Міфапаэтычны воблік каровы набліжаецца да вобразаў першапродкаў, якія клапоцяцца пра жывых. Тут найбольш яркі прыклад — беларускія, рускія, украінскія казкі пра карову, якая дапамагала сіротцы выконваць розныя хатнія работы, загаданыя мачахай. Па сутнасці памерлая маці астаўляе замест сябе карову. У беларускай казцы «Пра быка і яго сяброў» цяжка разгледзіць міфалагічную аснову, але яна ёсць. Бык пужаецца туману і бяжыць на край свету, дзе будуе сабе дом [8¸40–45]. У яго ўцёках можна бачыць знікненне сонца ў зімовы перыяд — сюжэт, аналагічны казцы «Фініст — ясны сокал». Не менш характэрная казка «З рога ўсяго многа». Сапраўды, дзякуючы рогу можна атрымаць літаральна ўсё.
Такім чынам, казкі вярнулі нас да таго, з чаго мы пачалі: бык (карова) быў у арыйцаў татэмнай жывёлай. Культ яго з’яўляецца той першаасновай, на якой ўзраслі найбагацейшыя культуры белай і жоўтай расы.
Тыгр
1998 год і ў будучым 2010 год знаходзяцца пад знакам самай усходняй з усіх жывёл усходняга календара — тыгра.
Тыгр — жывёла, безумоўна, не нашага рэгіёну і нават не блізкіх да нас суседзяў. І тым не менш няма, бадай, беларуса, які б не бачыў тыгра ці, ва ўсялякім выпадку, не ўяўляў яго. І пачуцці ён выклікае складаныя, бо, сапраўды, жывёла — выключна цікавая і ў многім супярэчлівая.
Паглядзім спачатку, што гавораць біёлагі, знаўцы тыгрынай прыроды. Паляўнічыя называюць яго джальтменам. Тыгр высакародны тым, што перад атакай рыкам папярэджвае будучую ахвяру. Леапард жа і рысь кідаюцца моўчкі і звычайна ззаду ці зверху. Тыгр рэдка спажывае падлу (пантэра ў гэтым сэнсе не такая разборлівая). Тыгр акуратны: і ў логаве ў яго чыста, суха, і вантробы са здабычы звычайна не есць, выцягне іх і аднясе ў бок. Аставіўшы дзічыну да наступнага дня, амаль заўсёды прыкрые яе веццем ад мух, вос, шакалаў. Часам хавае яе ў ваду. Ваду любіць, як ўсе кошкі: многа п’е, добра і ахвотна плавае. Вялікія рэкі, напрыклад, Ганг тыгры пераплываюць без цяжкасці [1, 207].
Аднак павага, пашана да тыгра яму не дапамаглі. Ён знішчаны амаль паўсюдна. Рэдкі ў Індыі, Кітаі, Іране, Бірме. На Каўказе апошняга тыгра забілі ў 1932 г. У Сярэдняй Азіі іх ацалела няшмат. У Прыморскім ды Хабараўскім краі жыве, як мяркуюць вучоныя, каля 200 тыграў, хоць вылічыць цяжка. Усурыйскі тыгр, што водзіцца ў названых рэгіёнах, і самы вялікі з усіх.
Быў час, калі тыгры сустракаліся нават на поўначы Сібіры — да Якуцка даходзілі. А дзесяткі тысяч гадоў таму жылі на Навасібірскіх астравах (архіпелаг паміж морам Лапцевых і Усходне-Сібірскім): там знайшлі косткі старажытных тыграў, якія мала адрозніваліся ад сучасных. Нічога дзіўнага: шмат ужо назапашана звестак пра тое, што да ўсепланетнай катастрофы за Паўночным кругам быў зусім іншы клімат і жылі людзі — нашы продкі-праарыйцы, што стварылі цудоўную краіну — Гіпербарэю.
Бадзяецца тыгр днём і ноччу: абсяг яго уладаранняў вялікі — сотні квадратных кіламетраў. Ён ідзе па джунглях ці па Усурыйскім лесе, і, заўважыўшы яго, птушкі, алені, малпы крычаць трывожна, са страхам. У яго вялікім целе, павольным і паважным, 300 кг. [1, 209]. У ім дзікая сіла і напружаная палкасць. Нездарма нават чалавек, яшчэ не ўбачыўшы тыгра, не чакаючы яго з’яўлення, адчувае асаблівую, дзіўную трывогу. Магчыма, эмоцыі звера па нейкім невядомым пакуль фізічным полі перадаюцца і чалавеку.
Страх і павага — асноўныя пачуцці, якія выклікае тыгр. Пачуўшы яго рык, і звяры, і людзі літаральна трымцяць. Здаецца, тыгра цяжка любіць. Але прафесійныя дрэсіроўшчыкі гавораць інакш: «Тыгры не праяўляюць так бурна сваю радасць, як сабакі. Іх пачуцці стрыманыя. Але яны здольныя доўга памятаць, паважаць і любіць чалавека» [104, 64]. Таму, хоць з імі і надзвычай цяжка, але ўсё ж цікава працаваць у цырку. У савецкі час на ўсю краіну праславіўся тыгр Пурш, якога выхавала Маргарыта Назарава. Гэта быў выключна разумны і паслухмяны звер, поўнасцю адданы дрэсіроўшчыцы. Менавіта ён іграў галоўныя ролі ў любімых і сёння гледачамі кінастужках «Утаймавальніца тыграў» і «Паласаты рэйс».
Тыгр — жывёла, безумоўна, царская, і справядліва заняў сваё месца на небе ў зорным задыяку. На Усходзе яго і называюць царом звяроў і бясспрэчным гаспадарам лесу. У Індыі тыгра лічаць амаль такім жа разумным, як і слон, а слана ставяць па інтэлекту вышэй за чалавека (!) У Кітаі ён — не толькі цар звяроў, але і пагроза для нячысцікаў. Знакамітыя вешчуны, што выступаюць супраць злых духаў, як правіла, едуць верхам на тыгры. Вось чаму ў Кітаі, Японіі, Карэі тыгр — важнейшы з вобразаў жывапісу і дэкаратыўнага мастацтва. На ўсім Далёкім Усходзе, на Амуры яго літаральна абагаўляюць. Успомнім: мясцовы паляўнічы Дэрсу Узала з вядомай кнігі, названай яго імем, рускага пісьменніка-натураліста Уладзіміра Арсеньева бязмежна, фанатычна, так, што гэта нам цяжка і ўявіць, паважаў тыгра, лічачы яго ва ўсім вышэйшай істотай. Праўда, у іншым папулярным творы — казцы «Маўглі» англійскага класіка Рэд’ярда Кіплінга — тыгр Шэр-Хан — адмоўны персанаж. Але тут мы маем справу з поглядам на жывёлу заходняга чалавека (а пісьменнік Р. Кіплінг — заходнік ва ўсім, хоць і любіў Усход), да таго ж прадстаўніка той нацыі, якая найперш і адказная за знішчэнне тыграў у Індыі. Галоўная забава англійскіх каланіяльных чыноўнікаў ды афіцэраў — паляванне на тыграў. У выніку жывёлы амаль поўнасцю зніклі. Сённяшні ўрад Індыі ажыццяўляе маштабны дзяржаўны праект «Тыгр», у выніку якога колькасць тыграў у Індыі ўжо павялічылася да 3000 (у пачатку ХХ ст. — да амаль поўнага вынішчэння — было 50000).