У шмат якіх краінах Еўропы таксама, як і ў Егіпце, кошак лічылі свяшчэннымі жывёламі. У нас нездарма ў новы дом спачатку ўпускаюць кошку — яна павінна забяспечыць дабрабыт і захаваць ад смерці членаў сям’і: як бы бярэ небяспеку на сябе. Па паводзінах кошкі ў вёсках гадалі: мыецца — да прыходу гасцей, царапае падлогу — да мяцеліцы ці дажджу, хавае пад сябе галаву — да марозу і г. д. У германцаў кошка была прысвечана багіні кахання Фрэйі, і дзяўчаты перад замуствам падкормлівалі кошак рознымі ласункамі. Ва ўсёй Еўропе кошкам прыпісвалі магічныя лячэбныя ўласцівасці, пра што сёння сведчыць і навука. Я памятаю час, калі ў вёсках літаральна ў кожным доме жыла кошка. А ў гарадах іх гадуюць сёння ўжо часта і для паказу, для ўдзелу ў выстаўках. У 2006 г. першае месца ў свеце па прыгажосці заваяваў менавіта беларускі кот.
Але насколькі кот шанаваўся ў народзе, настолькі ён выклікаў гнеў рэлігійных фанатыкаў. «Паляванне на ведзьмаў» у Еўропе (а распачата яно было не Царквою, а, як не дзіўна, універсітэтамі) суправаджалася і праследваннем усяго, што было звязана з язычніцтвам (паколькі яно ўпарта не здавалася), асабліва чорных катоў, у вобліках якіх пачалі бачыць самога чорта. Акрамя таго, кошка абагаўлялася на Усходзе, а ўсё, што ішло адтуль, лічылася нячыстым, ерэтычным і шкодным. А кот не без падстаў выклікаў сумненні: меў чорную поўсць і бліскучыя вочы, блукаў па начах, хадзіў нячутна… Кошак пачалі спальваць, закопваць жывымі ў зямлю, тапіць. Толькі ў Брытаніі да іх ставіліся прыхільна.
У народнай культуры беларусаў таксама захаваліся негатыўныя прыкметы, звязаныя з чорнымі кошкамі: яны як быццам жылі разам з вядзьмаркамі і маглі ў апошніх ператварацца (як у «Віі» Мікалая Гогаля), а калі перабягалі дарогу — гэта лічылася да няўдачы. Але ў нас кошак не знішчалі. І ўвогуле стаўленне да іх было больш прыязнае, любоўнае, хоць у прыказках адзначана дастаткова негатыўных рыс.
Казкі ж згадваюць пра ката-баюна, які ходзіць па слупу, абкручанаму залатым ланцугом, распавядае казкі, палохае і нават знішчае народ [5, І, 156]. Аляксандр Пушкін памяшчае «ката вучонага» на дубе, які, бясспрэчна, як і залаты слуп, сімвалізуе Прадрэва — Вось Свету. А значыць, і ў рускага паэта кот-баюн — дэміург. Але кот-казачнік — істота больш таямнічая, чым здаецца. Кот — блізкі родзіч рысі, а рысь, на нашу думку, татэмны продак некаторых славянскіх плямёнаў. Больш за тое, як ужо адзначалася, этнонім-назва «русы», магчыма, паходзіць ад «рысы».
Узнікаюць і іншыя думкі, звязаныя з незвычайным вобразам ката-баюна, які здаецца намнога больш старажытным, чым з’явіліся рэальныя кошкі на нашай тэрыторыі (прыкладна ў VІІІ ст.). Баюн так расказвае-спявае свае казкі, што як бы наркатызуе слухачоў, уводзіць іх у сон. Гэтым ён падобны да магутнага шамана: з дапамогай нейкіх своеасаблівых гукавых комплексаў гіпнатызуе народ. Часам людзі нават гінуць — калі інфармацыя ідзе на нізкіх частотах, як вядома, шкодных для чалавека. Гэткі ж эфект у Салаўя-разбойніка, які выкарыстоўвае свіст. Цікавым выглядае і падабенства слоў: Буян (райскі востраў у фальклоры) — Баян (знакаміты пясняр) — Баюн (чароўны кот, што замбіруе людзей).
У народных казках чалавек здольны ператварыцца ў ката. Такім героем з’яўляецца Іван Папялоў з беларускай казкі. Некаторыя казкі гавораць пра Івана-Кошкіна сына або Ката Катовіча, брата Івана Царэвіча. Прычым Іван Папялоў — пераможца пачвараў, значыць, тыповы змеяборца. Адсюль вынікае, што кот мае дачыненне да асноўнага індаеўрапейскага міфа касмаганічнага цыклу — пра змеяборства: барацьбы сонца з цемрай, лета з зімою, дабра з ліхам і пад. У іншых традыцыях, напрыклад, літоўскай, чорны кот — сам супраціўнік бога-грымотніка Пяркунаса [27, 382]. Гэта яшчэ раз гаворыць пра дваістую сутнасць персанажа і бясспрэчную важнасць яго ў міфалогіі.
У казках кот палохае ўсю грамаду лясных звяроў, а таксама выратоўвае слабых істот ад драпежнікаў, напрыклад, пеўня ад лісы. Надзвычай папулярную ўсходнеславянскую казку «Кот, певень і ліса» можна разглядаць і ў гістарычным плане (як барацьбу плямёнаў), і ў касмаганічным, дзе Певень — сімвал сонца, Ліса — агню (ці каметы, ці навальнічнай хмары), Кот — Месяца. Але астралагічна растлумачыць іх адносіны мы пакуль не адважваемся.
У міфалогіі важнае значэнне меў колер персанажаў. І калі чорны кот увасабляў чорта, і яго, сапраўды, баяліся, то залаціста-руды быў звязаны з сонцам (заяц таксама сімвалізаваў святло, хоць і не прамое, а адлюстраванае ад сонца). У адной з найбольш характэрных беларускіх казак — «Каток — залаты лабок» — кот жыве на дубе (сімвал Сусветнага Дрэва) і мае як залатыя, так і сярэбраныя атрыбуты, што ўказвае на яго сувязь і з Сонцам, і з Месяцам (успомнім Баст у Егіпце: яна сімвалізуе Поўню, але прама звязана і з Сонцам як яго сястра). Кот Максім у беларускай казцы і кот у ботах з «Казак братоў Грым» сваім розумам і хітрасцю ўсяго дасягаюць для сваіх лянівых і дурнаватых гаспадароў, робячы з іх багатых і шчаслівых людзей.