Беларускі даследчык І. Крук піша, што «дамінуючай функцыяй казак пра жывёл, відаць, была дыдактычна-пазнавальная» [62, 21]. Казкі распавядаліся падчас абраду ініцыяцыі і павінны былі ўнушаць падлеткам, што не толькі сілу неабходна развіваць, але і розум, — выключна на сілу спадзявацца нельга. Былі, аднак, і казкі для дарослых, і праводзілі яны больш шырокія і больш па-філасофску заглыбленыя аналогіі. Для прыкладу возьмем выдатнейшы твор сусветнай літаратуры «Панчатантру» — зборнік прыпавесцяў і казак, напісаных на санскрыце ў пачатку нашай эры ў Індыі. Кніга ўжо ў раннім Сярэднявеччы выключна шырока распаўсюдзілася на Усходзе і Захадзе. Менавіта яе можна разглядаць як аснову сюжэтаў каласальнай колькасці еўрапейскіх баек ды навел. «Панчатантра» таксама мела дыдактычны характар. Асноўная мэта яе — навучыць разумным і маральным паводзінам. У адной з прыпавесцяў бедны брахман (маецца на ўвазе прыналежнасць да вышэйшай касты брахманаў) у лесе на дне засохлаха калодзежу знайшоў упаўшых туды тыгра, малпу, змяю і чалавека. Жывёлы папрасілі брахмана выцягнуць іх, матывуючы просьбу высакародным маральным пастулатам: выратаваць жывую істоту — значная заслуга. Калі брахман выцягнуў жывёл, яны абяцалі яму ва ўсім дапамагаць, але адначасова выказалі просьбу не вызваляць чалавека: яму нельга давяраць. Брахман усё ж выцягнуў нябогу, які аказаўся ювелірам. У далейшым жывёлы, сапраўды, часта дапамагалі брахману, а ювелір здрадзіў яму, асудзіўшы на смерць [82, 91–95]. У прыведзеным творы тыгр выступае надзвычай разумнай істотай і верным, добрым сябрам, які сваімі развагамі сцвярджае ідэю, што шкадаванне ды самаахвярнасць надаюць сэнс жыццю, а няўдзячнасць з’яўляецца самым страшным з грахоў.
Аналагам тыгра ў славянскіх казках з’яўляецца леў. Леў нязменна ва ўсіх творах называецца «над усімі звярамі царом». Але менавіта ў беларускіх казках леў з-за непрыстасаванасці да жыцця ў нязвыклых умовах, з-за няведання навакольнага асяроддзя вымушаны быў пакінуць нашу краіну. Факт цікавы. Ён сведчыць пра тое, што продкі беларусаў — арыйцы — раней жылі ў іншых прыродных умовах, але клімат на іх радзіме кардынальна змяніўся. Усё ж яны захавалі памяць пра жывёльнага цара іх родных мясцін.
Увогуле ў арыйцаў заўсёды была прыхільнасць да вялікіх кошак. Больш за тое, магчыма, нават імя «русы», якое ўвайшло ў этнонім «беларусы», раней гучала як «рысі», «рысічы», бо народ выводзіў сваё паходжанне ад рысі. Рысічы ў ІІ тыс. да н. э. прыйшлі ў Індыю, дзе ўжо не рысь, а тыгра зрабілі сваёй нацыянальнай жывёлай. Ускосным доказам нашай тэорыі з’яўляецца тое, што ў старажытных этрускаў (таксама корань «рус») важнейшай міфалагічнай, а значыць, ранейшай татэмнай жывёлай быў леапард. Нагадаем, што этрускі разам з лацінамі — асноўны субстрат італійскага (рымскага) этнаса. Гэта, безумоўна, арыйскі народ, які прыйшоў у Італію або з Малой Азіі, дзе ў ІІ тыс. да н. э. квітнела магутная індаеўрапейская Хецкая дзяржава, або з Прыдняпроўя, як сцвярджаюць сучасныя ўкраінскія даследчыкі. Этрускі пакінулі выключна багатую мастацкую спадчыну, і на шмат якіх рэчах іх побыту ды культу паўстае леапард [77, 176–177].
Дарэчы, іншы найбольш папулярны вобраз этрускага мастацтва — дэльфін. У сувязі з гэтым нагадаем, што 1998 год — згодна ужо календару зараастрыйцаў, календару «Авесты» (самай галоўнай арыйскай свяшчэннай кнігі), — быў годам дэльфіна. Дэльфін — сімвал пазнання таямніц, дапамогі, выратавання, падарожжаў, добрых думак. Год звязаны з панаваннем розуму, устанаўленнем міру, са звяртаннем да вышэйшых каштоўнасцей, з выратаваннем душы. Тыгр жа — усё ж сіла, жорсткасць, уладарнасць, значыць, можна было чакаць паўстанняў, тэрарызму, войнаў, катаклізмаў. Час паказаў, што перамог усё ж тыгр, а не дэльфін.
Такая пастаноўка праблемы — гэта, безумоўна, жарт. У 1998 г. было ўсё — свет выключна ўскладніўся. Але супярэчнасці свету мала тычацца жывёл, якія прайшлі праз усю чалавечую культуру, якіх мы і сёння любім. Яны не вінаватыя ў тым, шо людзі неразумныя ды няўдзячныя, як ў той глыбокай прыпавесці з «Панчатантры». Тыгр назаўсёды астанецца для нас царом звяроў, увасабленнем высакародства, велічы, прыгажосці, дзіўным злучэннем моцы, сілы і — вытанчанасці, гнуткасці. Наша звяртанне да жывёл Задыяку мае на мэце яшчэ і яшчэ раз паказаць бясконцую разнастайнасць і прыгажосць зямной прыроды, дзіўныя суадносіны прыроды і культуры, своеасаблівае пераасэнсаванне прыродных з’яў у фантазіі розных народаў, розных пакаленняў людзей. Жывёлы Задыяку — добрая падстава, каб нагадаць чалавеку пра яго найбагацейшую культурную спадчыну.