Чаму ж усё-такі ў народзе грэбліва ставяцца да зайца (як і да рыбы сама) і ў некаторых рэгіёнах не ядуць яго? На гэты конт нідзе ў навуковай літаратуры тлумачэнняў няма, ды і ўвогуле пра зайца гаворыцца надзвычай мала. Адну з магчымых версій мы прывялі: уплыў яўрэйскага народа, з якім беларусы доўга жывуць побач. Другая версія — таксама наша ўласнае тлумачэнне: казкі пра жывёл склаліся намнога раней, чым чарадзейныя казкі, і вось тады заяц, як і многія іншыя звяры, быў татэмам. Магчыма, шматлікія казкі пра мядзведзя, ваўка, лісу, зайца перадаюць не сапраўдныя якасці гэтых жывёл як біялагічных істот (воўк, напрыклад, зусім не дурны, як у шмат якіх казках, а надзвычай разумны звер), а характарыстыкі тых плямён, родаў, сем’яў, якіх яны татэмістычна персаніфікуюць. Возьмем вядомую ўсходнеславянскую казку «Заяц, певень і ліса». Тут у зайца была лубяная хацінка, а ў лісы ледзяная. Вясною хацінка лісы растаяла, і яна заняла зайцаву, яго ж самога выгнала, і ніхто з магутных звяроў не змог яму дапамагчы — толькі певень [75, І, 26–27]. Тут, як нам здаецца, гаворка ідзе пра барацьбу розных плямёнаў, прычым ліса ўвасабляе фіна-ўгорскі этнас, заяц — той неалітычны народ, які жыў на еўрапейскай тэрыторыі да прыходу індаеўрапейцаў, певень жа — тыповы арыец. Сказанае здаецца жартам і, сапраўды, напалову жарт, але, з другога боку, інакш не растлумачыш казачную спецыфіку, псіхалогію міфалагічных персанажаў. І ў беларускіх казках, насуперак тэзісу Б. Рыбакова, заяц выклікае шкадаванне, а зусім не адмоўную рэакцыю. Гэта таму, што ён увасабляе этнас, паглынуты іншым, больш пасіянарным, этнасам. Але табу на харчаванне татэмнай жывёлай засталося.
А вось у Польшчы захавалася, відаць, надзвычай старажытнае паданне пра Мацёрых Зайцоў у сакольскіх лясах, якія не паддаваліся нікому і самі палохалі паляўнічых, валодаючы магіяй, уменнем ператварацца ў розныя іншыя істоты [85, 298–300]. Падобнага кшталту легенда магла скласціся менавіта ў час актыўнага заваявання індаеўрапейцамі Еўропы, дзе яны сустрэлі моцнае супрацьдзеянне з боку мясцовых плямёнаў.
У Заходняй Еўропе стаўленне да зайца таксама надзвычай своеасаблівае. У сярэднявечным бестыярыуме (алегарычным звярынцы) зайцу адведзена не самае ганаровае, але вельмі прыкметнае месца. Калі мядзведзь падобны да чалавека фізіялагічна, дык заяц хутчэй псіхалагічна.
У сярэднявечным мастацтве ўвасоблены негатыўныя, грахоўныя рысы зайца — палахлівасць, залішняя сексуальнасць (таму трус — сімвал часопіса «Плейбой»). А вось у сялянскім фальклоры плоднасць зайца ўспрымалася выключна станоўча і ў вясельным абрадзе ўвасабляла будучы дабрабыт і шчасце новай сям’і. Шырока выкарыстоўваліся выявы зайца як сімвала адраджэння і ў велікоднай абраднасці. Стравы з зайца любяць французы.
Падобна матыльку і птушцы вобраз зайца ў Еўропе часта разумеўся як сімвал чалавечай душы. Ён замяшчае чалавека, яго мітуслівую душу, якая як бы пастаянна некуды імкнецца — бяжыць. На нашу думку, тут трохі іншае: парадаксальна злучаючы грахі і станоўчыя якасці, заяц у традыцыі робіцца сімвалам не столькі душы, колькі чалавека як такога, разам з яго грахоўным целам, — слабога, беспрытульнага.
Менавіта ў такім ракурсе можна разглядаць вобраз зайца ў заходняй літаратуры Новага часу: у «Алісе ў краіне цудаў» Луіса Кэрала заяц вечна спяшаецца і вечна спазняецца, а амерыканскі пісьменнік ХХ ст. Джон Апдайк прама называе свайго героя, звычайнага абывацеля, трусом (раман «Трус, бяжы!»), які паэтапна пазнае жыццёвую мудрасць.