Выбрать главу

Лена. Чаго гэта вы?

Каралёў. Не магу без злосці глядзець на тых, хто смяецца!

Лена. Я вас слухаю. Зноў аналіз крыві трэба зрабіць?

Каралёў. Яі без аналізу ведаю: кроў мая сапсаваная ўшчэнт…

Лена. Што за песімізм!

Каралёў. Значыць так: у вобмарак не падаць і ніякіх пытанняў не задаваць. О’кэй?

Лена. Ес, сэр!

Каралёў дастае з кішэні пачкі грошай… Адну, другую, трэцюю… Пяць.

Каралёў. Пяцьдзясят тысяч. Тут у вас лечыцца…

Лена. Божа…

Каралёў. Ты абяцала ў вобмарак не падаць!

Лена (заплакала). Ігар Міхайлавіч, мілы… Вы ведаеце…

Каралёў. Ведаю! Вось перадай ёй запіску… Толькі сама не чытай…

Лена. Ды за каго вы мяне…

Каралёў. Усё! Ніякіх пытанняў. Ты абяцала.

Лена. Можна я вас пацалую?

Каралёў. Не хачу.

Лена. Чаму?

Каралёў. Ты з міліцыянерамі цалуешся.

Выходзіць.

Лена (перакладае пачкі, потым закрывав іх газетай і шэпча, прыціскаючы запіску да грудзей). Госпадзі, Святы Божа! У першы раз звяртаюся да цябе… Дзякуй Табе, дзякуй Табе… дзякуй.

З’яўляецца Кім.

Кім. Ба-а! Грэшніца ўзносіць малітвы… Чароўная АЛена, праз якую грэкі разбабахалі Трою, зрабілася Марыяй Магдалінай!

Лена (кідаецца да хлопчыка і пачынае яго цалаваць). Кім! Кім! Кім!

Кім (вырываецца). Вашы «деяния», сястра, падпадаюць пад крымінальны кодэкс! Гвалтоўная спроба, спакушэнне непаўналетняга. Стацця саракавая, пункт трэці, абзац другі. Ад двух да сямі з канфіскацыяй маёмасці.

Лена. А маёмасць за што?

Кім. Каб не было дзе спакушаць іншых. Што гэта з вамі? Міліцыянеру генерала далі?

Лена. Не-е, на канфіскацыю маёмасці за такое брыдкае качаня, як ты, я не згодная.

Кім. А што ў вас можна канфіскаваць? Уся маёмасць — адзін халат.

Лена (гулліва). Ты ўпэўнены?

Кім. Ды й халат казённы…

Лена. Значыць так: у вобмарак не падаць і з глузду не з’язджаць. Дамовіліся?

Кім. Зараз ты скажаш, што ў цябе закахаўся прынц Самшытавых астравоў…

Лена. Але-е оп! (Рэзка адхінае газету.) Толькі спакойна.

Кім (глядзіць на грошы і пасля паузы). Міліцыя нуль адзін ці нуль тры?

Лена. Нуль два.

Кім. Званю. Я тваім падзельнікам быць не збіраюся… Тут не ад двух да сямі… Гэта пажыццёвая катарга…

Лена. Грошы, Кім, абсалютна чыстыя. Іх перадалі на яе лячэнне. Прынёс адзін чалавек.

Кім. А ты не здагадалася папытацца ў яго даведкі?

Лена. Якой даведкі?

Кім. 3 псіхбальніцы.

Лена. А ў цябе хіба пыталіся даведку, калі ты хадзіў па багатых дамах і выдаваў сябе за сына, выпрошваючы грошы на яе лячэнне? Ды там і даведкі пытацца не трэба было, і так ясна, што… (Круціць каля скроні.)

Кім. Адкуль ты ведаеш?

Лена. Юля сказала… Толькі прасіла, каб я табе нічога не гаварыла… Я слова ёй дала.

Кім. Ты сваё слова стрымала.

Лена. Ладна, гэта я ад радасці… Можа менавіта ты і зрабіў гэта. Клянуся, я не верыла, што можна знайсці такія грошы. I Юля не верыла. Толькі ты верыў.

Кім. Ты пералічыла іх?

Лена. Што тут лічыць? У пачцы сто штук па сто. Дзесяць тысяч.

Кім. I колькі пачак?

Лена. Ты што да пяці лічыць не ўмееш?

Кім. Не трэба ёй пра гэта гаварыць.

Лена. Згодная.

Кім. Толькі на гэты раз дай слова і завяжы свой язык марскім вузлом.

Лена. Магіла, Кім…

Кім. Скажы яшчэ век свабоды не відаць… Што ў цябе за лексікон? Во што значыць з міліцыянерамі якшацца.

Лена. Заткніся, ты!!!

Кім. Ціха! Яна ідзе…

З’яўляецца Юля.

Юля. Хлопчыкі-дзевачкі, я як новенькая. Прывітанне, Кім! (Цалуе Кіма.) А што гэта з вамі?

Кім. А што?

Лена. Што?

Юля. Нейкія вы напружаныя…

Лена. Гэта табе здаецца.

Кім. Нічога не здаецца. Юля, я зрабіў Лене прапанову.

Юля. Якую?

Кім. Праз пятнаццаць гадоў выйсці за мяне замуж. Яна думае…