Выбрать главу

Моруа Андрэ

Кiрмаш у Нэйi (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

КIРМАШ У НЭЙI

- Банiвэ быў гадоў на пяць-шэсць старэйшы за мяне, - пачаў Мафра, - але яго кар'ера была такая блiскучая, такая раптоўная, што я прывык лiчыць яго хутчэй сваiм апекуном, чым сябрам. Я яму за многае павiнен дзякаваць. Стаўшы мiнiстрам грамадскiх работ, ён узяў мяне ў сваю канцылярыю, а калi мiнiстэрства распалася, цудоўна ўладкаваў у прэфектуру.

Вярнуўшыся да ўлады, Банiвэ атрымаў партфель мiнiстра калонiй. Я займаў тады ў Парыжы нiштаватую пасаду i прасiў яго, каб мяне нiкуды не пераводзiў. Адносiны памiж нашымi сем'ямi былi найлепшыя, i мы часта разам праводзiлi адпачынак: то мы ў iх, то яны ў нас. Нэлi Банiвэ мела гадоў пад сорак, прыгажосцi не страцiла i была iдэальнай жонкай мiнiстра. Муж яе моцна любiў.

Я ўжо гадоў дзесяць, як быў жанаты, i жылi мы з Мадлен, вы гэта ведаеце, вельмi дружна.

Нейк у пачатку чэрвеня Банiвэ запрасiлi нас паабедаць у адной з рэстарацыяў Булонскага Лесу. Нас было шэсць, вечар правялi мы весела, i пад поўнач нiхто не хацеў разыходзiцца. Банiвэ, чалавек дасцiпны i з гумарам, прапанаваў нам усiм паехаць на кiрмаш у Нэйi. Дарваўшыся да ўлады, ён любiць прыкiдвацца калiфам Гарунам-аль-Рашыдам, гэтакiм дабрадзеем, i слухаць, як навокал шэпчуцца: "Гляньце, гляньце, Банiвэ!"

Тры немаладыя пары, што ў дзiцячых гульнях старалiся аднавiць чары юнацтва, былi даволi сумным вiдовiшчам. Мы выйгралi ў розных латарэях макароны, шкляныя караблiкi, цукровых звяроў; мужчынская кампанiя збiвала ў цiры люлькi з круцёлак i яечныя шкарлупiны, што падскаквалi ў вадзяных фантанчыках. Потым мы дабралiся да адмысловай чыгункi, якая пасля аднаго-двух кругоў на вольным паветры хавалася ў штучным тунелi. Нэлi Банiвэ прапанавала праехацца ў цягнiку. Мадлен гэта забава не надта падабалася, дый сядзеннi здалiся бруднымi, але яна не хацела псаваць святочнага настрою, i мы купiлi квiткi. У мiтуснi пры пасадцы наша група раскалолася, i я апынуўся ў адным купэ з Нэлi Банiвэ. Нас было двое, i нiкога больш.

Цягнiк-малютка шпарка мчаўся па крывой, i павароты былi разлiчаны так, каб пасажыры навальвалiся адзiн на аднаго.

Мадам Банiвэ пры першым штуршку ледзь не трапiла ў мае абдымкi. У гэты момант цягнiк уляцеў у тунель, адразу стала цёмна, i я дзiву даюся, як гэта магло здарыцца за некалькi секунд. Наша цела не заўсёды падпарадкоўваецца розуму. Я ўвесь час адчуваў Нэлi ў сябе на каленях i лашчыў яе, як дваццацiгадовы салдат лашчыць дзяўчыну, якую ён прывёў з сабой на кiрмаш. Я шукаў яе губы, нiчога не ўсведамляючы, яна не супрацiўлялася, i, калi нарэшце пацалаваў яе, мы выехалi са змроку ў святло. Рэзка, як па камандзе, мы абое адсунулiся i, вытрашчыўшы вочы, аслупянелыя, пазiралi адно на аднаго.

Помнiцца, я тады сiлiўся разгадаць, што напiсана ў яе на твары. Нэлi Банiвэ прывяла ў парадак валасы, спакойна глянула на мяне i не сказала нi слова. Збянтэжанасць хутка развеялася. Цягнiк ужо спыняўся каля платформы, i праз хвiлiну мы далучылiся да Банiвэ, Мадлен i двух другiх нашых спадарожнiкаў.

- Гэты кiрмашовы атракцыён не для нашага ўзросту, - з нудотай заўважыў Банiвэ, - цi не пара дадому?

Мадлен падтрымала яго, мы накiравалiся ў Порт-Мэйё, а ўжо адтуль хто куды. Цалуючы Нэлi руку на развiтанне, я прабаваў зiрнуць ёй у вочы. Яна весела размаўляла з Мадлен i адышла, так мне нiчога i не намякнуўшы.

Заснуць я не мог. Гэта нечаканая прыгода парушыла роўную плынь майго жыцця. Я наогул не быў бабнiкам, а тым больш пасля таго, як ажанiўся. Я любiў Мадлен ад усяго сэрца, i наша ўзаемнае давер'е было моцным i шчырым. Да Банiвэ я адчуваў прыхiльнасць i глыбокую ўдзячнасць. Але ўсё ж нейкi чорт мяне падбухторваў сустрэцца з Нэлi, каб хутчэй дазнацца, што азначаў яе позiрк, пасля той фатальнай хвiлiны. Здзiўленне? Гнеў? Вы ведаеце, якая фанабэрыя часам можа таiцца ў самым скромным мужчыне. Я ўявiў сабе працяглае, маўклiвае пачуццё, якое раптам абудзiлася, дзякуючы выпадку. Побач са мной на суседнiм ложку мiрна спала Мадлен.

На другi дзень я быў вельмi заняты i не было мне калi асаблiва думаць аб учарашнiм дзiвосным здарэннi.

На трэцi дзень мяне паклiкалi да тэлефона.