Каралёў. Табе шкада яго?
Кім. Шкада.
Каралёў (у трубку). Адбой: ён табе амністыю абвясціў… Не я, а ён! (Кідае тэлефон.)
Каралёў (налівае). 3 твайго дазволу… (П’е.) Цяпер кажы, хто ты…
Кім. Я ваш сын…
Каралёў. Яшчэ раз.
Кім. Я ваш сын…
Каралёў. Вельмі прыемна, сынуля…
Кім. Мне таксама.
Каралёў. За сустрэчу! (П’е.) Калі б ты ведаў, як я цябе доўга шукаў. Ты, канечне, сынок, бедны, няшчасны, адзінокі, табе няма чаго есці і табе трэба грошы… так?
Кім. Не зусім. Я не сірата, не бедны, не адзінокі, мне ёсць што есці і ёсць дзе жыць… А вось грошы мне патрэбны. Тут вы здагадаліся.
Каралёў. Колькі?
Кім. Пяцьдзясят тысяч.
Каралёў. Ну, мужык, ты сціплы…
Кім. Я пра долары…
Каралёў. Тады «ой»! Ты сапраўды мой сын. Па размаху. Цябе мамка паслала?
Кім. Мама памерла дзесяць гадоў таму.
Каралёў. А як яе звалі?
Кім. Эльвіра.
Каралёў. А дзе мы з ёй… сустракаліся?
Кім. На фестывалі моладзі і студэнтаў… Вы тады былі намеснікам старшыні Саюза моладзі.
Каралёў. Колькі табе гадоў?
Кім. Вы пыталіся ўжо два разы… Трынаццаць.
Каралёў. А-а-а… Так, так… I з кім ты жыў?
Кім. Жыў я ў дзетдоме, бо ў мамы таксама нікога з блізкіх не было… Дом знаходзіўся ў Расасенцы. Калі здарылася Зона, дзетдом рассялілі па ўсёй рэспубліцы… Я цяпер жыву тут, у сямейным дзіцячым доме.
Каралёў. I як ты пра мяне даведаўся?
Кім. Ваша інтэрв’ю было ў «Дзелавой газеце».
Каралёў. Ну ясна. А яна што расказвала табе пра мяне і ты ўсё запомніў… Калі яна памерла?
Кім. Я ж казаў… дзесяць гадоў таму.
Каралёў. I ты нешта запомніў з таго, што яна табе расказвала… пра мяне? У такім узросце?
Кім. Яна амаль нічога не расказвала… Толькі перад смерцю прашаптала: «Фестываль. Тваё імя — твой бацька…»
Каралёў. Чыё імя?
Кім. Маё.
Каралёў. А як цябе завуць?
Кім. Кім…
Каралёў. Пры чым тут я?
Кім. Вы знаёмы з абрэвіятурай? Назавіце сябе і зразумееце…
Каралёў. Называю: Каралёў… I што?
Кім. Поўнасцю…
Каралёў. Каралёў Ігар Міхайлавіч… I што? А-а-а… Крута… Кім атрымліваецца… Толькі няўвязачка з прозвішчам па бацьку. Справа ў тым, што мяне на вакзале некалі знайшоў сяржант міліцыі… Мая мамачка пакінула мяне на падаконніку… Прозвішча ў сяржанта было Міхайлаў… Так я стаў Міхайлавічам.
Кім. А чаму Каралёў?
Каралёў. Тады ўсе шызелі ад касманаўтыкі… Акурат на тым тыдні памёр славуты генеральны канструктар…
Кім. A Ігар?
Каралёў. А вось гэтага не ведаю… Можа нянечка якая ахрысціла, а можа клапатлівая матуля запіску пакінула… Не ведаю.
Кім. Даруйце…
Каралёў. Усё пуцём, Кім! Дык ты кажаш мой сын? I прыйшоў па аліменты? Лады, Кім… Толькі давай так… Колькі ты заяўляў?
Кім. Пяцьдзясят тысяч.
Каралёў. Замётана. Тры нулі закрэсліваем і… Атрымай і распішыся!.. (Падае купюру.)
Кім. Мне столькі не трэба.
Каралёў. Маеш рацыю. За геніяльную прыдумку трэба дадаць яшчэ… (Дастае яшчэ купюру.)
Кім. Бывайце…
Каралёў. Чакай! Што ты сабе хочаш купіць? Велік? Камп’ютар?
Кім. Я нічога не хачу купіць. Мне патрэбна пяцьдзясят тысяч долараў.
Каралёў. На меншае ты не згодны?
Кім. Не.
Каралёў. Я балдзею ад цябе… Ну ты ж разумны, мужык… Табе не смешна? Я прачынаюся з пахмелу, заяўляешся ты і… здравствуйте, я ваша тётя! Не тётя, а сын! Сын! I за гэту хохму ты хочаш атрымаць пяцьдзясят тысяч баксаў… Навошта яны табе?
Кім. Асабіста мне непатрэбна ані цэнта. Такія грошы трэба маёй сястры… На лячэнне.
Каралёў. Гэта яна цябе паслала?
Кім. Не.
Каралёў. I колькі ёй?
Кім. Дваццаць два.
Каралёў. Клас! Значыць, у мяне і дачка зусім дарослая! Ну раз ты мой сын, а яна твая сястра… Колькі кажаш? Дваццаць два? А-а-а, помню, помню… Я тады ў пяты клас хадзіў, а яна нарадзілася перад самымі вясеннімі канікуламі… Мяне завуч з дырэктарам павіншавалі і адпусцілі з урокаў у раддом.
Кім. Бывайце.