Лена. Нахабнік!
Кім. …і з лёгкадумным выглядам заяўляецеся. Ах, я зноў спазнілася!
Лена. Усё, надакучыў!
Кім. Вы гублялі калі-небудзь грошы?
Лена. Усё!
Кім. Ці праспалі вы хоць раз на экзамен?
Лена. Усё я сказала!
Кім. Вы плакалі хоць раз без прычыны, а проста ад замілавання?
Лена. Ты мяне давядзеш!
Кім. Узяць з вамі шлюб — тое ж самае, што пасадзіць сябе на жорсткую дыету на ўсё жыццё… Я жартую. Куды яна пайшла?
Лена. Куды і заўсёды.
Кім. I зноў без кофты… Толькі прастуды мне яшчэ не хапала… Я пайшоў.
Лена. Ты, можа, прабачэння папросіш?
Кім. Міс, даруйце мне і ў маёй асобе ўсім мужчынам, што крыўдзілі вас, крыўдзяць цяпер і будуць крыўдзіць (выходзіць).
Лена (глядзіць на сябе ў люстэрка). Ну, нягоднік малы! Трэба ж наплесці такога…
З’яўляецца Каралёў.
Каралёў. Добры вечар…
Лена. Добры. Вы да каго?
Каралёў. Не ведаю. Мабыць, да цябе.
Лена. Тады чым магу?
Каралёў. Ты даўно тут працуеш? Нічога, што я на ты?
Лена. Карона не зваліцца. Даўно працую.
Каралёў. Ты не можаш мне сказаць, хто тут дзяжурыў дваццатага.
Лена. А вы хто?
Каралёў. Ты не бойся, усё нармальна…
Лена. А я і не баюся…
Каралёў. Разумееш, дваццатага са мной непрыемнасць адна здарылася. У нейкай бальніцы мне дапамаглі. Выскачыў, схапіў таксі і… нават дзякуй не сказаў.
Лена. Падумаеш! У нас такая прафесія: ні грошай, ні дзякуй.
Каралёў. Разумееш, мне здорава дапамаглі… Я ў гарачцы быў… не памятаю, як дадому дабраўся… I не памятаю, у якой бальніцы быў…
Лена. Крутая гарачка была.
Каралёў. Ты нават не ўяўляеш.
Лена. Якога вы казалі?
Каралёў. Дваццатага.
Лена. А ў які час?
Каралёў. Вечарам.
Лена. Да дзесяці? Пасля?
Каралёў. Пасля.
Лена (глядзіць у графік). Я дзяжурыла 20-га. 3 21-й да сямі раніцы.
Каралёў. Не-е, там медсястра прыгожай была…
Лена. Дзякую за камплімент.
Каралёў. Не-не-не! Я не тое хацеў сказаць! У сэнсе прыгожая, што падобная…
Лена. На каго? На Сафі Ларэн ці Пугачову?
Каралёў. На маці маю падобная! На маці! Ты таксама нішто сабе, але ты на яе не падобная…
Лена. Ты таксама да майго бацькі не дацягваеш…
Каралёў. Хіба я супраць?
Лена. Значыць, так… Дваццатага вечарам дзяжурыла я. Нічыіх гарачак тут не было. Усё?
Каралёў. Не ўсё. Па-першае, не крыўдуй. Калі я цябе пакрыўдзіў, прашу прабачэння.
Лена. За вас ужо папрасілі прабачэння.
Каралёў. Хто?
Лена. Тут адзін акселерат швэндаецца… Што па-другое ў вас?
Каралёў. А па-другое, хачу аказаць вашай клініцы дабрачынную дапамогу… (кладзе на столік канверт).
Лена. А па-трэцяе, ніякіх медыкаментаў, ні за якія грошы я вам даставаць не буду… Так што забярыце свой дабрачынны канверт і каціцеся к чортавай матары…
Каралёў. Ды якія к чорту медыкаменты! Калі мне спатрэбяцца наркотыкі, я іх воз дастану… I цябе магу пачаставаць…
Лена. Значыць проста так ахвяруеце…
Каралёў. Не, не зусім.
Лена. Забярыце канверт.
Каралёў. Спакойна! Ты будзеш чыстая, як херувім. (Дастае з кішэні насоўку.) Вось бачыш насоўку… На ёй кроў. Не баішся крыві?
Лена. Я медсястра і не баюся нават голых мужчын…
Каралёў. Гэта калі яны хворыя… Цяпер вось гэтая бутэлечка… Тут таксама кроў. Мне трэба ведаць: ці ёсць паміж імі розніца.
Лена. I ўсё?
Каралёў. I ўсё. Гэта (паказвае на канверт) раздасі лабаранткам за паслугі. А хочаш, купі для іх новы мікраскоп.
Лена. Там хопіць на мікраскоп?
Каралёў. Хопіць. Ну? I ў чым тут крымінал? Запэўніваю, што ўласнікі гэтых крывей жывыя і здаровыя.
Лена. Навошта гэта вам?
Каралёў. Я пісьменнік. Пішу дэтэктывы. Распрацоўваю адзін сюжэт. Хачу, каб усё ў ім было праўдападобным.
Лена. Ну добра, зайдзіце дні праз тры, ці лепш пакіньце тэлефон, я вам пазваню…