Выбрать главу

Апошненькі, Косцік, для яе ўсё малодшанькі ды малодшанькі, хоць таму Косціку ўжо даўно за сорак. Яна заступалася за яго перад братамі, як яны спрабавалі туркаць яго, і дазаступалася: співаецца яе Костачак. А пачынаў жа лепей, здавалася, чым усе яго браты і сястра. Скончыў, не ў прыклад іншым, усе дзесяць класаў, яшчэ як у Альхоўцы яны жылі. І паступіў вучыцца ў політэхнічны інстытут, на інжынера. Пасля вучобы пакінулі яго ў Мінску, на заводзе, дзе станкі робяць. Неўзабаве ажаніўся, кватэру атрымаў — яго ж і ў армію не ўзялі, там, у інстытуце, заадно і на афіцэра вывучыўся. Радавалася Стэпачка — як ніколі не радавалася. І дзяўчына Косціку добрая трапілася — Томачка. Маленькая такая, але руплівая, увішная, як пчолка, і надта ж ужо зграбненькая. Але год жывуць яны, другі, трэці, пяты, а ўсё дзетак няма. Ёй, Стэпачцы, тое ўсё муляе і муляе. І адноечы не сцярпела, у самой Томачкі па-бабску і папыталася. А тая — Косціка якраз дома не было — як загалосіць: «Мамачка, не будзе ў нас з Косцікам дзетак, і не ён вінаваты, а я, захварэла я, а не лячылася, ажно пакуль аперацыю не прыйшлося рабіць, і не будзе ў мяне дзетак ніколі, не будзе...» Ну, яна тады суцешыла нявестачку: што ж зробіш, дзіцятка, не трэба так убівацца, абы вы адно аднаго шанавалі ды любілі. Дык Томачка на тое яшчэ гарчэй расплакалася. Баіцца, казала, што Косцік не вытрывае, ужо, здаецца ёй, пачаў глядзець на яе не так, як раней, нейкімі як чужымі вачамі, быццам глядзіць на яе, а не бачыць...

Як у ваду глядзела нявестачка: Косцік і праўда неўзабаве ўцёк ад Томачкі, нічога не сказаўшы і не напісаўшы нават. Знік — і ўсё тут, як скрозь зямлю праваліўся. І з работы сваёй звольніўся. А праз паўгода нейкага вярнуўся. З другога горада. Вярнуўся, папрасіўся, і прыняла яго Томачка, ішоў рабіць інжынерам пачаў, але ўжо на другім заводзе, на пеніцылінавым. І спачатку ўсё добра было. Год-другі жылі — быццам толькі пажаніліся. А потым зноў пачалося, зноў Томачка ёй, Стэпачцы, жалілася: «Засумаваў Косцік, пэўна, уцячэ...» А ён не ўцёк, а — піць пачаў. На тым пеніцылінавым заводзе спірт ёсць, от з таго спірту і пачалося. Пачаў з работы прыходзіць пад чаркай. Як яму таго спірту перападала, хто яго ведае, а толькі ці не кожан дзень Косцік цёпленькі. Пакуль не засмактала зусім, дык апраўдваўся, бажыўся, што апошні раз, а пасля адмоўчвацца пачаў. Што ні гаворыць Томачка, ён маўчыць, набычыцца і маўчыць. Ну і што? З майстроў яго слесарам зрабілі, а потым і зусім звольнілі — пратурылі за прагулы ды выпіўкі. На тонкасуконным быў трохі пааціраўся, потым на скургалантарэйнай парабіў, на тытунёвай фабрыцы адзначыўся, у магазіне грузчыкам колькі месяцаў целяпаўся, а то месяцамі — нідзе нічога. Цяпер у мэблевым магазіне, што на Камароўцы, грузчыкам. Ці мо і не грузчыкам. Казаў — упакоўку ў двары магазіна разбірае, рэйкі драўляныя і кардон у кучкі складае і на машыны грузіць... Дакаціўся во, што і сказаць каму сорамна, а піць так і не кінуў. А Томачка ўсё трывае, усё церпіць, усё на нешта спадзяецца. Шкада яе Стэпачцы. Яна во матка, а ўжо, мусіць, страціла веру, што адумаецца яе Косцік, яе малодшанькі, а Томачка — верыць, не акамянела сэрцам. І хочацца ёй, Стэпачцы, вельмі хочацца, каб нявестачцы-цярплівіцы ўсміхнулася нарэшце шчасце — усё роўна, ужо ўсё роўна, ці з Косцікам, ці мо з кім іншым, але каб усміхнулася, каб хоць трошкі сплацілася ёй штодзённае яе цярпенне. Не скажаш жа нікому, што яна, маці, не раз ужо дадумвалася да таго, што каб жа гэта Томачка даўмелася ды хоць бы знарок якога-небудзь мужчыну займела, хоць бы дзеля адводу вачэй — мо гэта змусіла б Косціка скалануцца, ачнуцца ад ачмурэння, пацягнуцца да працягнутых к яму рук...

Ведама, не ва ўсім тым, што здарылася з яе дзецьмі, Стэпачка вінаваціць горад. Не, не такая ўжо яна і дурная, каб яго ва ўсім вінаваціць. Не ўсіх жа людцаў псуе ён, горад. Колькі вунь людзей харошых вакол! І ў двары, і ў магазіне, у якім яна ножан дзень бывае, і на рабоце яе колішняй, у бальніцы той. Яна ж толькі пяты год на пенсіі, а то ўсё рабіла і рабіла ў бальніцы той. А рабіла ж таму, што ніхто ніколі яе там не пакрыўдзіў, не абняславіў, не абгаварыў, рабіла, бо добра ёй было там рабіць. Не, горад сам па сабе Стэпачцы нават спадабаўся. Першы год, другі дык, праўда, не па сабе было ёй. Саромелася яна ўсяго і ўсіх. Не адразу і на вуліцу — па-гарадскому ў двор — рашылася выйсці. Думалася ж: а ці патрапіць сказаць там што, а ці не будуць смяяцца і з гаворкі яе, а ці не скажуць пасля, што ў Васі матка — дурная баба? Ёй жа тое найбольш балюча будзе — не за сябе, за Васю. Урэшце ўсё ж рашылася, выйшла, прысела на лаўку да гурту старых і не надта старых кабет і жанок. Моўчкі прысела, нават і паздароўкацца ці паздароўкалася, язык у роце быў дзераўняны. А паслухала бабскую гамонку, дык неўзабаве і сама ўплішчылася ў яе: аказалася, ці не ўсе — такія ж, як і сама яна, Стэпачка, вясковыя бабы, забраныя дзецьмі ў горад. Дык яна і акрыяла пасля таго, і ўжо не бянтэжылася нідзе, не баялася ні папытацца ў каго на вуліцы пра што, ні ў магазіне загаварыць да маладзенькіх і надта ж чысценькіх прадаўшчыц.