Адно з лепшых увасабленняў зайца ў жывапісе — геніяльная гравюра знакамітага немецкага мастака эпохі Адраджэння Альбрэхта Дзюрэра «Заяц». Дзюрэр дасягае тут надзвычай глыбокага пранікнення ў прыроду свайго аб’екту, надаючы яму рысы сімвалічна-містычныя — якраз тыя, пра якія мы згадвалі.
Зноў вяртаючыся да мастацкай літаратуры, у прыватнасці дзіцячай, успомнім паэму «Дзядуля Мазай і зайцы» Мікалая Някрасава, «Скаргі зайца» Канстанціна Ушынскага, «Алёнушкіны казкі» Дзмітрыя Маміна-Сібірака, п’есу-казку Сяргея Міхалкова «Зайка-хвалько», апавяданні-казкі Віталя Біянкі. У вершы «Блытаніна» Карнея Чукоўскага толькі адзін заяц — на фоне агульнага бязладдзя — астаўся самім сабою, захаваў сваю сутнасць, не прэтэндуючы іграць іншыя ролі. У беларускай літаратуры Змітрок Бядуля выбірае менавіта Зайца ў якасці апавядальніка сваёй вядомай казкі «Сярэбраная табакерка».
Як бачым, міфалагічнае напаўненне вобраза аказалася настолькі глыбокім, што і ў сучаснай літаратуры заяц сустракаецца ў асноўным у літаратурных казках і ў творах міфалагічнага напрамку.
У нашым сучасным жыцці «зайцы» — не толькі безбілетныя пасажыры ў транспарце. Невыпадкова карыстаецца народнай любоўю выключна таленавіты мультыплікацыйны серыял савецкага часу «Ну, пачакай!» Архетыпова заяц — як бы кожны з нас, і яго дасціпны выхад з любой складанай сітуацыі, паказанай у кінастужцы, безумоўна, усяляе аптымізм.
Яшчэ больш амбівалентны персанаж — кот, але яго наўрад ці можна атаясамліваць з чалавекам — залішне гэта складаная індывідуальнасць (хоць вучоныя сцвярджаюць, што генетычна чалавек больш блізкі да ката, чым да малпы). І калі заяц ва ўяўленнях амерыканцаў — звычайны абывацель, хоць і са сваёй спецыфічнай мудрасцю, дык кот, бясспрэчна, арыстакрат жывёльнага свету.
Вучоныя-біёлагі амаль адзінадушныя ў думцы, што кот — апошні з прыручаных свойскіх жывёл. У старажытных арыйскіх Ведах нічога не гаворацца пра ката, значыць, у ІІ тыс. да н. э., калі арыйцы (ірана-славяна-балцка-кельцка-германскі субстрат) выйшлі на міжнародную арэну, кот яшчэ хатнім не быў. Больш за тое, нават антычныя аўтары не згадваюць пра яго — і гэта ў той час, калі ў суседнім Егіпце літаральна панаваў культ кошкі!
У Егіпце ёй былі прысвечаны шыкоўныя храмы, ёй служылі свае жрацы і вялікае кола вернікаў. Памерлых кошак бальзамавалі і хавалі на спецыяльных могілках. У ХІХ ст. археолагі знайшлі тут (каля горада Бені-Хасам) некропаль, на якім было пахавана 180000 кошак, прычым кожная ў асобным саркафагу. У выглядзе кошкі егпіцяне ўшаноўвалі багіню радасці, вяселля, Поўні і плоднасці Баст. Кошка-Баст была роднай сястрою самога бога Сонца Ра. У «Кнізе памерлых» нават вярхоўны Ра названы Вялікім Катом. У такім разе, робіцца зразумелым, што аб’ядноўвае зайца і ката як міфалагічных істот: абодва дэміургі — творцы свету (Ра менавіта дэміург), абодва звязаныя з Поўняй і надзвычай плодныя.
Культ кошкі ў Егіпце, сапраўды, уражвае. Яна лічылася добрым духам дома, яе любоўна бераглі. Падчас пажару найперш выратоўвалі кошку, а потым ўжо маёмасць. Смерць кошкі ў доме лічылася вялікім няшчасцем. А забойства кошкі, нават не наўмыснае, каралася смерцю.
Ішлі стагоддзі. Ужо тады, калі знікла старажытнаегіпецкая цывілізацыя і на змену ёй прыйшла арабская, кошка захоўвала сваё прывілігіраванае становішча. Ды нават сам прарок Магамет любіў кошак. А адзін з султанаў Егіпта — знакаміты Бейбарс (ХІІІ ст.), якога параўновалі з Цэзарам па смеласці і з Неронам па жорсткасці, так любіў кошак, што завяшчаў для іх у ваколіцах Каіра велізарны сад і значныя сродкі на ўтрыманне [31, 41–45]. У Егіпце кошак шануюць да нашага часу, лічыцца, што ў іх усяляецца добры дух, які прыносіць шчасце.
Са Старажытнага Егіпта кошак нельга было вывозіць пад страхам смерці. Таму ў іншых краінах яны з’явіліся даволі позна. Але, мы лічым, не толькі Егіпет быў цэнтрам адамашвання кошкі. Магчыма, тое ж адбылося на паўднёвым усходзе Азіі, таму і год быў адзначаны знакам кошкі.
У Еўропу кошка трапіла ў І ст. н. э. — упершыню пра яе згадаў грэчаскі гісторык Плутарх [31, 46–47]. Ужо ў V ст. катоў можна бачыць у роспісах посуду і рэльефах на манетах. Магчыма, распаўсюджанню кошкі ў яе асноўнай функцыі паляўнічай на мышэй перашкаджалі супернікі — вужы і ласкі, якія прыручаліся і жылі ў дамах антычнага Рыма. На Палессі вужы і сёння пасяляюцца пад падлогамі дамоў. А на знакамітай карціне Леанарда да Вінчы «Пані з гарнастаем», якою так ганарацца ў Польшчы (яна знаходзіцца ў Кракаве), паказана менавіта ласка, а не дзікі гарнастай. Але ўсё ж кошка як свойская жывёла ўпарта выцясняла іншых істот.