як і сам ён. Ты яму пра работу, а ён... Два дні ў цягніку бакі адлежваў, учарашні дзень здоўжыўся, рук ні да чаго не прыклаў, а тут во і другі разгараецца — колькі ж можна, каб ні пальцам аб палец?
Дворнік, раптам як штосьці зразумеўшы, прапанаваў:
— Дык мо дзяркач свой табе перадаць? Махай, калі без работы не можаш.
— У ахвоту, братка!
— То, можа, і заўтра мяне падменіш? У мяне іншы клопат ёсць, я адарваўся б...
— І заўтра, братка, і паслязаўтра, і яшчэ дваццаць дзён,— шырока ўсміхнуўся Паўлюк.— На дваццаць чатыры дні пуцёўка.
— А ты... А ты, выбачай, не жартуеш?
— Якія жарты, чалавеча! Во так ранічкою выйду і памахаю тваім памялом на халадку. Ты мне толькі пакажы, дзе і што, а пасля ідзі, спраўляй свой клопат.
Добрыя дзве гадзіны махаў Паўлюк дзеркачом. Падмёў усё наўкол. Не толькі двор, дарожкі ў двары, прыступкі галоўнага ганка, але і тыльны дворык, і нават тратуар перад галоўным корпусам. Пасля сядзеў у двары і цешыўся са свае работы: гэта ж не толькі яму, а і ўсім, хто выходзіць сюды, прыемна, што паўсюль чысценька, утульна, святочна.
І назаўтра разам з усходам сонца шмараваў Паўлюк дзеркачом двор. І цэлы дзень быў у Паўлюка добры настрой. З добрым настроем ішоў ён і ванну прымаць.
Памятаючы пра тое, што гаварыў яму чарнігавец, не забыўся ўзяць з сабою рубель. І перад тым, як распранацца, падаў яго жанчыне, што спаласквала і пасля напаўняла ванну. Падаў і сказаў выбачліва:
— Вазьміце, калі ласка. Я ж і не ведаў, што вам трэба плаціць.
Жанчына, бы ашпараная, адскочыла ад яго, закрычала:
— Вы што, звар'яцелі? Якія грошы? Хто вам такое наплёў?
Выскачыўшы з кабіны, яна голасна сказала дзяжурнай сястры:
— Ну і вёска! Тыцкае няшчаснага рубля і кажа: я ж і не ведаў, што вам трэба плаціць... Плату знайшоў!
Хацеў Паўлюк пасля ванны падысці да тае кабеціны і растлумачыць, чаму ён тыцкаў, як яна сказала, таго рубля, але пасаромеўся, не падышоў. Ат, парашыў, лепш будзе, калі ён прамаўчыць, не стане напамінаць, хоць, падалося яму, пакрыўдзілася кабета не за тое, што даваў ёй рубля, а за тое, што даваў мала. А на чарнігаўца пакрыўдзіўся: ён жа яму не смаркач які, каб так па-дурному жартаваць...
Пасля гэтага без вялікае ахвоты, як і на кактэйлі, хадзіў Паўлюк і на ванны. Цераз сілу хадзіў. Прыйдзе, сядзе з краёчку і выглядвае, ці дзяжурыць тая кабеціна. Калі дзяжурыць, дык цаляе, каб хаця не яна налівала ў ванну таго цёплага і невядома чым карыснага нарзану. Перажываў, нерваваўся, але хадзіў. Бо як жа не пойдзеш? Толькі ж, бадай, дзеля гэтых самых нарзанных ваннаў і едуць сюды людзі за няблізкі свет. Усе навыперадкі хваляць гэты самы нарзан. Трэба і яму, значыцца, не быць за ўсіх разумнейшым і папрымаць ванны да канца, колькі іх яму прызначана.
Але дванаццаць прызначаных ваннаў ён усё ж не прыняў. Паляжаў у цёплым, ажно гарачым і не надта бурлівым нарзане ўсяго пяць разоў, бо прабыў у санаторыі дзесяць дзён — ванны доктарка прапісала прымаць цераз дзень. На адзінаццаты дзень, пасля гаворкі са сваёй маладзенькай і ласкавай доктаркай, ён паехаў з Кіславодска дадому. Зрэшты, не так пасля гаворкі з доктаркай, як з чарнігаўцам...
Доктарка ранічкою таго дня ўгледзела Паўлюка з дзеркачом. Яна спынілася, паглядзела на яго пільней, пасля, як не верачы сваім вачам, падышла да яго.
— Таварыш хворы, што гэта вы робіце? — спытала яна.