Каралёў выходзіць імкліва. Выходзіць і Кім. Вяртаецца са шклянкай Каралёў.
А ў якой школе ты вучышся? Гэй! Ты дзе? Кім!
Бярэ тэлефон, набірае нумар.
Зараз будзе выходзіць пацан, не выпускай яго… Як выпусціў?! I машыну даў?! Ты… А калі б ён сказаў, каб ты мне галаву адрэзаў, ты б і гэта зрабіў, уррод! Пазвані ў машыну і скажы… Лёня без мабільніка?! Усё! Не пападайся мне сёння на вочы, прыдурак!!!
Ходзіць па пакоі, трымаючы перад сабой здымак. Задуменна спыняецца. Бярэ са стала насоўку, што пакінуў Кім.
Ды не… Лухта ўсё гэта! Лух-та!
Клініка. За столікам Юля і Лена. Вечар.
Лена. Ты зноў сабралася ў бар?
Юля. Так…
Лена. I што ты там робіш?
Юля. Гляджу на яго.
Лена. Дзіўлюся…
Юля. Я сама дзіўлюся… Мне даўным-даўно нехта салодкага кіпеню ў душу лінуў… Плыву… Прыходжу ў бар і чакаю… Ён з’яўляецца і пачынае напівацца… Кожны дзень… Ты ўяўляеш? Кожны дзень!.. Потым сядзіць у кутку за столікам, смаліць. 3 выгляду круты-круты, а я бачу ў ім дзіцёнка, што выйшаў пагуляць на перон, а цягнік з бацькамі пайшоў… Ты разумееш, ён плача…
Лена. Не выдумляй. Такія не плачуць.
Юля. Плача! Ён плача нават тады, калі смяецца…
Лена. У цябе аналізы палепшыліся.
Юля. Яго ніхто ніколі не любіў…
Лена. Ты ведаеш, што нас, жанчын, у адносінах да мужыкоў падзяляюць на тры катэгорыі: сёстры, жонкі, маці…
Юля. Адкрыла Амерыку…
Лена. Ды не ў прамым сэнсе! Як характар, як від… Сёстры строгія, сухаватыя і прагматычныя. Не раўнуюць. Жонкі раўнівыя, больш чуллівыя, аднак таксама патрабавальныя і строгія… Ну і мамачкі… Чым болей сыночак гадасцей робіць, тым больш яго любяць. Чым больш падоністы, тым даражэйшы. Ты — тыповая мама…
Юля. А ты?
Лена. Я і па прафесіі і па натуры — сястра… Болыпага мужчыны не заслугоўваюць! Ты калі пазнаёмішся з ім…
Юля. Ужо пазнаёмілася…
Лена. I што?
Юля. Да сябе запрашаў. У яго спальня са шкляным дахам… Спіш, а на цябе зоркі свецяць…
Лена. Дык ты хадзіла?!
Юля. Ты з глузду з’ехала! Як гэта я пайду.
Лена. Ты ж казала, што кахаеш…
Юля. Кахаю.
Лена. Чаму ж не пайшла?
Юля. А ты б пайшла за трыста долараў?
Лена. Ён табе яшчэ і трыста долараў даваў?!
Юля. Прапаноўваў. Ну скажы, ты б пайшла?
Лена. Калі б кахала, якія пытанні!
Юля. Ой, не выпендрывайся ты… Як гэта называецца, ты ведаеш…
Лена. Ведаю! Але я як медык, мілая, яшчэ нешта ведаю… Быў у маёй практыцы выпадак, калі праблемы такія ж, як і ў цябе, у адной дзяўчынкі адышлі самі па сабе, без медыкаментаў.
Юля. I што з ёй здарылася?
Лена. Што з усімі намі рана ці позна здараецца. Зацяжарыла…
Юля. I што?
Лена. Арганізм складаны камп’ютар… Нешта ў ім шчоўкнула — праз тры месяцы з уліку знялі. А ўжо рукой на яе ўсе махнулі…
Юля. Значыць, яна кахала і ён кахаў…
Лена. У гэтыя дэталі я не ўнікала.
Юля. Іначай нічога б не адбылося…
Лена. Можа. Не затрымлівайся.
Юля. Добра… (Выходзіць.)
З’яўляецца Кім.
Кім. Яна зноў пайшла?
Лена. Вітацца трэба.
Кім. Хэлло!
Лена. Чао, бамбіна!
Кім. Па-французску трэба казаць «гутэн таг». Чаму ты яе зноў адпусціла швэндацца па начным горадзе?
Лена. А ты раўнуеш?
Кім. Яна мая сястра, і я за яе непакоюся. Рэўнасць жа, як вам, мабыць, вядома з сусветнай літаратуры, бывае толькі да маці… Вы Сафокла чыталі?
Лена. Слаўны з цябе мужчына атрымаецца, Кім…
Кім. Не падлізвайцеся…
Лена. Не, сур’ёзна. Быў бы ты гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б выйшла за цябе замуж.
Кім. Быў бы я гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б з’еў каля загсу свой пашпарт, а з табой не ажаніўся…
Лена. Паччаму?
Кім. Ты спазнялася калі-небудзь на цягнік?
Лена. На цягнік не… Затое я заўсёды спазняюся на спатканні.
Кім. Вы гэта робіце знарок, міс! I на спатканні вы не спазняецеся, я ведаю… Вы прыходзіце іншым разам раней за вашага амаранта і з-за вугла назіраеце, калі з’явіцца ен, а потым цярпліва вытрымліваеце пяць-сем хвілін і…